Грамадства33

«Кожную цагліну мы чысцім і пускаем у работу». Налета ў Гродне на месцы былога піўзавода адкрыецца турыстычны цэнтр

Паўгода таму пачалася рэканструкцыя аднаго з самых буйных гістарычных аб’ектаў Гродна. Доўгі час комплекс будынкаў у самым цэнтры горада пуставаў і паступова разбураўся. І хоць былі спробы яго аднавіць, але справа не краналася з месца. Некалькі гадоў таму прыватная кампанія ў рамках СЭЗ «Гроднаінвест» пачала маштабныя работы. Пасля таго, як праект быў зацверджаны, сюды прыйшлі будаўнікі, піша «Звязда».

Чым ён знакаміты?

Па праўдзе кажучы, аб’ект даволі доўга мазоліў вочы сваім выглядам. Яго амаль немагчыма абмінуць — кожны, хто праязджае па Старым мосце праз Нёман, бачыць гэтыя абшарпаныя будынкі, часткова схаваныя пад сеткамі і тэнтамі. Здавалася, такому відовішчу не будзе канца. Далей — яшчэ больш. Пасля няўдалых аўкцыёнаў тут адбыўся пажар: згарэў дах самага старажытнага аб’екта — былога палаца. Праўда, дах гарадскія ўлады аднавілі, але ахвотных набыць аб’ект не знайшлося.

А між тым, комплекс сапраўды ўнікальны. Як расказаў загадчык аддзела навейшай гісторыі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Андрэй Вашкевіч, былы піўзавод уваходзіць у дзясятку самых старых будынкаў горада, да таго ж аб’ядноўвае два розныя па сваім прызначэнні аб’екты — некалі велічны палац і прамысловы бровар.

У аснове комплексу знаходзіцца былы палац Сапегаў і Агінскіх, будаўніцтва якога адносіцца да 80-х гадоў XVІІ стагоддзя. Такім чынам, цэнтральнаму аб’екту больш за 340 гадоў. Ёсць меркаванне, што гэта быў велічны па сваёй архітэктуры палац у стылі барока. Праўда, дасканала першапачатковы выгляд не ўдалося вызначыць, бо ніякіх інвентарных дакументаў ці апісанняў не захавалася. А першы малюнак дайшоў з XVІІІ стагоддзя, калі палац значна змяніўся.

«Гісторыя гэтага аб’екта звязаная з падзеямі канца XVІІ стагоддзя, калі ў Гродне пачалі праходзіць каралеўскія сеймы, а магнаты — будаваць свае палацы. Іх было даволі шмат. Захаваліся некаторыя часткі тых будынкаў у даволі перабудаваным выглядзе. Нямала такіх палацаў знаходзілася на так званым Падоле, забудове на берагах Нёмана, у тым ліку і палац Агінскіх, які таксама перабудоўваўся», — паведаміў Андрэй Вашкевіч.

А перабудаваў гэты комплекс у 70-х гадах ХІХ стагоддзя аўстрыйскі прамысловец, прафесійны півавар Юзаф Кунц. Ён разгарнуў тут даволі буйную вытворчасць піва. На тэрыторыі комплексу была ўстаноўлена паравая машына, абсталяваны памяшканні, з’явілася артэзіянская свідравіна з якаснай вадой. Запуск завода адбыўся ў 1877 годзе. Дарэчы, гэтую дату і сёння відаць на галоўным будынку. У савецкі час тут таксама была вытворчасць піва, але з-за нізкай рэнтабельнасці завод закрылі.

«Гродзенскі піўзавод аб’яўлены аб’ектам прамысловай спадчыны і ахоўваецца дзяржавай. У Гродне такіх будынкаў некалькі. Гэта былая кафлярня, а таксама тытунёвая і пальчаткавая фабрыкі, якія дзейнічаюць і сёння», — удакладняе навуковец.

Як ідзе рэканструкцыя?

У 2020 годзе былы піўзавод быў прададзены сумеснай кампаніі за 1,3 мільёна рублёў. Больш за год ішлі даследчая праца і ўзгадненне праекта. І леташняй восенню, нарэшце, распачалі рэканструкцыю.

Дырэктар будаўнічай арганізацыі Валерый Хутко ўспамінае, што яго вельмі ўразіў размах работ на аб’екце, а таксама заняпад старажытнага комплексу. Між тым абследаванне будынкаў давала надзею на іх аднаўленне. Быў зроблены аналіз сцен. Аказалася, яны даволі трывалыя, таўшчыня іх дасягае паўтара метра. Такія сцены, па словах будаўніка, мала дзе можна ўбачыць, хоць у арганізацыі ёсць досвед работы на гістарычных аб’ектах.

Цяпер тут актыўна ідуць работы. На месцы аварыйнай пабудовы ўзводзіцца аналагічны будынак, пад якім захаваўся старажытны падвал, ён таксама будзе задзейнічаны пасля рэканструкцыі. Своеасаблівы кампраміс паміж старым і новым.

Дырэктар будаўнічай кампаніі лічыць, што 20 працэнтаў работ ужо праведзена. Завяршаецца дэмантаж тых канструкцый, якія не маюць гістарычнай каштоўнасці. Прыводзяцца ў парадак фасады. Найбольш працаёмкай лічыцца рэканструкцыя старажытнага палаца. Будынак часта мяняў прызначэнне. Выкарыстоўваўся як склад і нават як жылыя памяшканні. Работы тут вядуцца з выкарыстаннем аўтэнтычных матэрыялаў.

«Усюды была сучасная тынкоўка, яе збілі, расчысцілі фасады, яна будзе класціся нанава, але знадворны фасад былога палаца застанецца ў старым цагляным выглядзе з гістарычнымі аркамі, — каментуе Валерый Хутко. — Хутка пачнём мантаж, будзем рабіць перакрыцці, таксама ў гістарычным выглядзе, з бэлькамі, столямі, каб максімальна паўтарыць атмасферу, якая была ў той час.

Унутры таксама застануцца фрагменты старажытнай кладкі. Цагліны старыя, ручной фармоўкі, на некаторых відаць адбіткі пальцаў работнікаў. І кожную цагліну мы чысцім і запускаем у работу. Імкнёмся максімальна захаваць гістарычнае аблічча, таму пры аднаўленні кожная цаглінка кладзецца адпаведна з патрабаваннямі Міністэрства культуры, якое курыруе рэканструкцыю аб’екта».

У часе работ быў знойдзены падвал, які не значыўся ў праекце. Гэтае старажытнае памяшканне было замуравана ў савецкі час. Праўда, нічога каштоўнага ў гістарычным сэнсе там не знайшлі, тым не менш, само памяшканне будзе задзейнічана ў будучым комплексе.

Усе падвалы будуць прыстасаваныя пад новыя патрэбы. Іх агульная плошча складае прыкладна 800 «квадратаў». Некаторыя засталіся яшчэ з ХVІІ стагоддзя і маюць столь вышынёй 5-6 метраў.

Звяртаюць на сябе ўвагу высокія цагляныя коміны. Па словах кіраўніка будаўнічай арганізацыі, яны прыведзеныя ў парадак, ачышчаныя, а вось металічны флюгер на адной з іх будзе мяняцца. Ён будзе зроблены па аналогіі з тым, што быў устаноўлены ў часы бровара Кунца.

На аб’екце працуюць тры будаўнічыя арганізацыі, якія павінны выканаць усе работы — ад пачатку і да канца. Магчыма, будоўля ішла б хутчэй, калі б не дэфіцыт кваліфікаваных рабочых. Ва ўсякім выпадку, мяркуецца, што комплекс пачне дзейнічаць налета.

Чым здзівяць наведвальнікаў?

Як сведчыць шыльда, рэканструкцыя будынкаў па вуліцы Заводскай, 2, былога бровара вядзецца пад шматфункцыянальны комплекс.

Контуры будучага аб’екта вызначаныя, усе тры будынкі задзейнічаныя ў рэканструкцыі.

Па словах намесніка дырэктара кампаніі ТАА «МБА Інвестмент» Аляксандра Заглубоцкага, гэта будзе вялікі гастранамічны корт. Мяркуецца размясціць тут 12-15 аб’ектаў харчавання рознага кірунку. Для дзяцей прадугледжана гульнявая пляцоўка. Асаблівая ўвага будзе надавацца культурнай прасторы. У памяшканнях і падвалах можна будзе пазнаёміцца з рознымі музейнымі экспазіцыямі, у тым ліку гісторыяй Гродна і развіццём броварства ў рэгіёне. Акцэнт робіцца на аўтэнтычныя экспанаты, знойдзеныя пры будаўнічых работах альбо якія захаваліся ў прыватных калекцыях.

Усе тры карпусы будуць злучаныя паміж сабой пераходамі і галерэямі. Па словах інвестараў, задача даволі складаная, бо на працягу стагоддзяў тут пастаянна штосьці перабудоўвалі. І зараз важна максімальна захаваць гістарычную частку і дабудаваць аварыйныя будынкі такім чынам, каб можна было іх рацыянальна выкарыстоўваць. Прадугледжана і вялікая паркоўка.

Мяркуецца, што комплекс пачне прымаць наведвальнікаў у наступным турыстычным сезоне. Тэрыторыя яго даволі значная — каля шасці тысяч квадратных метраў. Будзе абсталяваны спуск да Нёмана, з’явяцца праходы да палацаў на Замкавай гары. Такім чынам новы аб’ект будзе ўключаны ў адзіную гістарычную гарадскую прастору. Пазней пачнецца будаўніцтва гатэля.

«Тое, што цяпер адбываецца з аб’ектам, — гэта спроба спалучыць у сучасным прачытанні яго палацавы змест ХVІІ стагоддзя і броварны завод з яго прамысловай архітэктурай», — адзначыў навуковец Андрэй Вашкевіч.

Дарэчы, непадалёк ад карпусоў старажытнага завода мяркуецца аднавіць яшчэ некалькі гістарычных аб’ектаў, праўда, поўнасцю страчаных. Дзеля гэтага два ўчасткі выкупленыя інвестарамі каля харальнай сінагогі. Днямі прададзены былы Дом афіцэраў, аб’ект у стылі канструктывізму ў цэнтры горада. Вядуцца работы па аднаўленні будынка першай у Беларусі медыцынскай акадэміі.

Каментары3

  • Ганьба
    12.06.2023
    Вэлкам, расіянскія турысты! Насладзіцеся хараством Паўночна-заходняга края.
  • даведка
    13.06.2023
    Это одно из ключевых, что было поставлено в вину неожиданно уволенному гродненскому мэру по фамилии Гой.
  • Бобр
    13.06.2023
    Правильно, что построено не пропито

Цяпер чытаюць

У адкрытым доступе апублікавалі базу 4000 штатных супрацоўнікаў КДБ, імёны агентаў і інфарматараў не называюць19

У адкрытым доступе апублікавалі базу 4000 штатных супрацоўнікаў КДБ, імёны агентаў і інфарматараў не называюць

Усе навіны →
Усе навіны

Ліса і сабака разам апынуліся ў калодзежы ў Польшчы: ратавальнікі былі расчуленыя1

Кітайскі імпарт беларускага калію ў верасні ўпаў амаль утрая2

65‑гадовай пенсіянерцы з Мінска прысудзілі чатыры гады за каментары ў інтэрнэце30

У Фларыдзе выявілі снайперскую вышку з відам на самалёт Трампа3

Авіякатастрофа ў Ганконгу: грузавы самалёт з'ехаў з паласы ў мора, загінулі двое супрацоўнікаў аэрапорта

Галоўчанка заклікаў людзей не шарахацца, не панікаваць і пазбаўляцца ад даляра12

Беларуска пераехала са Слоніма ў французскую вёску, дзе працуе сядзелкай у мясцовых пенсіянераў — і шчаслівая ВІДЭА13

Трамп запярэчыў, што прымушаў Зяленскага аддаць Расіі ўвесь Данбас9

Картэж віцэ-прэзідэнта ЗША трапіў пад асколкі снарада3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У адкрытым доступе апублікавалі базу 4000 штатных супрацоўнікаў КДБ, імёны агентаў і інфарматараў не называюць19

У адкрытым доступе апублікавалі базу 4000 штатных супрацоўнікаў КДБ, імёны агентаў і інфарматараў не называюць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць