Будаўніцтва лініі электраперадачы стала найбольш важным прадметам абмеркавання двухдзённага першага Беларуска‑польскага эканамічнага саміта.
Як паведамляе «Gazeta Wyborcza», будаўніцтва лініі электраперадачы стала найбольш важным прадметам абмеркавання двухдзённага першага Беларуска‑польскага эканамічнага саміта.
Беларускі бок у Варшаве прадстаўляў віцэ‑прэм’ер Андрэй Кабякоў і міністр энергетыкі Аляксандр Азярэц. — Паляпшэнне беларуска‑польскіх адносінаў з першых дзён майго кіраўніцтва было высокім прыярытэтам, —адзначыў пасля прэм’ер‑міністр Польшы Дональд Туск.
Беларускія прадстаўнікі ў асноўным казалі пра будаўніцтва энергетычнага маста паміж дзвюма краінамі. Сёння ёсць дзве лініі электраперадачы, але яны невялікія. Першая — «Беласток‑Рось» магутнасцю 230 МВт. Другая лінія злучае Брэст і Вулька‑Дабрынская. Яна належыць прыватнаму інвестару і мае маленькую магутнасць — 120 МВт. Абедзве не працуюць.
Гэта сітуацыя хутка можа змяніцца. Польская энергетыка з 2013 года будзе яшчэ больш абкладзеная выдаткамі ў сувязі з выкідам ў паветра вуглякіслага газу. Энергетыка згодна з кліматычным пакетам ЕС будзе змушана купляць ўсё больш і больш правоў на выкід СО2. Але Беларусь не з’яўляецца чальцом ЕС, таму гэтыя стандарты яе не тычыцца. З гэтай прычыны Польша зацікаўленая ў імпарце электраэнергіі.
Адзін з самых багатых палякаў Ян Кульчык ужо вядзе перамовы з «Белэнерга». Яго кампанія жадае пабудаваць вугальную электрастанцыю ў Беларусі з магутнасцю прыкладна 1000 МВт. — Гэта праект коштам 1 млрд еўра, ток з электрастанцыі будзе накіраваны ў Польшчу, — кажа Марта Высоцка, адвакат холдынгу. — Вугаль таксама будзе прывозіцца і з Польшчы, а ўмовы яго дастаўкі, зразумела, будуць эканамічна эфектыўнымі. — дадае яна. Зараз Кульчык шукае партнёраў, якія змаглі б дапамагчы стварыць і фінансаваць станцыю. Невядома, ці абрала кампанія месца для будаўніцтва.
«Gazeta Wyborcza» таксама адзначае, што лінія спатрэбіцца і з‑за таго, што ў 2015 годзе ў Астраўцы, верагодна, будзе пабудаваная першая атамная электрастанцыя. Беларусь зараз больш прасунулася ў будаўніцтве АЭС, чым Літва, з якой Польша таксама будуе лінію электраперадачы.
Цяпер чытаюць
Ездзілі шукаць нават у БССР, а неапазнанае цела 30 гадоў ляжала ў спецсховішчы. Новыя дэталі загадкавага знікнення ў ЗША беларускага пісьменніка Міколы Цэлеша
Каментары