Дзярждэп ЗША разгледзіць магчымасць уключыць Расію ў спіс спонсараў тэрарызму
Дзярждэпартамент ЗША разглядае магчымасць уключэння Расіі ў спіс дзяржаў — спонсараў тэрарызму, заявіў прадстаўнік ведамства Нэд Прайс. Пра гэта паведамляе CNN.

«Мы ўважліва вывучаем факты. Мы ўважліва вывучаем закон. Калі гэтыя меры будуць даступныя нам па законе, то мы іх выкарыстаем, як гэта будзе эфектыўна і мэтазгодна», — удакладніў Прайс.
Дзярждэп ЗША разглядае ўсе магчымыя варыянты і інструменты для прыцягнення Расіі да адказнасці за вайну ва Украіне, уключаючы прызнанне яе краінай-спонсарам тэрарызму, растлумачыў CNN іншы высокапастаўлены чыноўнік. Паводле яго, гэты працэс можа заняць некалькі тыдняў.
Па даных CNN, аб унясенні Расіі ў спіс краін — спонсараў тэрарызму прэзідэнта ЗША Джо Байдэна папрасіў украінскі лідар Уладзімір Зяленскі падчас нядаўніх тэлефонных перамоваў.
Размовы пра тое, каб уключыць Расію ў гэты спіс, вяліся ў ЗША і раней. У прыватнасці, у 2018 годзе на фоне «справы Скрыпалёў».
Дзяржавы-спонсары тэрарызму
У спіс краін-спонсараў тэрарызму трапляюць краіны, якія, на думку Дзярждэпа ЗША, «неаднаразова аказвалі падтрымку актам міжнароднага тэрарызму». Цяпер у гэты пералік уключаныя толькі чатыры дзяржавы ‒ КНДР, Іран, Сірыя і Куба.
Знаходжанне краіны ў спісе дае прэзідэнту ЗША магчымасці ўвесці дадатковыя санкцыі супраць яе або абмежаваць продаж зброі. Акрамя таго, статус краіны — спонсара тэрарызму дазваляе ЗША адмовіць такой дзяржаве ў эканамічнай дапамозе або зняць з яе прадстаўнікоў дыпламатычны імунітэт.
Каментары