Кіно99

Расія паміж шаленствам і святасцю

Пра фільм Паўла Лунгіна «Цар» пішуць Алесь Кудрыцкі, Сяргей Мікулевіч, Алесь Пілецкі, Андрэй Расінскі і Наталка Бабіна.

Пра фільм Паўла Лунгіна «Цар» пішуць Алесь Кудрыцкі, Сяргей Мікулевіч, Алесь Пілецкі, Андрэй Расінскі і Наталка Бабіна.

Рандэву з Іванам Жахлівым

Тыдзень таму, сядаючы ў цягнік Мінск — Масква, я крыху хваляваўся. Не скажу, каб гэта была боязь, але… Ну што можа адчуваць чалавек перад тым, як упершыню ў жыцці едзе наведаць славяна‑азіяцкі мегаполіс, сучасны Вавілон з яго шырачэзнымі праспектамі, па якіх пралятаюць на сваіх чорных лімузінах апрычнікі ды баяры федэральнага ўзроўню, дзе па даўжэзных эскалатарах спускаюцца ў чэрава метро змрочныя орды гастарбайтэраў, а з‑пад колаў цягнікоў выскокваюць пацукі памерам з парсюка? Дзе ў кожным дворыку вядуцца міні‑войны паміж салаўямі‑разбойнікамі ў чорных масках ды купцамі, якія наіўна спадзяюцца схавацца ад куляў, загарнуўшыся ў собалевыя футры ад «Хуга Бос»? У горад, які сваім памерам намагаецца паказаць табе, што ты — казюрка, ты — нішто.

Натуральна, расійская сталіца выявілася зусім не такой, якой яе малюе немаскоўскае калектыўнае несвядомае.

Ніякіх мядзведзяў з балалайкамі ды гарэлкі з самавараў. Масква хоць і буйны, але даволі спакойны, несумненна цікавы і па‑свойму прыгожы горад. У архітэктуры Крамля адразу праглядаецца ўсходняя стылістыка, а ў храме Васіля Блажэннага зашыфраваныя рэнесансныя матывы. Красная плошча, якая ўяўлялася грандыёзным пляцам, у адрозненне ад Кастрычніцкае плошчы Мінска падаецца маленькай, амаль камернай, а маўзалей Леніна выглядае не велічным мармуровым зікуратам, а мізэрным пачкам запалак, перад якім мнецца з нагі на нагу ахоўнік, усміхаючыся сваім думкам. Ад няма чаго рабіць, ён нават зляпіў маленькую снежную бабу, паставіўшы яе на слупок агароджы перад маўзалеем.

Вось тут, у ваколіцах Краснай плошчы, я і пабачыў упершыню Івана Жахлівага.

Ён выйшаў ці то з музея, ці то з антыкварнай крамы і скоса, падазрона зірнуў на мяне. Пераапрануўшыся ў крывавага цара, нават звычайны прадавец ці экскурсавод пакрысе пачынае весці сябе адпаведным чынам.

Другі раз я сустрэўся з Іванам Жахлівым праз некалькі дзён пасля паездкі, у Мінску.

У зале кінатэатра «Беларусь» не было аніводнага пустога месца. На экране шалёна варочаў зрэнкамі Пятро Мамонаў, які пераўвасобіўся ў Івана Жахлівага ў фільме Паўла Лунгіна «Цар».

У фільме расказваецца пра два гады царавання Івана Жахлівага (1566‑1568), якія прыпалі на яго канфлікт з мітрапалітам Філіпам, а таксама на разгар Лівонскай вайны.

Дарэчы,

каб паказаць вайну, Павал Лунгін выбраў эпізод з бітвай за Полацк і зрабіў гэта надта хітра: рэжысёр апавядае не пра крывавае ўзяцце Полацка войскамі Івана Жахлівага, а пра яго «абарону» расійцамі ад беларуска‑польскага войска.

Усё пераварочвае адзіная фраза. Вой‑вястун кідаецца ў ногі цару з горасным крыкам: «Полацк здадзены! Палякі зайшлі з тылу, а горад ім сам дзверы расчыніў». Расійскія ваяводы, панурыўшы голаў, вяртаюцца у Маскву, дзе цар, за якога яны змагаліся, ужо вынес ім смяротны вырак.

Філіп, ігумен Салавецкага манастыра, едзе ў сталіцу на заклік цара. Чым бліжэй да Масквы, тым большае задуменне выклікае ў манаха тое, што ён бачыць. Перад яго вачыма паўстае крывавы балаган, масавае шаленства з царом на чале. У дзяцінстве Філіп і Іван былі сябрамі, і менавіта яго цар паставіў кіраваць царквой — каб потым забіць, зразумеўшы, што той не збіраецца танчыць пад царову дуду.

Іван Жахлівы ў выкананні Пятра Мамонава то моліцца, то балюе, а яшчэ ўвесь час мармыча, разглагольствуе, крычыць, шэпча.

Ён падобны да пачварнага разбэшчанага дзіцяці, які то палац без вокнаў ды без дзвярэй збудуе, то ляльку на кол пасадзіць, то заплача, то ў ладкі запляскае. Дарэчы, Івану Жахліваму надта цікава бавіцца з дзецьмі — яны для яго як цацкі, як талісманы, накшталт нацельнага крыжыка. Праўда, калі талісман не прыносіць цудаў, цар можа яго і на сметнік выкінуць. А яшчэ

ён увесь час хоча, каб яго любілі — не толькі апрычнікі, але і мітрапаліт Філіп, і народ, і Бог. Ды толькі сам цар любіць няздатны, а малітвы ягоныя — дыялог з самім сабой.
Іван Жахлівы падобны да ката і блазна адначасова. Ягоная душа не проста блукае — яна мітусіцца, нібы ў клетцы.

Мітрапаліт Філіп у выкананні Алега Янкоўскага (гэта была ягоная апошняя роля ў жыцці) — гэта сімвал царквы, якая лічыць царом Бога, а не цара — Богам. Ён супрацьпастаўляе простую любоў і чалавечнасць мудрагелістым філасофстваванням Івана Жахлівага, у якіх тэалогія мяшаецца з псіхапатыяй. Чым далей, тым больш відавочна, што для цара не існуе іншых людзей — толькі ён ды Бог, ды і той не слухаецца. Адзін цар, зусім адзін.

«Дзе мой народ?» — істэрычна скрыгоча зубамі, увесь счарнелы, Іван напрыканцы фільма, калі сядзіць адзін пасярод катавальнага мястэчка. Галоўны кашмар дэспата — прачнуцца і пабачыць, што навокал нікога няма.

Шпацыруючы па Краснай плошчы, я заўважыў на пляцы нейкую недарэчную канструкцыю — ці то каменны басейн, ці то трыбуну. З глыбіняў памяці ўсплыла напаўзабытая назва «Лобнае месца». Адсюль некалі зачытвалі царскія загады — каго на плаху, а каго ў кайданы. Тут і галовы адсякалі.

У некалькіх кроках ад Лобнага месца — цудоўны сабор Васіля Блажэннага, які, між іншым, збудавалі на загад Івана Жахлівага. Кажуць, дойліду пасля выкалалі вочы, каб той больш не збудаваў нічога падобнага. Так і стаіш паміж Лобным месцам ды саборам, у самым сэрцы Расіі.

Алесь Кудрыцкі

***

Цар і сантэхнік

Служыць тырану, спадзеючыся яго выправіць? Немагчыма!

Памылкай будзе разглядаць фільм «Цар» як гістарычны. Фільмы пра цара Івана ў Расіі выходзяць палітычныя, незалежна ад жадання аўтараў. Бо Іван Жахлівы на стагоддзі перадвызначыў шлях развіцця Расіі. Першы геапалітык імперыі, ён «прабіваў акно» да Балтыкі. Праўда, у той раз беларусы яго ад мора адкінулі.

Знішчыў Казанскае ханства, адкрыўшы шлях да каланізацыі Сібіры. Прыяднаў вестэрнізаваную Наўгародскую рэспубліку і здушыў сепаратызм.

Дыпламатычны стыль Івана Васільевіча дагэтуль жывы ў каментарыях Пуціна пра гальштук Саакашвілі, у заявах Лаўрова.

Дый пачутыя ў фільме праклёны на адрас караля Жыгімонта і здраднікаў, «купленых на наўгародскія грошы», гучаць вельмі сучасна. Калі замяніць польскага караля на амерыканскага прэзідэнта, а наўгародскія грошы на заходнія гранты.

Першы фільм пра Івана IV здымалі пры Сталіну. Паказаць гістарычную апраўданасць метадаў сталінскай улады ў ім не выйшла — сам матэрыял паўстаў супраць такой ідэі. У часы застою быў зняты другі — камедыя «Іван Васільевіч мяняе прафесію». Жарцікі з рэлігіі, маразм і распуста начальства, некампетэнтнасць «цара»… Брэжнеўская эпоха паўстае ва ўсёй прыгажосці.

Стваральнікі самага новага фільма пра цара ўсяляк намагаюцца сысці ад разважання пра сучасныя праблемы Расіі — настолькі ўніверсальнае шэкспіраўскае зло ўвасабляе Іван.

Гэта анты‑Лір: цар‑вар’ят, які распадаецца на чалавека і ўладара, ката і яго ж ахвяру, прагматычнага палітыка і містыка.
Дэспатычнае ў ім нашмат мацнейшае за асабістае: «Як чалавек я можа і грэшны, але як цар — бязгрэшны». Хто з дыктатараў не суцяшае сябе той самай думкай?

Яго антыподы ў фільме — высокадухоўны праваслаўны мітрапаліт Філіп і яго пляменнік, ваявода‑патрыёт, — спрабуюць выйграць у Івана па ягоных жа правілах. Служаць яму, спадзеючыся яго выправіць. Але іх рэцэпты не лечаць. Станоўчы ваявода Колычаў няблага б глядзеўся і ў расійскім баевіку пра чачэнскую вайну — варта толькі памяняць уніформу. А Філіп усё ратуе душу цара, заклікае «пакаяцца», «не ліць кроў». Але цар ужо даўно не чалавек, а частка дзяржаўнай сістэмы, якую не разбурыш простай асабістай заменай. Гэта добра бачна ў сцэне, дзе світа этап за этапам апранае Івана ў царскія шаты.

І скукожаны багамолец ператвараецца ў грознага дэспата. Цар перамагае Філіпа адным кіўком:

дае дысідэнту ўладу судзіць «ворагаў дзяржавы». І Філіп губляецца, не знаходзіць выйсця з пастаўленай пасткі.

Мітрапаліт гіне, здабыўшы маральную перамогу. Манастыр з манахамі, што схавалі яго цела, паляць апрычнікі. Дысідэнцкі шлях больш нікуды не вядзе. «Тут усю сістэму мяняць трэба», — казаў безыменны сантэхнік.

Сяргей Мікулевіч

***

Жахлівы чалавек і грозны цар

У Беларусі з яе ампутаванай гістарычнай памяццю для большасці насельніцтва ён — персанаж з вясёлай савецкай камедыі, які «Астрахань браў, а Шпака — не». Для тых, хто вывучаў гісторыю па кнігах Уладзіміра Арлова, ён — Іван Жахлівы, знішчальнік Полацка і заваёўнік беларускіх земляў.

Іван IV Васільевіч нарадзіўся ў шлюбе вялікага князя маскоўскага Васіля III і Алены Глінскай. Па бацькоўскай лініі паходзіў з дынастыі Івана Каліты, па матчынай — ад Мамая. Сам сябе Іван IV лічыў нашчадкам рымскага імператара Аўгуста.

Яго заваёвы, у выніку якіх тэрыторыя Масковіі павялічылася ўдвая, стварылі пра яго легенды. Між тым, сам каварны Іван амаль ніколі не ўдзельнічаў у паходах.

Сярод насельніцтва ВКЛ маскоўскі цар Іван Васільевіч быў вядомы альбо як «Маскоўскі», альбо як «Тыран».

Існуе меркаванне, што Іван IV быў псіхічна хворым, чым і тлумачыцца яго жорсткасць. Першага чалавека ён прыгаварыў да смерці ў 13 гадоў, аднак гэта было хутчэй прыкметай часу і моцнай улады.

Усё кіраванне цара Івана прынесла менш ахвяр, чым адна Варфаламееўская ноч. Рэпутацыю цар атрымаў хутчэй ад таго, што не грэбаваў асабістым удзелам у забойствах і гвалце.

Да беларускіх земляў у Івана было стаўленне адназначнае — яны павінны былі далучыцца да Масквы. Прычым не па рэлігійнай прыкмеце (з царквой у яго былі церці), а па гістарычнай. Выводзячыся ад Рурыка, ён лічыў сваім абавязкам «вярнуць» Полацк.

Такім ён і ўвойдзе ў нашу гісторыю — заваёўнікам.

Алесь Пілецкі

***

Кажаце, па‑руску будзе Жыгімонт?

Фільм не падаўся нейкім прарывам. Ён, канечне, выдзяляецца на фоне расійскіх серыялаў, што запаланілі тэлеэфір — але не больш за тое. Трыццаць год таму такія фільмы выходзілі ў СССР штомесяц. Але да «Сямнаццаці імгненняў вясны» або «Д’Артаньяна і трох мушкецёраў» ён проста не дацягвае.

Параўнанне з «Андрэем Рублёвым» Таркоўскага? Таркоўскаму, па‑мойму, удалося змадэляваць даўніну больш удала. Бо атмасферу далёкіх часоў немагчыма ўзнавіць толькі касцюмамі. Згубна для гістарычнага фільму, калі гісторыю трактуюць з палітычных і грамадзянскіх пазіцый сённяшняга чалавека — хай нават гэтыя пазіцыі знаходзяцца ў самым што ні на ёсць прагрэсіўным рэчышчы.

Пра што фільм? Кажуць, пра ўзаемаадносіны улады і царквы. Магчыма, расіянам гэты пасыл больш ясны, а мне ўсё ў гэтым фільме незразумела. Ён для тых, хто вельмі добра абазнаны ў расійскай гісторыі і расійскай сучаснасці. А я расійскую гісторыю ўжо забыла (так і цягне сказаць — дзякуй Богу), мае дзеці яе вывучаць не будуць. А ад расійскай сучаснасці мы аддзелены дзяржаўнай мяжой — хай сабе і не зусім паўнавартаснай. Чаму пра гэта мы маем гаварыць?

Канечне, Мамонаў, Кузняцоў ці Янкоўскі граюць прафесійна, а вось малодшыя, напрыклад, Дамагараў, Хаапасала ці Макараў трывала асацыююцца з дэтэктывамі і танцамі на лёдзе.

Што было б цікава мне, беларускай глядачцы, у гісторыі часоў Івана Жахлівага? Напрыклад, лінія, звязаная з узяццем Полацку, але Полацк прысутнічае ў фільме толькі ў выглядзе апораў мосту, якія рушацца, калі расійская дзяўчынка пускае да іх па вадзе праваслаўную ікону…

Мне была б цікавая гісторыя маці Жахлівага — Алены Глінскай, чый бацька і дзядзькі уцяклі да Масковіі з ВКЛ, здрадзіўшы свайму каралю… Але ў фільме гэтага няма.

Забаўна, што ў цітрах, якія папярэднічаюць непасрэдна фільму, напісана «польскі кароль Сігізмунд, па‑расійску — Жыгімонт». Жыгімонт — гэта, значыць, гучыць па‑расійску?

Як на мяне, дык лепш бы гэтыя мільёны даляраў, што пайшлі на фільм, аддалі тым, хто галадае зараз у Афрыцы. Але гэта ўжо непасрэдна фільма не датычыцца.

Фільм для расіянаў, беларусам не зразумець.

Наталка Бабіна

***

Расія: паміж шаленствам і святасцю

«Цар»
Расія, 2009, каляровы, 116 хв.
Рэжысёр: Павал Лунгін
Ролі выконваюць: Пятро Мамонаў, Алег Янкоўскі, Юры Кузняцоў, Аляксандр Дамагараў.
Жанр: Гістарычная трагедыя
Адзнака: 7 (з 10)

1565 год. Разгар Полацкай вайны. Цар Іван IV, зляканы ўяўнымі і сапраўднымі ворагамі, уводзіць апрычніну і залівае Масковію крывёю. Мітрапаліт Філіп, сябра дзяцінства Івана, уздымае голас за літасць і праўду…

Гістарычная трагедыя Паўла Лунгіна прасцейшая за знакамітую стужку Сяргея Эйзенштэйна. Сутыкненне дабра і зла падкрэсленае. Святло, сонца і кветкі ў манастыры; цемра, плаха і стогны — у катавальні.

Як героі‑панфілаўцы, стаяць ваяводы, баронячы захоплены ў беларусаў Полацк.

Зямлістыя, каржакаватыя, быццам выкапаныя з глыбінь апраметнай царскія апрычнікі. І адухоўленыя манахі, якіх паляць жыўцом.

Гэтая гістарычная стужка і трымаецца на двух постацях — Пятру Мамонаве і Алегу Янкоўскім.

Толькі Мамонаў здолеў непераўзыдзена сыграць цара‑параноіка. І толькі Янкоўскі з найвялікшай акторскай мудрасцю і пакорай паказаў на экране штодзённую жыццёвую святасць.

Лунгін раскрывае нам галоўную расійскую тайну, запачаткаваную ў крывавыя маскоўскія часы. У краіне, якая нат дасягненні заходняй цывілізацыі пераўтварае ў катавальніцкія механізмы, апошняя абарона ад самадурства ўлады — Бог, які дзейнічае праз сумленне. А барацьба ідзе за чалавечыя душы: з кім чалавекы — з царом зямным, ці Царом Нябесным? І вагаецца Расія паміж шаленствам і святасцю.

«Дзе мой народ?» — разгублена пытаецца цар.

Народ схаваўся.

Андрэй Расінскі

Каментары9

Цяпер чытаюць

Беларус, які ваяваў за Украіну, распавёў, чым яго зачаравала каханка Іна Кардаш, агентка КДБ3

Беларус, які ваяваў за Украіну, распавёў, чым яго зачаравала каханка Іна Кардаш, агентка КДБ

Усе навіны →
Усе навіны

Трансплантацыя броваў — новы трэнд. Каштуе некалькі тысяч даляраў, але загвоздка не толькі ў цане4

Прапагандыстка Лебедзева пахвалілася эксклюзівам з Марыупальскага тэатра, які Расія адбудавала з нуля, каб схаваць сляды ваеннага злачынства16

Што ўяўляюць сабой сухпайкі ў беларускім войску і за што іх крытыкуюць і хваляць?11

Нараджаецца менш дзяцей, бо праблемай стала зачаць. Вось што выявілі апошнія даследаванні, асабліва мужчынскага здароўя9

Беларусь стала галоўным пастаўшчыком рыбы ў Расію4

Учора — у лукашэнкаўскай турме, сёння — у Кіеве дапамагае ўкраінцам выжыць. Былы палітвязень і сваяк Ціханоўскай стаў валанцёрам у Пункце нязломнасці6

У Заляшанах ушанавалі памяць беларусаў, забітых на Падляшшы ў 1946 годзе9

Хочаце жыць доўга — шукайце раён з нармальнымі дрэвамі. Навукоўцы высветлілі, што дрэвы ратуюць ад інфарктаў, а газоны могуць нават нашкодзіць здароўю4

Дзе ў Беларусі будзе халадней за ўсё?2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларус, які ваяваў за Украіну, распавёў, чым яго зачаравала каханка Іна Кардаш, агентка КДБ3

Беларус, які ваяваў за Украіну, распавёў, чым яго зачаравала каханка Іна Кардаш, агентка КДБ

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць