Грамадства

Прастоі, праблемы са збытам. Што адбываецца на заводах у рэгіёнах Беларусі

Пасля пачатку расійскага вайсковага ўварвання ва Украіну многія беларускія заводы і фабрыкі сутыкнуліся з праблемамі, якія наўпрост закранулі іх працоўныя калектывы.

Паводле інфармацыі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі, у сакавіку і красавіку 2022 года ў краіне быў зафіксаваны рост прастояў і вымушанай няпоўнай занятасці. Кіраўніца ведамства Ірына Касцевіч лічыць, што вырашыць праблему можна часовым пераходам да іншага наймальніка, напрыклад, для ўдзелу ў сезонна-палявых працах.

«Чалавек таксама можа дадатковую капеечку зарабіць, калі ён яе страціў на сваёй вытворчасці», — заявіла Касцевіч у інтэрв'ю беларускаму дзяржтэлебачанню. Пра тое, як выглядае сітуацыя на прамысловых прадпрыемствах у рэгіёнах Беларусі, піша DW.

Санкцыі адбіваюцца на выпуску газавых пліт

Завод «Брэстгазаапарат» (гандлёвая марка Gefest) лічыцца адным з вядучых прадпрыемстваў у горадзе, яго кантрольны пакет акцый належыць расійскаму «Газпраму». Хоць асноўны рынак збыту прадукцыі прадпрыемства — гэта краіны постсавецкай прасторы (у прыватнасці, да нядаўняга часу на долю Gefest прыходзілася амаль палова продажаў газавых пліт у РФ), уведзеныя Захадам санкцыі таксама не абышлі бокам гэты завод.

«Брэстгазаапарат» актыўна выкарыстоўвае імпартныя камплектуючыя. Як распавёў DW работнік прадпрыемства Сяргей, запасы такіх камплектуючых падыходзяць да канца, а з новымі пастаўкамі ёсць праблемы. «Кіраўніцтва проста на прахадной арганізавала імправізаваную выставу: расклалі на сталах тое, у пастаўках чаго маюць патрэбу, і прымаюць дэлегацыі з Расіі», — паведаміў працаўнік «Брэстгазаапарата».

Пакуль на гэтым заводзе, дзе працаваць сярод брастаўчан заўсёды лічылася прэстыжным і выгадным, спрабуюць захаваць усе ранейшыя выплаты сваім супрацоўнікам. Аднак многія з іх з трывогай абмяркоўваюць, што здарыцца, калі пытанне з камплектуючымі ў найбліжэйшы час не будзе вырашанае.

Калі няма сыравіны і падаюць аб'ёмы — паменшыцца і зарплата

У «Санта» (ранейшая назва «Санта Брэмар»), іншай буйной Брэсцкай кампаніі, таксама з'явіліся праблемы з пастаўкай сыравіны і абсталявання. «Санта» спецыялізуецца на выпуску прадуктаў харчавання, але пасля пачатку вайны ва Украіне вымушаная была прыпыніць экспарт не толькі ў гэтую краіну, але і ў Польшчу, а таксама ў краіны Балтыі. Паводле інфармацыі прэс-службы кампаніі, пастаўкі ў названыя дзяржавы складалі да 10% ад усяго аб'ёму яе прадукцыі.

Акрамя таго, у «Санта» адзначаюць, што праз інфляцыю назіраецца зніжэнне пакупніцкай здольнасці на асноўных рынках — у Беларусі і Расіі, што выклікала зніжэнне аб'ёмаў вытворчасці яшчэ на 10%.

Гэта прывяло да таго, што прадпрыемства спыніла прыём на працу новых супрацоўнікаў. Пры гэтым «Санта» абвергла інфармацыю пра тое, што з кампаніі могуць быць звольненыя да тысячы чалавек.

Самі работнікі прадпрыемства на ўмовах ананімнасці кажуць, што адміністрацыя бачыць выхад з сітуацыі, якая склалася, у тым ліку, у адпраўцы людзей у адпачынкі за свой кошт. Зрэшты, пакуль гэта з'ява не масавая, але зніжэнне аб'ёмаў выпуску прадукцыі адаб'ецца на заробках супрацоўнікаў.

«Зразумела, што калі ў нашым цэху (дзе працуем з чырвонай рыбай) пастаўкі сыравіны моцна ўпалі, то і атрымаем мы ўжо зусім не тыя грошы, што было раней», — дзеліцца Аляксей, адзін з работнікаў «Санты».

Прастоі на Беларуськаліі

Адчуванне страты даходаў стала рэальнасцю і для жыхароў палескага рэгіёна, якія працуюць на Беларуськаліі. З райцэнтра Брэсцкай вобласці Лунінца да Салігорска — крыху больш за сотню кіламетраў. Такая адлегласць не лічылася перашкодай, паколькі заробкі ў беларускай сталіцы вытворчасці калійных угнаенняў пераважвалі ўсе астатнія нязручнасці.

Аднак цяпер, па словах лунінецкіх работнікаў Беларуськалія, сітуацыя выглядае зусім не вясёлкава. «Многія падраздзяленні цяпер прастойваюць — няма адгрузкі. Порт у Літве зачыніўся для нас праз санкцыі, а ў Адэсу калій таксама цяпер не павязеш — ва Украіне вайна», — тлумачыць Сяргей, які амаль дзесяць гадоў працуе на Беларуськаліі.

Паводле яго слоў, кіраўніцтва прадпрыемства абяцае, што пытанне вырашыцца пасля будаўніцтва партовага тэрмінала ў Расіі, але самі калійшчыкі разумеюць, што гэта планы зусім не бліжэйшай будучыні. У выніку амаль на ўсіх рудніках абвясцілі планавы рамонт, і вымушаны прастой адбіваецца на заробках.

Суразмоўца DW заўважае, што яго калегі ўжо сур'ёзна задумваюцца аб змене працы, бо не бачаць перспектыў заставацца ў Салігорску: «У мяне сям'я і я пакуль трымаюся, а хто маладзейшы — у актыўных пошуках. Усе ўсведамляюць, што санкцыі дзейнічаюць, як бы гэта ні спрабавалі схаваць беларускія ўлады».

У беларускіх металургаў праблемы з лагістыкай

Рабочыя яшчэ аднаго знакавага для Беларусі прадпрыемства — металургічнага завода (БМЗ) у Жлобіне, што ў Гомельскай вобласці — таксама звяртаюць увагу на тое, што праз праблемы на вытворчасці чакаюцца масавыя прастоі. «Адміністрацыя прапануе ў траўні браць адпачынак за свой кошт на некалькі дзён, а ў астатні час таксама можа быць няпоўная занятасць, а гэта, вядома, адаб'ецца на зарплаце», — канстатуе работнік прадпрыемства, які назваўся Алегам.

Паводле яго слоў, падобная сітуацыя была пару гадоў таму, і тады людзі шукалі варыянты працаўладкавання на аналагічных заводах у Расіі. Але цяпер наўрад ці да гэтага дойдзе, бо расійская металургія таксама апынулася пад санкцыямі.

Алег таксама звярнуў увагу на вялікія цяжкасці з транспарціроўкай прадукцыі са Жлобіна: раней значная яе частка для продажу ў Еўропу ішла па чыгунцы ў напрамку Адэсы. Пасля пачатку вайны ва Украіне гэты маршрут перастаў быць актуальным.

Кіраўніцтва БМЗ прызнае, што склалася напружаная сітуацыя, але абяцае паклапаціцца пра «ўзровень дабрабыту работнікаў». У афіцыйным Telegram-канале прадпрыемства з'явіўся каментарый гендырэктара завода Дзмітрыя Корчыка, з якога вынікае, што, нягледзячы на стабільна высокі попыт на прадукцыю, «ёсць аб'ектыўныя складанасці з лагістыкай, але ні пра якую аптымізацыю і скарачэнні гаворкі і блізка не ідзе».

Каментары

Цяпер чытаюць

«Губазікаўцы схіляюць Калеснікаву да высылкі, але яна не хоча»1

«Губазікаўцы схіляюць Калеснікаву да высылкі, але яна не хоча»

Усе навіны →
Усе навіны

Выступ гурта «Тэхналогія», які планаваўся сёння ў Плешчаніцах, адменены3

Кучук: Я два разы плакаў у камеры наўзрыд, каб зняць псіхалагічную напругу

Ціханоўская ляціць у ЗША. Што там плануецца?13

У вёсцы пад Мінскам прадаюць катэдж з лазняй, падобнай на гасцінічны нумар1

У манастыр Наталля Пяткевіч падабрала да хустачкі французскае паліто18

У Падмаскоўі загінуў кіраўнік кампаніі-пастаўшчыка кампазітных матэрыялаў для МС-21 і паранены будаўнік касмічнага цэнтра, адкрытага Пуціным3

Кібератака паралізавала працу аэрапортаў па ўсёй Еўропе2

У Траецкім прадмесці Мінска прадаецца кватэра плошчай 118 квадратаў1

Як склалася ў эміграцыі жыццё 22‑гадовай «тэрарысткі» Дануты Перадні, якую вызвалілі па памілаванні6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Губазікаўцы схіляюць Калеснікаву да высылкі, але яна не хоча»1

«Губазікаўцы схіляюць Калеснікаву да высылкі, але яна не хоча»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць