Свет

«Гэта не праблема Украіны». Што кажа ўкраінская міграцыйная служба наконт складанасцяў з дакументамі ў беларусаў падчас вайны

Іна Зайцава, «БЧБ-нявеста» з пратэстных мітынгаў, апошнія паўтара года разам з сям'ёй жыла ва Украіне. Цяпер у жанчыны не атрымліваецца працягнуць від на жыхарства — тэрмін яго дзеяння ўжо скончыўся, а каб адлік дзён пайшоў нанова і можна было падаць дакументы на новы тэрмін, трэба выязджаць з краіны і заязджаць зноў. Гучыць проста, але памежнікі папярэджваюць: беларуску назад не ўпусцяць. Выходзіць, жанчыну могуць дэпартаваць за парушэнне міграцыйнага заканадаўства. «Зеркало» звярнулася ў Дзяржаўную міграцыйную службу Украіны за каментарыем наконт таго, што рабіць беларусам у такіх сітуацыях. 

Ва Упраўленні па пытаннях пастаяннага і часовага пражывання іншаземцаў і асоб без грамадзянства адказалі, што такі закон, і яго трэба выконваць.

— Трэба адбыць неабходны час у краіне грамадзянства і потым вярнуцца.

— Многія беларусы не могуць вярнуцца ў Беларусь па палітычных прычынах.

— Мы не патрабуем ехаць дадому. Ёсць патрабаванне: пасля заканчэння віду на жыхарства замежнік павінен пакінуць тэрыторыю Украіны. Куды — не прадугледжана.

— Памежнікі адразу папярэджваюць людзей, што іх з беларускім пашпартам у краіну ўжо не ўпусцяць.

— Дык не толькі з беларускім пашпартам — з любым. Калі замежнік парушыў тэрміны знаходжання ва Украіне, ён павінен пакінуць тэрыторыю на тэрмін, неабходны, каб уезд быў законным. Мы і так ужо прынялі для беларусаў рашэнне, што яны ў нас свабодна знаходзяцца не 90 дзён на працягу паўгода, як грамадзяне ўсіх бязвізавых краін, а 180 дзён за год. 

— Калі ў беларускі быў від на жыхарства, дом ва Украіне, там жыве сям'я — што ёй рабіць?

— Што ў гэтым выпадку вы прапануеце — нам парушаць сваё заканадаўства, таму што чалавеку няма куды вяртацца? Пасля заканчэння пасведчання на права жыхарства іншаземец абавязаны пакінуць краіну на працягу сямі дзён. Калі ў замежніка нешта дзесьці не атрымліваецца — гэта не праблема Украіны. На працягненне пасведчання на права на жыхарства можна падаць дакументы не пазней, чым за 15 рабочых дзён да яго заканчэння.

У адказ на тое, што нейкі час пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання міграцыйная служба не працавала і не прымала дакументы, і з гэтай прычыны многія не змаглі іх своечасова падаць, супрацоўнік ведамства прапанаваў беларусам прыязджаць ва Упраўленне барацьбы з нелегальнай міграцыяй у Кіеве, дзе ўсе выпадкі «разгледзяць індывідуальна».

— Мы літаральна з 15 сакавіка працавалі ў штатным рэжыме. Калі там установяць, што гэты адрэзак часу перашкодзіў чалавеку звярнуцца за працягненнем віду на жыхарства, складуць на яго пратакол і не будуць прымаць рашэнне аб прымусовым вяртанні, далей няхай звяртаецца ва ўпраўленне замежнікаў — будзем яго пытанне разглядаць індывідуальна мы.

У службе дадалі, што працягваюць прымаць дакументы беларусаў на атрыманне і працягненне ВНЖ, таксама разглядаюць заявы тых, хто падаў іх яшчэ да пачатку вайны.

«Палітыка міграцыйнай службы была падобнай і да вайны, а цяпер пагоршылася»

Free Belarus Center, які дапамагае людзям, якія з'ехалі з-за палітыкі, уладкавацца ва Украіне, цяпер сумесна з праваабаронцамі, а таксама Адукацыйным домам правоў чалавека ў Чарнігаве збірае факты парушэння «ўкраінскага заканадаўства ў дачыненні да грамадзян Беларусі», распавядае каардынатар гэтага цэнтра Паліна Бродзік. Яна адзначае, што сустракаюцца дробныя выпадкі абраз, допытаў, аглядаў нашых суайчыннікаў ва Украіне, але больш за ўсё праблем, паводле яе слоў, якраз з працягненнем легалізацыі.

— З 24 лютага Міграцыйная служба Украіны доўгі час знаходзілася ў стане гібернацыі, скажам. І людзі не змаглі загадзя працягнуць тэрміны знаходжання: там адмаўляліся ў прынцыпе прымаць іх і спасылаліся на няспраўную электронную базу. Калі сістэма запрацавала, сказалі, што ў людзей пратэрмінаваны тэрмін і яны павінны пакінуць краіну, яшчэ ім выпісваюць штрафы.

Прыкладна з пачатку мая дзейнасць у дачыненні да замежнікаў аднавілі. Мы ўсе бачылі заяву кіраўніка ДМС аб аднаўленні прыёму дакументаў ад беларусаў для выдачы ВНЖ. Але па факце афіцыйная рыторыка супярэчыць рэальным дзеянням прадстаўнікоў гэтай службы.

За апошнія некалькі тыдняў арганізацыя атрымала шмат паведамленняў ад беларусаў, якія доўга жылі ва Украіне па часовым ВНЖ, прычым многія з іх яшчэ да падзеяў 2020-га, у некаторых ужо ёсць муж, жонка ці дзеці ўкраінцы.

— І ім адмовілі ў працягненні ВНЖ без якіх-небудзь на тое падставаў. Міграцыйная служба адмаўляецца тлумачыць свае дзеянні, таму незразумела, чым яна кіруецца.

Цяпер выкарыстоўваецца штамп, якога раней мы не назіралі, — чалавека абавязваюць «прымусова вярнуцца». Гэтае рашэнне можна абскардзіць, але гэта займае больш дзён, чым даецца для выезду. У людзей не застаецца выйсця, акрамя як выязджаць, вяртацца і працягваць тэрміны знаходжання — гэта было б адзіным правамерным рашэннем. 

Міграцыйная служба пераконвае, што яны могуць вярнуцца, але ж далей ужо разбіраецца памежная служба, і яны могуць расцэньваць гэты штамп на сваё меркаванне. З большай доляй верагоднасці іх не ўпусцяць у краіну.

Па словах Паліны Бродзік, міграцыйная служба Украіны не выходзіць на сувязь, магчымасці абмяркоўваць сітуацыю ў прадстаўнікоў цэнтра з ведамствам няма.

— Палітыка ДМС была падобнай і да вайны, а цяпер пагоршылася. Любая спроба камунікацыі з супрацоўнікамі на месцах заканчваецца хамствам з іх боку і адмовай прымаць дакументы. Былі выпадкі, калі грамадзяне нашай краіны спрабавалі заключыць шлюб з украінцамі і таксама атрымлівалі беспадстаўную адмову, на працягу некалькіх спроб іх дакументы супрацоўнікі ЗАГСа проста разрывалі. Гэтак жа паступае і ДМС — проста адмаўляецца.

Каардынатар цэнтра таксама дадала, што праблема легалізацыі ва Украіне актуальная і для байцоў палка Каліноўскага.

— У большасці з іх, калі яны пражывалі з часовым ВНЖ, на працягу года яго тэрмін скончыцца, і яны апынуцца без якога-небудзь легальнага статусу, акрамя як ваеннага. Адзіная абарона, якая ў іх цяпер ёсць, — гэта ваенны білет. Пры разрыве кантракта з УСУ яны аўтаматычна гэты «ахоўны шчыт» губляюць і ператвараюцца, па сутнасці, у нелегалаў. Пытанне з украінскімі пашпартамі для іх сапраўды абмяркоўваюць, але яно пакуль не зрушылася з мёртвай кропкі.

«Ніякіх праблем няма, калі ты прыехаў ва Украіну паміраць». БЧБ-нявесце Іне Зайцавай пагражае дэпартацыя з Украіны

Каментары

Цяпер чытаюць

Ураджэнец Беларусі ўзначаліў Масад12

Ураджэнец Беларусі ўзначаліў Масад

Усе навіны →
Усе навіны

Беларускія артысты напружыліся: з Новага года яны не змогуць працаваць як ІП — прыйдзецца аддаваць дзяржаве больш грошай8

У спіс забароненых прафесій для асуджаных за палітыку дадалі яшчэ адну3

Легендарны гімнаст Іван Іванкоў нечакана з'явіўся ў Мінску пасля доўгіх гадоў у ЗША і засумаваў па «вялікасці СССР»23

У цэнтры Гродна будуюць новы квартал. Але замест сучаснай архітэктуры — звычайныя панэлькі, як у спальніках8

«Вінаваты больш за ўсіх». Доктар, які пастаўляў кетамін акцёру Мэцью Пэры, атрымаў 2,5 гады турмы

«Не магу сказаць, што атрымаецца». Трамп хваліць перамовы Уіткафа ў Крамлі, але не ўпэўнены ў іх поспеху5

Учора аэрапорт у Вільні закрываўся двойчы

Пажылым карэйцам купляюць «робатаў-унукаў» — каб дапамагчы справіцца з адзінотай5

Нарвегія будуе самы доўгі і глыбокі падводны аўтамабільны тунэль у свеце1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ураджэнец Беларусі ўзначаліў Масад12

Ураджэнец Беларусі ўзначаліў Масад

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць