Беларусы ў Польшчы і Літве вызначыліся, на што пойдуць сабраныя імі падаткі
Пілотны праект па лічбавым самакіраванні на платформе «Новая Беларусь» доўжыўся некалькі месяцаў, і, нарэшце, вызначыліся яго пераможцы.

У чым была сутнасць праекта? Беларусы, што жывуць у Польшчы і Літве, могуць самі запоўніць падатковую дэкларацыю і накіраваць пэўны працэнт сваіх падаткаў на дабрачыннасць — 1,5% у Польшчы і 1,2% у Літве.
Гэта прыкладна 20—30 еўра паводле сярэдняга заробку ў гэтых краінах.
«Новая Беларусь» прапанавала людзям выбраць, куды скіраваць гэтыя грошы.
У маі беларусы, якія плацяць падаткі ў Польшчы і Літве, маглі накіраваць адсотак на дабрачыннасць у фонды-партнёры «Новай Беларусі» («Тутака», Littouwin Lions Club і Fanimani), каб потым самастойна вырашыць, якую праблему беларускай супольнасці вырашыць на гэтыя грошы. Удзельнікі прапаноўвалі ідэі праектаў і галасавалі за іх.
Агулам у пілотны праект па лічбавым самакіраванні праз падаткі і ўнёскі пералічана 13 004,6 еўра ў Літве і мінімум 8 010 еўра ў Польшчы (дакладная сума будзе вядомая пазней).
У выніку перамаглі наступныя ідэі.
У Польшчы — англамоўны партал па гісторыі Беларусі.
Будзе створаны англамоўны партал, дзе будзе расказвацца пра гісторыю Беларусі так, як бачаць яе беларусы. «Мэта праекта — вярнуць Беларусь на гістарычныя мапы Еўропы, данесці наш погляд на гісторыю да ўсяго свету, падкрэсліць унікальных асоб і падзеі, з’яўленне якіх немагчыма патлумачыць па-за кантэкстам Беларусі», — тлумачаць аўтары ідэі.
У Літве пераможцай стала беларуская бібліятэка.
Створаць бібліятэку з сучаснай беларускай літаратурай для дзяцей і дарослых. «На базе бібліятэкі можна будзе арганізаваць іншыя актыўнасці: чытальны клуб беларускай літаратуры, запрашаць пісьменнікаў», — лічаць аўтары.
Што будзе далей
Пераможцы маюць ажыццявіць свае ідэі цягам года і зрабіць справаздачу.
Каманда «Новай Беларусі» прапануе аўтарам ідэй сваю экспертную дапамогу на ўсіх этапах рэалізацыі праекта. А ўсе ахвотныя змогуць назіраць за яго рэалізацыяй праз суполкі.
Усім беларусам, якія жывуць у эміграцыі і ў наступным годзе хочуць рэалізаваць так свой праект, каманда «Новай Беларусі» прапануе напісаць ёй на пошту [email protected].
Каментары