Віктару Ганчарэнку паставілі задачу вывесці зборную Беларусі па футболе на топ-турнір
Нацыянальная зборная Беларусі з 1992 года яшчэ ні разу не прабівалася на чэмпіянаты свету ці Еўропы, нават не гуляла ў стыкавых матчах.

Першы намеснік старшыні Асацыяцыя Беларуская федэрацыя футбола Андрэй Васілевіч агучыў галоўную задачу Віктара Ганчарэнкі і каманды Беларусі, якую ён узначальвае.
«Сярод найбліжэйшых задач — выхад на топ-турнір. Найбліжэйшы — гэта чэмпіянат Еўропы. У прынцыпе, трапіць туды, улічваючы цяперашні фармат адбору, цалкам рэальна [у турніры ўдзельнічае 24 зборныя з 53‑х еўрапейскіх — НН]. А больш глабальныя і прыватныя задачы будуць пастаўлены і абмеркаваны ў лютым, калі адбудзецца лёсаванне Лігі нацый. Тады ўжо выбудуем стратэгію на найбліжэйшую восень і на ўвесь 2027 год, калі будзе праходзіць адбор на ЕЎРА», — адзначыў Васілевіч.
Віктар Ганчарэнка ўзначаліў зборную Беларусі 6 студзеня. Кантракт спецыяліста з АБФФ разлічаны да канца 2029 года.
Нацыянальная каманда Беларусі з 1992 года яшчэ ні разу не прабівалася на чэмпіянаты свету ці Еўропы, нават не гуляла ў стыкавых матчах.
Увосень 2026 года пройдзе чарговы розыгрыш футбольнай Лігі нацый. Зборная Беларусі гуляе ў дывізіёне С (трэцім па сілах), перамога ў якім можа даць пуцёўку ў стыкавыя матчы Еўра-2028. Лёсаванне Лігі нацый пройдзе 12 лютага 2026 года.
Адборачныя матчы да чэмпіянату Еўропы 2028 года пройдуць у наступным 2027 годзе.
Перад папярэднім трэнерам каманды Беларусі Карласам Алосам ставілася задача ў адборы да чэмпіянату свету 2026 годзе заняць другое месца ў групе з Шатландыяй, Даніяй і Грэцыяй, што дало б пуцёўку ў стыкі. Беларусь фінішавала на апошнім чацвёртым месцы, ні разу не перамогшы, двойчы згуляўшы ўнічыю і чатыры разы прайграўшы.
Каментары