Свіслацкі вертыкальшчык расказаў пра здзекі з беларусаў у «панскай Польшчы». За тое самае сёння даюць пасады і ўзнагароды
На тэлеканале СТБ паказалі выпуск ток-шоў «Па сутнасці», прысвечаны даце 17 верасня, якую неўзабаве беларускі рэжым рыхтуецца другі раз адзначыць у якасці Дня народнага адзінства. Кіраўнік Свіслацкага раёна Аляксандр Вярсоцкі падчас эфіру маляўніча пераказаў бязрадасную рэчаіснасць жыцця часткі беларускага грамадства перад Другой сусветнай вайной пад польскай уладай. Але абразкі, ім намаляваныя, глядзяцца ў сённяшніх умовах вельмі двухсэнсоўна.

«Я вам проста выпадак з жыцця раскажу, які да глыбіні душы мяне ўзрушыў.
Моладзь у тую пару ўвечары сабралася паспяваць беларускія песні. На наступны дзень, можа быць, з гэтай кампаніі хтосьці знайшоўся, вось гэтая кампанія была выкліканая, па-нашаму, у міліцыю.
Што там, паліцыя была? Пастарунак. І там проста прыкладам аўтамата выбілі зубы. Вось такі вось метад выхавання быў», — наракае свіслацкі вертыкальшчык.
І працягвае:
«Другі момант хацеў бы назваць, пра які не магу маўчаць. У 1921 годзе
56 бацькоў свіслацкіх сабраліся і напісалі ліст, каб дазволілі дзецям навучацца на беларускай, на роднай беларускай мове. 110 школьнікаў гэтых 56 бацькоў. І атрымалі афіцыйную адмову».
А вядомы гісторык-прапагандыст з найбліжэйшага атачэння Лукашэнкі Ігар Марзалюк гэта ўсё падсумоўвае:
«Як шагрэневая скура скарачалась прастора беларускай культуры, знішчаліся беларускія школы».
Калі б гэтыя цытаты прывесці, не тлумачачы кантэксту і прыбраўшы даты, то наўрад ці людзі з ходу зразумелі б, што яны — не пра сучасную Беларусь з «беларускай» уладай, а пра рэчаіснасць амаль стогадовай даўніны ў чужой дзяржаве.
Каментары