Меркаванні77

Інга Татур: «Калі я пачала верыць у Бога, то перастала баяцца»

Я ўсё дзяцінства чакала, калі пачну паміраць. А яшчэ я баялася надыходу моманту, калі я перастану хадзіць. Калі гэта здарылася, мне было 14 гадоў…

Я ўсё дзяцінства чакала, калі пачну паміраць. А яшчэ я баялася надыходу моманту, калі я перастану хадзіць. Калі гэта здарылася, мне было 14 гадоў…

«НН»: Распавядзіце, калі ласка, крыху пра сябе, пра сваю сям’ю.

Інга Татур: Я нарадзілася ў Бабруйску ў 1969 г. Пражыла тут усё жыццё. Тата ў мяне тутэйшы, ён нарадзіўся ў Бабруйску ў 1944 годзе, калі горад яшчэ вызвалялі. У іх вялікая сям’я, шмат братоў, сёстраў.

А маці ў мяне з роду Крукоўскіх. Захаваўся адзін стары фотаздымак прадзеда Паўла Крукоўскага — там ён, малады, у мундзіры афіцэра царскай арміі. Потым ён служыў і ў Чырвонай. Пабраўся шлюбам з Марыяй Міхневіч, у іх нарадзілася пяцёра дзетак. Мая бабуля Ніна была старэйшай дачкой.

Жылі яны вельмі заможна, працавалі многа. Арыштавалі прадзеда разам з ягонымі братамі ў гады «яжоўшчыны» — а пасля расстралялі. Сям’ю выслалі ў Бабруйск, дзе вельмі хутка памерла мая прабабка Марыя. Дом і маёмасць разрабавалі. Бабуля Ніна тулялася з малодшымі братамі і сястрычкамі па здымных кутах, працавала нянькай. Пісала нават Калініну, каб ён дазволіў прыняць дзяцей «ворага народа» ў школу‑інтэрнат. Дазволіў… А праз год пасля арышту Яжова майго прадзеда рэабілітавалі, пасмяротна.

«НН»: Калі вы згубілі магчымасць хадзіць? Як вы перажывалі гэты момант?

ІТ: Калі мне паўгода было, перахварэла нейкай хваробай. Дактары доўга не маглі разабрацца, чым я хварэю. Калі, нарэшце, даведаліся, у чым справа, мне ўжо было гадоў пяць. Я зразумела, пра што дактары размаўлялі з бацькамі. Яны казалі, што я хадзіць не буду, што хвароба будзе паступова развівацца, што я хутка памру. Я ўсё дзяцінства чакала, калі пачну паміраць. А яшчэ я баялася надыходу моманту, калі я перастану хадзіць. Калі гэта здарылася, мне было 14 гадоў.

Вельмі хутка, можа праз год, пачалі адмаўляць рукі. Уздымаю іх — а пальцы проста вісяць. А калі нейкія цягліцы перастаюць працаваць, то гэта, лічы, незваротна. Я спачатку вельмі перажывала, потым пачала маліцца. Я хаджу ў Евангельскую царкву, і там мы, калі молімся, рукі ўздымаем угару. Я кажу: «Вось бачыш, я нават не магу пальцамі паварушыць!» «А ты паспрабуй!» — нібыта чую ў адказ. Паспрабавала — пальцы трымаюцца трошкі — і падаюць. «А ты не засяроджвайся на іх! — у галаве такое. — Не засяроджвайся і ўсё, засяродзься на мне». Я пачала думаць пра Хрыста, маліцца. Малітву скончыла — і ўсё, працуе! На абедзвюх руках пальцы ажылі. Вось тады страх прайшоў. Ну, канечне, усё адно часам перажываеш, але гэта жыццё, і нават у такіх умовах трэба трымацца. Бо калі размазваешся — тады і размажашся. А калі трымаешся — дык і ўтрымаешся. Вось такія справы. Калі я пачала верыць у Бога, то перастала баяцца.

«НН»: Бог, царква — што яны значаць для вас?

ІТ: Як ужо сказала — можна размазацца, а можна трымацца. І тое, на чым ты трымаешся, — гэта Бог. Нядаўна так разважала: у Бібліі напісана, што словам Божым створаны нябёсы, сусвет, усё на гэтым слове трымаецца. Колькі людзей шукаюць, як жыць у гармоніі з сусветам. Яны абліваюцца вадой, мяса не ядуць, яшчэ нешта робяць, каб штосьці зберагчы, каб знайсці гармонію. А гармонія — яна ў слове Божым. Яна пачынаецца з твайго сэрца. Калі ў цябе ў сэрцы ці то крыўды, ці то нянавісць, ці горыч, боль —магчыма, нават справядлівая — няма ўжо той гармоніі з сусветам і няма зменаў, бо гэтыя пачуцці раз’ядаюць знутры. Як Ісус сказаў: Валадарства Божае ў саміх вас. Калі ты пачынаеш змяняцца з сэрца, то змяняецца і ўсё астатняе. Раней, калі я наведвала маладзёжную службу ў царкве, то вельмі перажывала, што я такая непрыгожая, са скаліёзам. Плакала шмат ад гэтага. У царкве такія дзяўчаты прыгожыя, а я… Аднойчы кажу: «Божа, ну зрабі мяне хоць на кроплю такой жа прыгожай». Доўга‑доўга малілася, хвілінаў пятнаццаць, звычайна ў мяне так доўга не атрымліваецца. Тады такое прыйшло: «Прыгажосць дачкі Цара ўнутры яе». Думаю: недзе я гэта ўжо чула. Ёсць такі псалом, але там не прыгажосць, а нейкае іншае слова. Але я прыняла гэта. Усё з сэрца чалавека ідзе. І ўпэўненасць, усё адтуль. Мы вельмі часта выгляд сабе малюем, антураж робім, а ўнутры гармоніі няма.

«НН»: Дарэчы, вас не крыўдзіць слова «інвалід»?

ІТ: Ды гэта ж немагчыма вымавіць: «чалавек з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі». Інвалід… Нармалёвае слова. Ну, дзякуй, што не калека, канечне! Я пра сябе кажу, што я інвалід, а вось іншых так назваць ужо баюся — а раптам чалавек пакрыўдзіцца? На самой справе, як бы ні называў, галоўнае — як ты ставішся да гэтага. А што да паліткарэктнасці, то яна часам гэтак зашкальвае ў людзей, што страчваецца цвярозасць.

«НН»: Як да вас ставяцца людзі на вуліцах у Бабруйску?

ІТ: Раней, калі я сама перасоўвалася па горадзе, у нас яшчэ было вельмі мала пандусаў.

Дык нашыя хлопцы — п’яныя, цвярозыя, лысыя, валасатыя, панкі — усе дапамагалі, каго толькі ні папросіш.
Ім гэта не цяжка, яны разумеюць, што трэба чалавеку дапамагчы. Нават калі сустракаеш чалавека, які насцярожана да цябе ставіцца — магчыма, ён проста сам баіцца. На самой справе, калі чалавека разварушыць, усё будзе добра.

«НН»: Як вы думаеце, з цягам часу, гісторыі, людзі робяцца лепшымі ці горшымі?

ІТ: Я думаю, што людзі заўсёды аднолькавыя. Пачытайце Апулея «Залаты асёл». Там такое ж, як і ў нас. Так што ўсё аднолькавае, проста чалавек сам па сабе мае схільнасць да таго, каб скатвацца ўніз. У расій¬скай мове ёсць паняцце «целомудрие», цэласны розум. Цяпер межы гэтага цвярозага розуму настолькі размытыя, што людзі не ведаюць, дзе добра, дзе кепска. Я вось цяпер размаўляю па інтэрнэце з адным хлопцам — гэта наркаман, з Алтайскага краю. Мяне ніколі тая Сібір не цікавіла. А тут сустрэўся чалавек, які кажа: «Хачу кінуць, і не атрымліваецца». Проста чалавек робіцца для цябе блізкі, і думаеш, як яму дапамагчы.

«НН»: А вашая беларускамоўнасць — адкуль яна?

ІТ: Ад Караткевіча. У сёмым класе сяброўка, суседачка, прынесла мне кнігу на расійскай мове «Каласы пад сярпом тваім». Я як пачытала… Закахалася ў гэтага Алеся Загорскага. Пачала шукаць іншыя кнігі Караткевіча — не знайшла на расійскай мове, на беларускай чытаць пачала. Вельмі цяжка было, бо ў нас у сям’і ўсё па‑расійску было, у школе я беларускую мову не вывучала.

Багдановіч потым мне патрапіў, «Маладзік», кніга яго. Я нават перапісвала яе. Чытаць я чытала, але не размаўляла. А потым, калі пайшла ў царкву, настолькі мяне слова Божае захапіла, то мне нічога больш не хацелася. Хіба што Дастаеўскага чытала. Калі мастацкая літаратура, то мне хацелася, каб яна была пра шляхі чалавека да Бога.

А потым проста ў малітве пачалі з’яўляцца нейкія новыя словы. Кажу: «Госпадзе, ласка твая». А сама думаю: што такое «ласка»? Потым: «Госпадзе, ты такі лагодны». А што такое «лагодны»? Пачалі беларускія словы выскокваць. Гэта адбылося ў вёсцы. Ведаеце, Бог тваё жыццё бачыць наперад. Ён ведаў, што мне гэта патрэбна, што мне гэта да сэрца.

Гутарыў Алесь Кудрыцкі

Глядзі таксама:
Алесь Кудрыцкі: Цуд з рухавічком

Каментары7

Цяпер чытаюць

Што ўяўляе сабой база даных, якую сілавікі называюць «узломам «Новай Беларусі»9

Што ўяўляе сабой база даных, якую сілавікі называюць «узломам «Новай Беларусі»

Усе навіны →
Усе навіны

У Парк высокіх тэхналогій прызначылі новага дырэктара1

Адышка ў Лукашэнкі цяпер ужо і калі ён гаворыць седзячы ВІДЭАФАКТ10

Матч футбольнай зборнай з-за кепскага стану поля перанеслі са стадыёна «Дынама» ў Барысаў

У Радуні на аўкцыёне прадалі будынак старой ешывы

«Рыхтаваўся да выезду, але не паспеў». Былога палітвязня паўторна затрымалі неўзабаве пасля выхаду з калоніі2

Расійскага «героя СВА» ў Стаўрапалі ўзарваў хлопец, з якім ён пазнаёміўся на рэсурсе для гей-знаёмстваў5

Сталі вядомыя акалічнасці забойства пад Оршай аднаго расійскага паліцэйскага другім6

Беларус прыехаў з Польшчы абнавіць пашпарт, а стаў фігурантам крымінальнай справы з забаронай на выезд. І пытанне не ў палітыцы5

Халодны май ударыў па клубніцах. Беларускія фермеры кажуць аб зніжэнні ўраджаю

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што ўяўляе сабой база даных, якую сілавікі называюць «узломам «Новай Беларусі»9

Што ўяўляе сабой база даных, якую сілавікі называюць «узломам «Новай Беларусі»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць