Культура

Год без Ніны Мацяш

Год таму, 19 снежня 2008, гэты свет пакінула паэтка Ніна Мацяш. Пра апошнюю сустрэчу з ёй ўспамінае паэт Алесь Каско.

Год таму, 19 снежня 2008, гэты свет пакінула паэтка Ніна Мацяш. Пра апошнюю сустрэчу з ёй ўспамінае паэт Алесь Каско.

— Зусім нядаўняя страта блізкага чалавека, сябра змушае згадваць перад усім апошнюю прыжыццёвую сустрэчу. Гаворку вочы ў вочы, няхай абое мы тады вочы раз-пораз вінавата і разгублена апускалі… Тое было ў лістападзе 2008 года ў Пінску падчас уручэння Брэсцкім аблвыканкамам літаратурнай прэміі імя У.Калесніка. Сярод лаўрэатаў былі і мы ўтрох: я, Мікола Пракаповіч ды сумна адсутны Міхась Рудкоўскі, аўтары зборніка «Трохперсце». Ніна Восіпаўна сама праз публікацыі ў абласным друку вылучыла нас. Яна, новы кіраўнік аддзялення СБП, праяўляла зайздросную актыўнасць. За кароткі час проста маланкава заснавала альманах «Жырандоля», уклала і адрэдагавала першы яго выпуск, узялася за другі. Творча дапамагла не аднаму аўтару. Правяла прынцыповую, як здавалася Ніне і ўсім нам, перапіску з чыноўнікамі аблвыканкама… Перапіска закранала акурат прэмію Калесніка, афіцыйна яшчэ не зацверджаную тады. Ніна Мацяш пратэставала супраць «инструкции о порядке присуждения премии», што прадугледжвала «обязательное членство кандидата», зразумела ў якім аддзяленні якога Саюза пісьменнікаў. А таксама супраць маніпулявання сумленным і чыстым імем Настаўніка. Адказ з аблвыканкама быў для паэткі ашаламляльны: з абяцаннем «удасканаліць умовы спаборніцтва».

«У мяне акцэнт пра маральнасць, у іх — на ўдзел у спаборніцтве за прэмію, — абуралася Ніна ў лісце да мяне. — Што да ўдзелу-няўдзелу, мой выбар адназначны — ігнараваць».

Але пасля непасрэднай размовы з намеснікам старшыні аблвыканкама, які прыязджаў да яе ў Белаазёрск, тая катэгарычнасць саступіла амаль роспачнасці. Памятаю яе тэлефонны званок. «На жаль, мы спазніліся што-небудзь перайначыць, а дарагое імя аддаваць на водкуп нельга. Давай паспрабуем паўдзелнічаць, а там — пабачым».

Пробным каменем і аказалася «Трохперсце». І вось стаім з Міколам Пракаповічам на сцэне Палескага тэатра. Пачуваемся голымі каралямі перад афіцыйна сабранай публікай, поруч з тымі, каго і літаратарамі цяжка назваць, ды з тымі, хто перашмыгнуў дзеля падобнага ўганаравання ў новы саюз…

Я спусціўся са сцэны. Адшукаў Ніну Мацяш. «Віншую!» — з ніякаватай усмешкай сказала яна. І гэтак сама я падзякаваў. Абое разумелі, што памыліліся, што сітуацыю трэба будзе абмеркаваць на першым сходзе сяброў аддзялення. Хоць я і не ўяўляў, як буду схіляць іх да адмаўлення ад ўдзелу ў далейшым «спаборніцтве за прэмію», калі сам яе ўжо атрымаў?.. Нашу і без таго марудную гаворку іншы раз перапынялі журналісты, найперш тыя, хто займеў білет члена СПБ.

«Як, Алесь, і табе далі прэмію? Ніна, Алесь, і вы ўжо з намі?» Тады я спаўна адчуў, як гэта быць у становішчы Рыбака з вядомай аповесці Васіля Быкава.

У канцы восені 2009 года прайшло чарговае ўручэнне прэміі імя У.Калесніка, на якое я не паехаў, хоць і быў запрошаны. Зноў на сцэне сярод астатніх стаялі нашы: сябар-празаік ды пляменнік Ніны Восіпаўны — замест яе самой, каб атрымаць прэмію, прысуджаную за кнігу, якой яна не пабачыла.

Як пачувала б сябе паэтка? Ці проста адмовілася б ад уганаравання? Ніхто цяпер ужо не скажа…

* * *

Ніна Мацяш. Сябрыне

Не знадзейвайся. Перажыві.
Хоць якая, ды ёсць патоля:
Намарозіць радня па крыві —
Адагрэе радня па долі.

Скруха — зашмаргай… Перарві.
Ёсць лагода на боль, на скруху:
Адрачэцца радня па крыві —
Паратуе радня па духу.

Праўду гэту — як ёсць — прыві
Да сцяжыны далейшага руху.
Будзь здарова, радня па крыві.
Будзь бяссмертна, радня па духу!

Каментары

Цяпер чытаюць

У Мінску завяршылі будаўніцтва пяцізоркавага гатэля на месцы колішняга «Белэкспа»9

У Мінску завяршылі будаўніцтва пяцізоркавага гатэля на месцы колішняга «Белэкспа»

Усе навіны →
Усе навіны

Гран-пры фестывалю «Лістапад» аддалі расійскаму фільму, а прыз Лукашэнкі — кітайскаму1

Блогераў, якія прагулялі мільён дабрачынных грошай, адпусцілі дахаты23

Пад Мінскам хочуць стварыць музей крыжоў пад адкрытым небам. Знайшлося месца і для вусатай бабы6

Дажыліся: пагалоўе свіней у Пскоўскай вобласці ў 6 разоў большае, чым у Віцебскай17

Былую настаўніцу з Магілёва, якая перайшла ў SMM, асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»2

Зяленскі: У Пакроўску 314 расійскіх вайскоўцаў. Украінскія СМІ: Гэта шмат, Пакроўск сыплецца1

Лукашэнка даў указанні адносна дзеянняў на мяжы з Літвой. Якія — пакуль няясна7

Тызенгаўзы супраць Радзівілаў: даходзіла да прамысловага шпіянажу

Какава пры сядзячай працы ратуе лепш за фітнэс? Нечаканыя вынікі даследавання4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Мінску завяршылі будаўніцтва пяцізоркавага гатэля на месцы колішняга «Белэкспа»9

У Мінску завяршылі будаўніцтва пяцізоркавага гатэля на месцы колішняга «Белэкспа»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць