Грамадства

Працэс будзе закрытым. Пачынаецца суд над Ірынай Слаўнікавай

23 чэрвеня ў Гомельскім абласным судзе пачынаецца працэс над журналісткай Ірынай Слаўнікавай. Ёй пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі, нагадвае «Радыё Свабода».

Паводле СК, пры расследаванні крымінальнай справы нібыта атрыманыя доказы таго, што менавіта Слаўнікава была кіраўніцай «Белсата», прызнанага ў Беларусі «экстрэмісцкім фармаваннем».

Мела від на жыхарства ў Нямеччыне, але вярнулася ў Беларусь

Ірына Слаўнікава нарадзілася ў Гомелі ў сям’і вайскоўца. Паводле адукацыі яна эканаміст, скончыла «наргас» (цяперашні Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт). Працавала эканамістам у камерцыйных фірмах. У сярэдзіне 1990-х трапіла на пасаду бухгалтаркі ў газету «Беларуская маладзёжная» і паступова захапілася журналістыкай.

На пачатку 2000-х Ірына з'ехала з бацькамі ў Нямеччыну, атрымала від на жыхарства, жыла ў Нюрнбергу, але вытрымала там толькі год — вярнулася ў Беларусь. У інтэрв'ю «Радыё Свабода» ў 2003 годзе Ірына тлумачыла:

«Усё роўна я буду адчуваць сябе эмігранткай. Там проста не цікава і сумна. Там у мяне пастаянна была дэпрэсія, нічога не хацелася рабіць, нікога бачыць, таму я вярнулася сюды, у Беларусь… Туды — толькі ў госці. Жыць трэба тут, на радзіме, і спрабаваць штосьці змяніць».

Калі быў створаны тэлеканал «Белсат», Ірына пайшла працаваць туды. Пэўны час працавала ў праграме «Маю права». Аднак на момант затрымання журналістка ўжо працяглы час не супрацоўнічала з «Белсатам», а была штатнай супрацоўніцай польскага тэлеканала TVP.

Блізкія кажуць, што ў Ірыны абвостранае пачуццё справядлівасці. Сябры згадваюць, як у дзень выбараў, 9 жніўня 2020 года, Ірыну бліжэй да вечара прэвентыўна затрымалі. Прывезлі ў РУУС, на ўсе патрабаванні патлумачыць, за што яе трымаюць, нічога ўцямнага не сказалі. Як толькі прайшлі тры гадзіны, Слаўнікава ўстала, заявіла, што паводле закона трымаць яе больш не маюць права, і пайшла з РУУС. Міліцыянты былі настолькі агаломшаныя, што ніхто нават не адважыўся яе спыніць.

Працэс над Ірынай Слаўнікавай будзе закрытым. Сябры мяркуюць, што ўлады проста баяцца яе.

«І следчы, і дзяржабвінаваўца, і суддзя Доля, які выносіў прысуды Ціханоўскаму, Статкевічу, Лосіку, а цяпер будзе судзіць Слаўнікаву — яны, я перакананая, баяцца выглядаць бледна на яе фоне пры людзях, якія прыйдуць падтрымаць Ірыну, таму і зрабілі суд закрытым», — кажа сяброўка Ірыны Галіна.

Захапляецца дайвінгам, вандруе па экзатычных краінах

Ірына вельмі любіць вандраваць, наведваць розныя краіны (пабывала, акрамя еўрапейскіх краін, на Занзібары, у Кітаі, Мексыцы, Егіпце). Захапляецца дайвінгам, расказвае яе аднакурсніца і сяброўка Галіна.

«Гэта яна падаравала мне першую маску і трубку для нырання, а пасля плавання з тыгравымі акуламі ў Мексіцы пацягнула вучыцца дайвінгу. Усе нашы самыя незвычайныя вандроўкі ў экзатычныя краіны — гэта яе ініцыятыва. У яе ёсць талент знаходзіць туры «на край свету» па вельмі даступных цэнах. «Галя, ты не падрыхтавалася», — казала яна мне, калі мы прызямліліся, напрыклад, на Хайнані, і пачынала расказваць гісторыю вострава», — згадвае сяброўка Слаўнікавай Галіна.

Вельмі любіць жывёлаў, асабліва катоў

Сябры згадваюць смешны выпадак, як Ірына на шпільках і ў міні-спадніцы ганялася за варонай, адбіваючы ў яе маленькага верабейку. Сябе яна называе «кацінай мамай».

Спачатку ў Ірыны жыла котка рэдкай пароды «арыентал», якую завуць Прынцэса Саці. Другога ката — беспароднага Эпсілона, муж Ірыны знайшоў у траве сляпым кацянём і прынёс дадому. Ірына яго выкормлівала, выходжвала, насіла з сабой на працу, бо яго трэба было карміць кожныя тры гадзіны. Для кацяняці меркавалі знайсці новых гаспадароў. Але так атрымалася, што кот застаўся ў іх. Цяпер дваровы кот Эпсілон і пародзістая арыенталка Саці жывуць у Ірыніных бацькоў.

У Ірыны ёсць дарослы сын Міхал.

Ірыну Слаўнікаву і яе мужа Аляксандра Лойку затрымалі 30 кастрычніка 2021 года ў аэрапорце Мінска, калі яны вярталіся з адпачынку з Егіпта. Спачатку абаіх асудзілі на 15 сутак за «публікацыю ў Facebook экстрэмісцкага кантэнту».

Гаворка ішла пра матэрыялы «Белсата» перыяду, калі тэлеканал яшчэ не быў прызнаны экстрэмісцкім. Праз 15 сутак іх не адпусцілі, павезлі ў іншае РУУС, перазатрымалі нібыта «за дробнае хуліганства» і зноў далі па 15 сутак арышту. 26 лістапада 2021 года Ірыну Слаўнікаву прызналі падазраванай па крымінальнай справе і перавялі ў следчы ізалятар №1 на «Валадарку». Праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай.

Першапачаткова Слаўнікавай выставілі абвінавачванне паводле артыкула 342 КК РБ, частка 1 — «арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Потым журналістку абвінавацілі яшчэ і ў «стварэнні экстрэмісцкага фармавання» (арт. 361, частка 1).

Каментары

Цяпер чытаюць

«Толькі тры чалавекі будуць ведаць пра вас. Самы першы чалавек краіны». З'явіліся запісы размоў шпіёнкі Іны Кардаш з куратарам15

«Толькі тры чалавекі будуць ведаць пра вас. Самы першы чалавек краіны». З'явіліся запісы размоў шпіёнкі Іны Кардаш з куратарам

Усе навіны →
Усе навіны

Віленскі аэрапорт зноў закрылі праз шары з Беларусі1

«Мадура амерыканцы вывезлі з Венесуэлы таксама ў межах крымінальнай справы»4

«Нас гэта мала хвалюе». Эйсмант адказала, што думае пра крымінальную справу супраць Лукашэнкі24

«Лукашэнка павінен панесці адказнасць за саўдзел у расійскай агрэсіі». Міністр замежных спраў Украіны расказаў пра новую палітыку ў дачыненні да Беларусі24

На Сіцыліі пасля шторму цэлы горад апынуўся на краі прорвы2

У Беларусі прадалі тур на 10 дзён за дваіх амаль за 23 тысячы даляраў. Што за кірунак?4

У СІЗА КДБ апынуўся Мікалай Цырто, фігурант старой справы Беларусбанка. Другі раз — за палітыку2

Кітайскія хакеры на працягу некалькіх гадоў мелі доступ да мабільнай сувязі ўрада Вялікабрытаніі2

Галоўчанка не гуляе спецыяльна супраць даляра5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Толькі тры чалавекі будуць ведаць пра вас. Самы першы чалавек краіны». З'явіліся запісы размоў шпіёнкі Іны Кардаш з куратарам15

«Толькі тры чалавекі будуць ведаць пра вас. Самы першы чалавек краіны». З'явіліся запісы размоў шпіёнкі Іны Кардаш з куратарам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць