Культура11

Трапіў у няміласць да Кісялёва і бярэ прэміі ў Польшчы. Ільінчык — беларускі тэатральны рэжысёр, пра якога вы яшчэ пачуеце

Беларускі рэжысёр і драматург Мікіта Ільінчык жыве ў Польшчы з вясны 2022-га, і за гэты час ён не толькі набыў вядомасць у польскім тэатральным асяродку, але і бярэ мясцовыя тэатральныя прэміі. А да гэтага Ільінчык пашумеў у Расіі. «Наша Ніва» расказвае пра таленавітага беларуса, супраць творчасці якога выступіла расійская прапаганда.

Фота: Mikita Iłinczyk / Facebook

Ільінчык родам з Мінска, але пакінуў горад пасля маўклівых акцый пратэсту 2011 года. Тады 18-гадовы хлопец збіраўся паступаць на рэжысёра ў Акадэмію мастацтваў, але за палітычныя погляды Мікіту завярнулі: у акадэмію пазванілі, і яму паставілі двойку на экзамене. Праз гэта ён абраў для сябе расійскі ГІТІС, дзе правучыўся да 2020-га — спачатку на тэатразнаўчым, а потым на рэжысёрскім факультэце. 

Хлопец пісаў у фэйсбуку, што не адразу прыйшоў да беларушчыны: «10 гадоў таму Лукашэнка быў для мяне такім трэшава-ўгарным фонам, які мяне асабліва не датычыўся. І ўвогуле мне было пофіг на Беларусь. На маім стале тады была мапа свету, і я заклеіў контур Беларусі і напісаў слова «дупа».

10 гадоў таму мне не думалася, што гэты «прыкол» можа стаць часткай майго жыцця. Што маё дарослае, свядомае жыццё ўступіць у канфлікт з гэтым цыркам. Цяпер я садраў унутры сябе слова «дупа» і кожная мая праца пра мяне, пра Беларусь».

Як расказаў нам знаёмы Мікіты, тагачасны ГІТІС, галоўны тэатральны інстытут постсавецкай прасторы, запомніўся яму як дужа ліберальнае месца: «Там вучылася агромністая колькасць таленавітых рэжысёраў розных нацыянальнасцяў і культур. У іх быў інтэрнацыянальны курс, не кажучы пра інтэрнацыянальны паверх. Пастаянныя паездкі ў Грэцыю, Францыю, Эстонію, на курсе вучыліся людзі з Літвы, Манголіі, Грэцыі, Украіны, Беларусі».

У 2019-м Ільінчык прадставіў у мінскай майстэрні ОК16 спектакль пра Беларусь будучыні, заснаваны на вершах Вальжыны Морт — беларускай паэткі, якая жыве ў ЗША. Цяпер гэтая ідэя гучыць небывала, але ў ОК16 рэалізавалася і гэтая, і іншыя пастаноўкі беларускіх рэжысёраў. Пасля закрыцця ОК16 альтэрнатывы такому месцу няма. Нагадаем, што гэтая прастора была закрытая ў студзені 2021-га: афіцыйна — па рашэнні МНС, але ж насамрэч гэта быў толькі пачатак ліквідацыі незалежных культурніцкіх устаноў у Беларусі.

Фота: Mikita Iłinczyk / Facebook

Пасля ГІТІСа Ільінчык трапіў у маскоўскі Тэатр на Броннай, дзе паставіў спектакль «Спрыяльніцы» («Благоволительницы») паводле кнігі амерыканца Джонатана Літэла. Гэта адзін з найбуйнейшых раманаў XXI стагоддзя (і не толькі праз памер — 1360 старонак), вельмі шчырае і дыскусійнае выказванне пра Другую сусветную і пра ролю чалавека ў гістарычнай мясарубцы.

Ёсць папулярная цытата адтуль, якую часам згадвалі, расказваючы пра пастаноўку Ільінчыка: «Калі вы нарадзіліся ў краіне ці ў эпоху, калі ніхто не толькі не забівае вашу жонку і дзяцей, але і не патрабуе ад вас забіваць чужых жонак і дзяцей, усхваліце Бога і ідзіце з мірам».

Незадоўга да лютага 2022 года Мікіта вырашыў паставіць у тэатры «Вішнёвы сад» — класічную рускую п’есу, але пры гэтым сярод акцёраў павінна была быць трансгендарная актрыса — Наталля Максімава. Як расказваў нам адзін з удзельнікаў гэтай пастаноўкі, яна мусіла стаць пратэстам, актам контркультуры. «Добры тэатр — гэта не забава, а псіхалагічна-палітычны акт, дзе вы знаходзіцеся ў адной думцы. Вы можаце быць з ёй згоднымі, нязгоднымі, можаце знаходзіцца з ёй у дыялогу ці развіваць яе».

Тэатр ухваліў удзел Максімавай у спектаклі, і чатыры месяцы пастаноўку рэпетавалі. Але бліжэй да прэм’еры выйшаў ролік з прапагандыстам Дзмітрыем Кісялёвым, дзе той раскрытыкаваў спектакль: маўляў, гэта псаванне рускай класікі. Падключыўся расійскі Саюз тэатральных дзеячаў, і ў выніку спектакль паставілі без Максімавай.

Пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ГІТІС не пазбегнуў чыстак, шматлікія педагогі пакінулі Расію. Сярод іх быў і адзін з выкладчыкаў Мікіты Дзмітрый Крымаў, чые спектаклі знялі ў маскоўскіх тэатрах пасля таго, як Крымаў выступіў супраць уварвання ва Украіну.

Беларус таксама вырашыў пакінуць Расію і цяпер, як нам патлумачылі яго знаёмыя, увогуле не лічыць магчымым для сябе там працаваць зноў. «Ён паглядзеў сторыс сваіх знаёмых у інстаграме, якія 24 лютага сядзелі ў рэстаранах, то-бок ніякай рэфлексіі нават у інтэрнэт-прасторы. У 2020-м беларуская культура праяўляла сваю пазіцыю, але ў Расіі, калі пачалася вайна, выйшаў вельмі малы працэнт людзей.

Для Мікіты было немагчыма працягваць працаваць з грамадствам, дзе зусім няма эмпатыі, ён называў гэта эмацыйнай ампутацыяй». 

Фота: Mikita Iłinczyk / Facebook

З 2022-га Мікіта — рэзідэнт Тэатра польскага ў Быдгашчы. Таксама ён ладзіць уласны праект у Варшаве і плануе ў красавіку прэзентаваць польска-беларускую прэм’еру ў Эстоніі. 

18-19 кастрычніка ў Варшаве прайшла прэм’ера яго спектакля ЕММА — разважанне на тэму гуманітарнага крызісу на беларуска-польскай мяжы. Гэта прыклад польска-беларускай інтэграцыі, які атрымаўся неблагім. ЕММА трапіла ў спіс найлепшых праектаў сезона адразу ў трох намінацыях: найлепшы замежны тэкст, найлепшы рэжысёрскі і акцёрскі дэбюты.

Гэта не адзіная польская прэмія беларуса. Напрыклад, у кастрычніку 2021-га ў Быдгашчы ўручалі ўзнагароду «Аўрора. Драматычная прэмія горада Быдгашч», якая даецца за выбітны твор сучаснай драматургіі. Тады Мікіта перамог са сваёй п'есай Dark Room, а старшынёй экспертнага журы прэміі была Святлана Алексіевіч. Як нам расказалі блізкія Мікіты, гэтую прэмію беларус лічыць адной з галоўных падзей свайго жыцця.

Strefa Militarna — яшчэ адна нядаўняя прэм’ера Ільінчыка, гэтым разам не ў Варшаве, а ў Быдгашчы. Гэта перфарматыўная экскурсія — шпацыр па горадзе, вядомым сваімі вайсковымі аб’ектамі, сумешчаны з тэатральнымі элементамі. У Быдгашчы ёсць некалькі вайсковых часцей, найвялікшая ў Еўропе фабрыка баявога тратылу, а ў красавіку там знайшлі ракету, якая прыляцела з усходу.

У лістападзе Teatr Polski ў Быдгашчы прэзентуе яшчэ адну прэм’еру ад Мікіты — пастаноўку Fucking in Brussels. Гэта гісторыя пра страту веры ў метафарычны Брусель, якая адбылася шмат у каго з беларусаў пасля 2020-га, калі частка людзей была расчараваная недастатковай, на іх думку, рэакцый Еўрасаюза на падзеі ў Беларусі. Такое адчуванне ўзмацнілася пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну, калі беларусы хутка ператварыліся ў вачах еўрапейцаў з ахвяры ў суагрэсараў. Мы нарадзіліся на кантыненце Еўропа і адчуваем сябе еўрапейцамі, але нам быццам няма месца на гэтым кантыненце.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

«Вяртацца будзем не заўтра». Купалавец Алег Гарбуз пра гастролі ў Францыі, ролю Ашурка і трагізм часу

У Вільні паказваюць спектакль пра падзеі 2020-га. Аснова — п’еса Курэйчыка

«Ашаламляе». Крытыкі ў захапленні ад «Дзікага палявання караля Стаха»

Каментары1

  • бабруйчанін
    30.10.2023
    . І ўвогуле мне было пофіг на Беларусь. На маім стале тады была мапа свету, і я заклеіў контур Беларусі і напісаў слова «дупа».
    ???? А зараз нешта змянілась???у яго стауленні да Беларусі????Мне асабіста пофіг на падобных " творцау" якія узгадваюць Беларусь беларусау калі ім асабіста ху..д творчасць ні задалась

Цяпер чытаюць

Былога супрацоўніка контрразведкі КДБ арыштавалі за здраду дзяржаве5

Былога супрацоўніка контрразведкі КДБ арыштавалі за здраду дзяржаве

Усе навіны →
Усе навіны

Фінляндыя ініцыявала праверку, ці сапраўды аплачаная Еўропай амерыканская зброя ідзе Украіне

Вядомая расійская спявачка і яе беларускі муж, дарадца Кадырава, перавялі на лячэнне трохгадовай Ксюшы з СМА больш за 100 тысяч еўра4

Трамп прэзентаваў залаты трактар16

Гэтая актрыса атрымала найбольш «Оскараў» у гісторыі — але ніколі не прыходзіла іх атрымліваць3

У Варшаве сёння вялікі Марш да Дня Волі, панясуць 330‑метровы бел-чырвона-белы сцяг10

Цяпер вядоўцам трэвэл-шоу «Арол і рэшка» можна стаць за грошы. Колькі трэба заплаціць?1

Сталі вядомыя трое суддзяў, якія будуць разбіраць у Гаазе сітуацыю ў Беларусі4

Віцэ-міністр замежных справаў Польшчы: Мы ніколі не пагодзімся на Беларусь як частку рускага свету14

Экс-прэм'ер Літвы: Лукашэнка ўяўляе, што злавіў Бога за бараду11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Былога супрацоўніка контрразведкі КДБ арыштавалі за здраду дзяржаве5

Былога супрацоўніка контрразведкі КДБ арыштавалі за здраду дзяржаве

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць