Чыкагскія металісты назвалі свой гурт Minsk «з гістарычных прычын». Як свет адкрывае для сябе Беларусь? Піша Павал Касцюкевіч.

Чыкагскія металісты назвалі свой гурт Minsk «з гістарычных прычын». Як свет адкрывае для сябе Беларусь?
Мінск і Minsk
Мы часта наракаем, што ў свеце не ведаюць пра нашу краіну, пра яе гісторыю, культурныя славутасці. А вось для чыкагскага рок‑гурта Minsk сталіца Беларусі — крыніца творчага натхнення і мала не легенда. У адрозннене ад брытанскага гурта Belarus, які ў свой час узяў назву досыць выпадкова, амерыканцы зрабілі свой выбар на карысць Мінска свядома.
Minsk — металічны рок‑гурт, які стварыўся ў 2002 годзе. Музыка Minsk’а — гэта жорсткія рыфы, цягучыя мелодыі, у якіх точыцца водгулле рытуальных песняспеваў паганскіх культаў. Самі рокеры характарызуюць сваю музыку як «псіхадэлічны метал». У палітры гуку прысутнічаюць шаманскія бубны, гатычныя клавішы, прапушчаны праз кампутар змрочны вакал. У гучанні ёсць адценні самых розных стыляў, але ўсе іх перадаюць тэрмінам «постметалічная музыка». Нядаўна хлопцы з Minsk’а выпусцілі свой другі альбом With Echoes In The Movement Of Stone («З рэхам у руху камянёў»), cтаноўча прыняты крытыкамі і шараговымі прыхільнікамі «цяжкача». Як усякі сучасны рок‑гурт, яны выпускаюць майкі, на якіх стаіць назва «Мінск».
На пытанне, нашто называцца паводле беларускай сталіцы, лідар гурта Цімаці Мед адказвае: «Збольшага гістарычныя прычыны. Наш гітарыст Кліф Бэнет любіць гісторыю і назва — справа ягоных рук. Горад мае жыццяпіс, які мы палічылі вартым увагі і які поўніць нас натхненнем. Шматлікія акупацыі, разбурэнні і безліч прыкладаў гераічнага супраціву. Мы падумалі, што горад якраз і з’яўляецца сімвалам гэтых усіх рэчаў, а таксама аднаўлення і ўваскрашэння». Што ж да Беларусі, дык чыкагцы лічаць яе нечым накшталт Гіпербарэі: «Нам прыпалі да душы таямнічыя аспекты геаграфічнага становішча Мінска і яго культуры. Для нас, якія жывуць на зямной кулі, там дзе мы жывем, горад падаецца далёкім краем, дзе пануюць халады».
Планета Беларусь
У далёкай Арызоне амерыканская пісьменніца Лі Хоган назвала свой фантастычны раман «Беларусь». Дзеянне рамана і яго працягу («Ворагі») адбываецца ў далёкай будучыні на планеце, якая носіць назву Беларусь. Галоўны герой, Андрэй Міроненка, стварае там паселішча і абвяшчае сябе царом, маючы на мэце зрабіць з Беларусі ідэальную, няспраўджаную на Зямлі, Русь. Хоць сапраўдная Расійская імперыя даўно знікла, на планеце Беларусь ажывае яе сімвал: неавізантыйскі стыль (хай‑тэкаўскія хмарачосы з макаўкамі), а яе арыстакратыя абазнаная ў суплётах расійскай гісторыі. У футурыстычнай Беларусі побач з нанатэхналогіямі і зоркалётамі ажывае славянская міфалогія ў асобе ведзьмакоў і Бабы‑Ягі, галоўнага прарока планеты. У канцэпцыі яўна адбіўся стэрэатып, які паўстае, калі заходнікі даслоўна перакладаюць назву нашай краіны. Маўляў, нейкая зямля, населеная «белымі рускімі».
Усходнееўрапейская Гіпербарэя
Што ж вабіць у назве нашай краіны замежных творцаў? Як яны бачаць Беларусь? Паспрабуем падсумаваць. Па‑першае, прынамсі для англійскага вуха слова Belarus проста мілагучнае. Па‑другое, Беларусь для іх — гэта трошкі Расія і ўсё што з ёй звязана: неймаверныя сібірскія халады і расійскае бязмежжа (ва ўсіх сэнсах). Па‑трэцяе, Беларусь — краіна, без сумневу, таямнічая, кшталту містычнай Унутранай Манголіі, дзе рэчаіснасць пераплеценая са старажытнымі міфамі і магіяй; або легендарнай краіны Гіпербарэі, месца жыцця дабрашчаснага старажытнага народа. Нязнаны край, можа быць, загадкавейшы за больш зведаную Расію.
Саліст гурту Minsk назваў беларускую сталіцу халодным горадам, дарма што ў ягоным родным Чыкага не нашмат цяплей. Хоць мы знаходзімся ў цэнтры Еўропы, але нас усё ж называюць «далёкім краем». Нястача ведаў пра Беларусь нараджае таямніцу, а таямніцы, як вядома, натхняюць.
Цяпер чытаюць
«Лукашэнка павінен панесці адказнасць за саўдзел у расійскай агрэсіі». Міністр замежных спраў Украіны расказаў пра новую палітыку ў дачыненні да Беларусі
Каментары