Культура

«Наша Міністэрства культуры існуе ў рэжыме нават не ХХ, а ХІХ стагоддзя». Пра што гаварылі і на што дамовіліся ўдзельнікі Беларускай рады культуры

Якія праблемы культуры застаюцца праз 1,5 гады пасля выбараў? Якім чынам іх можна вырашыць? Гэтыя і іншыя пытанні на паседжанні Рады культуры абмеркавалі разам са Святланай Ціханоўскай і Паўлам Латушкам 20 студзеня.

Ціханоўская: Мы прапануем абвясціць 2022 год Годам Францыска Скарыны

Святлана Ціханоўская ў сваім выступленні адзначыла асаблівую ролю культуры ў барацьбе беларускага народа за свабоду. Узгадала фільм «Кураж» Аляксея Палуяна, узнагароджанне «Знакамі гонару» археолагаў, якія знайшлі парэшткі Кастуся Каліноўскага, акцыі ў «Ноч расстраляных паэтаў» у дзясятках краін, масавую нацыянальную дыктоўку да Дня роднай мовы па творы Уладзіміра Караткевіча.

«Мы падтрымліваем кожную ідэю, ці ініцыятыву, ці праект, які ўмацоўвае беларускую ідэнтычнасць, папулярызуе нашу мову і нашу культуру, — падкрэсліла Ціханоўская. — Разам з Радай культуры мы прапануем абвясціць 2022 год Годам Францыска Скарыны, у яго межах запусціць шэраг праектаў. Гэта добрая нагода аб’яднаць рэпрэсаваных творцаў і нашых замежных сяброў».

«Ваш голас, голас прадстаўнікоў культуры, не менш важны, чым галасы палітычных лідараў ці грамадскіх актывістаў, і таму так важна захаваць і памножыць гэтыя галасы, а дэмакратычныя сілы робяць усё магчымае, каб паспрыяць гэтаму», — падсумавала лідарка дэмакратычнага руху беларусаў.

Латушка: На жаль, ЮНЕСКА увогуле не займае пазіцыю па сітуацыі ў Беларусі

«Нацыі без культуры няма, але нельга сабе ўявіць і дзяржаву без культуры», — сказаў Павел Латушка. Менавіта значнасцю намаганняў беларускіх творцаў ён тлумачыць беспрэцэдэнтны рэпрэсіўны ціск на іх з боку цяперашняй дзяржавы.

Таксама палітык звярнуў увагу на спрыянне міжнароднай супольнасці, але адзначыў, што «на жаль, ЮНЕСКА не займае адпаведную неабходную пазіцыю, увогуле не займае пазіцыю па сітуацыі ў Беларусі — усе нашы звароты (падпісаныя і лаўрэатам Нобелеўскай прэміі, і вядомымі дзеячамі культуры розных краін) не атрымалі адказу. 

Кіраўніцтва ЮНЕСКА адмовілася ад сустрэч і нават не адказвае на звароты нобелеўскіх лаўрэатаў. Тады паўстае пытанне: нашто нам патрэбная такая арганізацыя? Гэта мой заклік да найбуйнейшай, найбольш уплывовай арганізацыі свету звярнуць увагу на той жудасны стан у сферы культуры, інфармацыі, прэсы, які дзеецца ў Беларусі сёння».

Таксама лідар НАУ нагадаў пра абвешчаны міжнародны тыдзень беларускай культуры, акрэсліўшы запланаваныя івэнты па ўсім свеце, і дадаў: «Кожны дзень павінен быць днём культуры!»

Халезін: Наша Міністэрства культуры існуе ў рэжыме нават не ХХ, а ХІХ стагоддзя

Кіраўнік «Свабоднага тэатра» Мікалай Халезін лічыць, што

«наша Міністэрства культуры існуе ў рэжыме нават не ХХ, а ХІХ стагоддзя. Гэта нейкая структура пры цары, якая вызначае, каго трэба ўзнагародзіць (у тым ліку і фінансамі), а каго варта калі не пасадзіць у турму, дык проста выкінуць з поля культуры».

Халезін адзначыў, што механізмы культурнай палітыкі ў цывілізаваным свеце цяпер абсалютна іншыя, прыводзячы прыклад Вялікабрытаніі і Украіны, дзе асноўная роля ў сферы культуры кладзецца на грамадзянскую супольнасць і рознага кшталту ініцыятывы. «Культура — у полі грамадскім, ніякая культура не належыць дзяржаве!» — падкрэслівае кіраўнік «Свабоднага тэатра».

Жбанкоў: Ёсць вельмі моцная спакуса «таргануць» нашай ахвярнасцю

Журналіст і культуролаг Максім Жбанкоў іранізуе: «Я больш за ўсё баюся, што за лукашэнкаўскай таннай культурай прыйдзе культурка постлукашэнкаўская. Ёсць вельмі моцная спакуса «таргануць» нашай ахвярнасцю, прасунуць нашы пакуты за добры кошт.

Раней казалі: Беларусь — гэта Мулявін, Лукашэнка і МАЗ, цяпер кажуць: Беларусь — гэта культурніцкі тэрор. Гэта праўда, але гэта не ўся праўда».

Жбанкоў падкрэслівае важнасць працэсу стварэння новай культуры, не абмежаванай адзінай тэмай «пакутаў і тэрору». «Фатальна не хапае «нязручных» аўтараў», — акцэнтуе ён. — Культура — гэта ўсе мы, краіна — наш супольны праект».

Доўгушаў: Каб пазбегнуць сумневаў і пачуцця віны — я дзейнічаю

Спявак Сяржук Доўгушаў, які цяпер вымушана знаходзіцца ў Польшчы, дзеліцца:

«Каб пазбегнуць нейкага пачуцця віны, каб пазбегнуць нейкіх сумневаў — я дзейнічаю. Так склалася, што цяпер я раблю ў дзесяць разоў больш, чым нават рабіў у Беларусі».

Сяржук распавёў пра запуск «Спеўнага сходу» ў Варшаве і ў Львове летась, творчую рэзідэнцыю «Дом творцы» у Варшаве. Падкрэсліў, што адкрыты для прапановаў і гатовы ажыццяўляць любыя праекты на карысць бацькаўшчыны. 

Тры кіты: захаванне, прамоцыя і распрацоўка рэформаў

Усе сышліся на тым, што першасныя задачы беларускага грамадства на сённяшні дзень у галіне культуры наступныя:

  • захаванне рэсурсу. У тым ліку і падтрымка рэпрэсаваных творцаў;
  • прамоцыя беларускай культуры. Тут адзначаюцца дасягненні нядаўняга часу: БРК спрыяла немагчымасці прасоўвання прапаганды рэжыму праз «Еўрабачанне», фестываль «Лістапад», з'яўленне такіх праектаў, як «Бэйбус», дуэт Маргарыты Ляўчук і Андрэя Павука, казак з Маляванычам і інш.;
  • распрацоўка рэформаў у культурнай сферы ў новай Беларусі. Тут усе спікеры сыходзяцца ў адным: культура не мае кантралявацца дзяржавай, а задачы будучага Міністэрства культуры мусяць зводзіцца да мінімуму.

Чытайце таксама: Незалежны архіў VEHA стварае фотаальбом «Людзі лесу». Кожны можа ўзяць удзел

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

У Мінску пахавалі як ахвяр нацызму 75 чалавек, парэшткі якіх знайшлі каля былой дачы Цанавы. Але больш падобна, што гэта ахвяры саветаў

У Мінску пахавалі як ахвяр нацызму 75 чалавек, парэшткі якіх знайшлі каля былой дачы Цанавы. Але больш падобна, што гэта ахвяры саветаў

Усе навіны →
Усе навіны

Святлана Алексіевіч расказала, якую кнігу выпусціць наступнай. Яна не пра каханне, як планавалася раней23

Лукашэнка расказаў, што карова павінна стаяць у палацы і кожнаму неабходна «хоць па дзве баразёнкі» бульбы пасадзіць20

У Кіеве ўжо каля 100 пацярпелых падчас начнога ўдару1

Ізраіль забіў і новага кіраўніка Генштаба арміі Ірана. Ён займаў пасаду пару дзён7

У Мінску знікла пенсіянерка. Аказалася, што яна па просьбе «следчых» стала кур’ерам махляроў 

Якія банкі гатовы ўзяць у вас не самыя ідэальныя купюры

Што цяпер з архівам КДБ аб рэпрэсіях у БССР, які змаглі здабыць былыя сілавікі? Калі яго апублічаць?51

Беларускі піяніст узяў адразу тры прызы на конкурсе ў Валенсіі

«Патраціла 300 рублёў — а яшчэ толькі сярэдзіна чэрвеня!» Беларусы абмяркоўваюць выдаткі на пакос травы і дзеляцца лайфхакамі32

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Мінску пахавалі як ахвяр нацызму 75 чалавек, парэшткі якіх знайшлі каля былой дачы Цанавы. Але больш падобна, што гэта ахвяры саветаў

У Мінску пахавалі як ахвяр нацызму 75 чалавек, парэшткі якіх знайшлі каля былой дачы Цанавы. Але больш падобна, што гэта ахвяры саветаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць