Грамадства

Расійскаму журналісту Івану Сафронаву далі 22 гады калоніі

Маскоўскі гарадскі суд прызнаў былога спецыяльнага карэспандэнта «Коммерсанта» і «Ведамасцяў» Івана Сафронава вінаватым у дзяржаўнай здрадзе і прыгаварыў яго да 22 гадоў калоніі строгага рэжыму. Пракурор запытваў для журналіста 24 гады пазбаўлення волі.

Фота «Бі-бі-сі»

Сафронаву таксама прызначаны штраф у памеры 500 тыс. расійскіх рублёў (каля 21 тысячы беларускіх), паведамляе «Бі-бі-сі».

Івану Сафронаву 32 гады. Ужо больш за два гады ён знаходзіцца ў СІЗА «Лефортава» — яго арыштавалі ў ліпені 2020 года па абвінавачванні ў дзяржздрадзе.

На той момант Сафронаў працаваў у «Раскосмасе», куды ўладкаваўся на пасаду дарадцы кіраўніка дзяржкарпарацыі Дзмітрыя Рагозіна ўсяго за некалькі месяцаў да свайго затрымання.

Да прызначэння ў «Раскосмас» Сафронаў амаль дзесяць гадоў адпрацаваў спецыяльным карэспандэнтам у «Коммерсанте», а затым — у «Ведомостях». Ён пісаў пра расійскі абаронна-прамысловы комплекс, касмічную прамысловасць, экспарт расійскай зброі і ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва Расіі з замежнымі партнёрамі.

ФСБ абвінаваціла Сафронава ў перадачы сакрэтных звестак замежным спецслужбам, але пра тое, што менавіта ставілі ў віну Сафронаву, доўгі час не было вядома. На стадыі следства матэрыялы справы не паказвалі нават абароне журналіста, спасылаючыся на дзяржаўную тайну.

У жніўні выданне «Праект» апублікавала абвінаваўчае заключэнне па справе Сафронава. Паводле яго, журналіста абвінавачвалі ў тым, што ён нібыта перадаў грамадзяніну Чэхіі Марціну Ларышу і нямецкаму палітолагу Дэмуры Вароніну сем файлаў з сакрэтнай інфармацыяй аб вайскова-тэхнічным супрацоўніцтве Расіі з Лівіяй, Алжырам, Сербіяй і краінамі СНД, а таксама пра расійскую вайсковую кампанію ў Сірыі. ФСБ лічыць Ларыша і Вароніна супрацоўнікамі замежнай разведкі.

Ларыш у інтэрв'ю «Бі-бі-сі» адмаўляў дачыненне да чэшскай разведкі. Вароніна, які пражываў у Германіі, арыштавалі падчас яго візіту ў Маскву ў лютым 2021 года і таксама абвінавацілі ў дзяржздрадзе. Ён утрымліваецца ў тым жа следчым ізалятары, што і Сафронаў.

На адным з судовых пасяджэнняў па сваёй справе ён прызнаўся, што агаварыў журналіста. Вароніну прапанавалі пайсці на здзелку са следствам, і ён выдумаў куратара з пазыўным Wichser, што перакладаецца з нямецкай мовы як «дрочар». Аднак у СЗР пацвердзілі існаванне такога куратара.

Таксама з апублікаванага абвінаваўчага заключэння вынікае, што следчыя не знайшлі ніводнага чыноўніка, які перадаваў бы журналісту сакрэтныя звесткі. А інфармацыя, якую ФСБ кваліфікуе як дзяржаўную тайну, практычна ўся была ў адкрытым доступе ў той момант, калі Сафронаў, па сцвярджэнні следства, «перадаваў» яе замежжу, піша «Праект».

Усе пасяджэнні з красавіка праходзілі ў закрытым рэжыме. Пасля таго, як бок абвінавачвання запрасіў Сафронаву 24 гады пазбаўлення волі, адзін з яго адвакатаў, Яўген Смірноў, распавёў, што пракурор проста падчас перапынку ў пасяджэнні прапанавала журналісту прызнаць віну ў абмен на 12 гадоў пазбаўлення волі, але той адмовіўся.

І ФСБ, і Крэмль адмаўлялі, што справа супраць Сафронава звязаная з яго журналісцкай дзейнасцю. Аднак, як высветліла «Бі-бі-сі», сачэнне за Сафронавым у рамках справы аб дзяржаўнай здрадзе пачалі пасля скандалу з-за яго эксклюзіўнай журналісцкай публікацыі ў 2019 годзе.

Таксама ў распараджэнні «Бі-бі-сі» апынуліся два лісты егіпецкіх чыноўнікаў у расійскую Федэральную службу па ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве, якія былі адпраўленыя ўвесну 2019 года, пасля публікацыі ў «Коммерсанте» тэксту Сафронава і яго калегі Аляксандры Джорджэвіч аб пастаўках Су-35 Егіпту.

Гэтыя лісты ёсць і сярод матэрыялаў справы аб дзяржздрадзе ў дачыненні да Сафронава, распавёў адзін з яго адвакатаў Яўген Смірноў. Як вынікае з апублікаванага ў «Праекце» абвінаваўчага заключэння, следчыя з ФСБ размаўлялі з некалькімі сведкамі па справе менавіта пра тэкст Сафронава пра пастаўкі новага знішчальніка Су-35 егіпецкім ВВС.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Пасля Новага года можам апынуцца на вуліцы». Наведаліся ў шэлтар, які дае дах над галавой палітвязням, вымушаным пакінуць Беларусь3

«Пасля Новага года можам апынуцца на вуліцы». Наведаліся ў шэлтар, які дае дах над галавой палітвязням, вымушаным пакінуць Беларусь

Усе навіны →
Усе навіны

Пазняк: Беларусам выгадна перамовы правесці ў Менску118

«Я перакінуў дзяцей за борт». Як затануў «Адмірал Нахімаў», пры катастрофе якога загінулі тры беларусы1

Кампанія Stadler адмовілася паставіць цягнікі Беларускай чыгунцы16

«Узор крамлёўскай хлусні і пыхі». У Генштабе УСУ адрэагавалі на справаздачу расіян пра вынікі летняга наступу2

Пратэсты ў Інданезіі: загінулі мінімум трое, гараць будынкі рэгіянальных органаў улады1

Латушка: У Пяткевіч трэсліся рукі, галава, яна тупала, крычала: «Вы насаджаеце нацыяналізм»61

Як зменіцца вуліца Валгаградская: якія будынкі ўзвядуць і што добраўпарадкуюць3

Якім будзе першы тыдзень восені

Чым займаліся супрацоўнікі Акрэсціна да таго, як узначаліць месца катаванняў беларусаў?17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Пасля Новага года можам апынуцца на вуліцы». Наведаліся ў шэлтар, які дае дах над галавой палітвязням, вымушаным пакінуць Беларусь3

«Пасля Новага года можам апынуцца на вуліцы». Наведаліся ў шэлтар, які дае дах над галавой палітвязням, вымушаным пакінуць Беларусь

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць