Грамадства55

«Людзі выйшлі ў двор пагрэць ваду ў кацялку, а расійскі снайпер прастрэліў посуд, каб паздзекавацца». Беларускі паэт пра жыццё ў Бучы

Наколькі боязна жыць цяпер у Бучы, якая ў першыя дні вайны ператварылася ў пекла? Сваімі ўспамінамі і назіраннямі з «Нашай Нівай» падзяліўся беларускі паэт Сяргей Прылуцкі, які жыве ў гэтым прыгарадзе Кіева.

Сяргей Прылуцкі. Тут і далей фота з яго фэйсбуку

Невялікі гарадок Буча ў 2022 годзе трапіў у навіны сусветных СМІ — ён апынуўся ў эпіцэнтры бітвы за Кіеў.

Сям'я Сяргея пасля ўварвання расійскай арміі ва Украіну заставалася ў Бучы каля двух тыдняў — эвакуяваліся, калі далі «зялёны калідор».

— Мы жылі ў кватэры знаёмых, бо наш дом быў вельмі блізка ад аэрапорта. Нам пашанцавала: у той жылы квартал, куды мы перасяліліся, расіяне не заходзілі. Але над будынкамі лёталі туды-сюды снарады — расіяне абстрэльвалі Ірпень, а нашы з Ірпеня стралялі па расіянах, якія былі ў Гастомелі, Барадзянцы. Страшна было. Хаваліся я з жонкай і дзіцем, а таксама і сяброўка з дочкамі. Мы імкнуліся не паказваць страх дзецям, падбадзёрвалі іх, весялілі, каб ім было не так трывожна, як нам.

Сяргей ведаў, што войскі заходзяць у тым ліку і з тэрыторыі яго роднай Беларусі.

— Маім першым пачуццём была нянавісць. І да расіян, і да рэжыму Лукашэнкі, які даў дабро на тое, каб расійскія войскі шлі праз Беларусь. І, вядома, я баяўся за жыццё сына — яму тады было ўсяго 4 гады. Сувязь была кепская, я пісаў сваім бацькам смс: «Усё добра, мы жывыя». Стэлефанавацца было немагчыма. Потым увогуле інтэрнэт знік.

Былі думкі і пра тое, што беларускія вайскоўцы таксама могуць пачаць паўнавартасна ўдзельнічаць у вайне.

— Я не выключаў такой магчымасці. Некаторыя мясцовыя ўкраінцы нават казалі, што бачылі беларускіх вайскоўцаў. Але доказаў гэтаму я не сустракаў. Хаця, вядома, маглі быць сярод расіян нейкія беларусы-кантрактнікі.

Буча ў 2022-м

Паэт кажа, што пра ўсе жудасці і злачынствы, якія адбываліся ў Бучы, ён ведаў, яшчэ калі быў пад акупацыяй.

— Сяброўкі жонкі жылі на вуліцы Яблунськай — хаваліся ў падвале ў прыватным сектары (гэтая вуліцы амаль месяц была лініяй фронту пад Кіевам, тут расійскія вайскоўцы расстралялі больш за 60 мірных жыхароў, а таксама забілі палонных байцоў тэрытарыяльнай абароны).

Жонка Сяргея перапісвалася са знаёмымі.

— Яны пісалі, што расіяне нават выйсці на вуліцу не даюць. Адзін мужчына пайшоў па ваду — яго застрэлілі. Не давалі забраць цела, каб пахаваць — ён некалькі дзён так і ляжаў. Распавядалі, як яны ўсё ж выйшлі ў двор, каб пагрэць ваду ў кацялку, а снайпер прастрэліў посуд — мабыць, каб паздзекавацца.

Самога ж мужчыну вельмі хвалявала нявызначанасць, бо ніхто не ведаў, ці ўдасца выехаць з горада, ці дойдуць да іх кварталу расіяне, ці хопіць прадуктаў, вады.

— Не было лекараў, працавала адна лекарка на некалькі тысяч чалавек, таму праблем хапала.

Сяргей вярнуўся ў Бучу ў маі 2022 года. Кажа, што тады людзей у горадзе было вельмі мала, а машын на вуліцах амаль што не было. Можна было нават спакойна хадзіць не па тратуары, а па праезнай частцы — хоць пасярэдзіне. Пра тое, што ў кватэры пісьменніка рыліся расійскія вайскоўцы і нават скралі адтуль ікону, «Наша Ніва» пісала раней.

Адбудову пашкоджаных будынкаў пачалі недзе ў канцы 2022 года. Цяпер, адзначае паэт, амаль усё ўжо аднавілі. Можа, яшчэ дзе-нідзе засталіся на сценах дзіркі, якія сведчаць аб мінулых баях, але сведчанняў трагедыі няшмат.

— У нашым будынку снарад прыляцеў у суседні пад’езд — там усё таксама ўжо адрамантавалі. Калі прайсціся па цэнтры Бучы, дык ніякіх слядоў ужо няма.

Буча ў 2024-м

На пытанне, наколькі маральна складана жыць у месцы, дзе адбылася такая трагедыя, Сяргей адказвае па-філасофску:

— Людзі для ўсяго прывыкаюць. Мы памятаем пра ўсё, што адбывалася. Расіяне яшчэ адкажуць за гэта.

На гэты момант ён лічыць Бучу больш бяспечным месцам, чым Кіеў, які рэгулярна бамбяць.

— Калі бамбяць Кіеў, мы чуем заўсёды, як працуе СПА. Спачатку было страшна, а цяпер усе ўжо ведаюць, што трэба рабіць, калі што. Мне здаецца, з таго моманту, як расіяне выйшлі з Бучы, мабыць, ніхто ў нас і не загінуў трагічна.

Сяргей адзначае, што пасля 2022 года стаўленне ўкраінцаў як да Лукашэнкі, так і да Беларусі рэзка змянілася на негатыўнае. Вядома, у першую чаргу праз тое, што з тэрыторыі Беларусі заходзілі войскі. Ды і цяпер перыядычна дроны ляцяць адтуль.

— Ёсць пэўная частка ўкраінцаў, якая негатыўна ставіцца і да рэжыму, і да краіны, і да беларусаў увогуле. А ёсць тыя, хто разумее, у якой сітуацыі апынуліся беларусы — у іх няма знявагі і нянавісці да беларусаў, у якіх, на жаль, не атрымалася пераламаць сітуацыю і скінуць Лукашэнку. Усе мае знаёмыя, з кім я гутарыў асабіста, усё разумеюць і аддзяляюць рэжым Лукашэнкі ад людзей, якія выходзілі масава на пратэсты супраць яго — а потым ці былі вымушаныя з’ехаць, ці трапілі за краты.

Але Сяргей падкрэслівае, што асабіста ніколі не сутыкаўся з нейкімі прэтэнзіямі ў свой бок.

— Я думаю, галоўная размова паміж украінцамі і беларусамі яшчэ наперадзе. Наколькі я бачу, усе намаганні наладзіць дыялог правальваюцца. Калі ўлада ў Беларусі зменіцца, калі знікне рэжым Лукашэнкі (а ён знікне, калі ў Расіі нешта памяняецца, бо без змен там гэта немагчыма).

Разважаючы пра настроі ва ўкраінскім грамадстве, Сяргей кажа, што яму цяжка сказаць, якія цяпер настроі ў грамадстве — негатыўныя ці пазітыўныя.

— Ва Украіне людзі цяпер у нявызначанасці: ці хопіць нам зброі і людзей і наколькі іх хопіць. Наперадзе зіма, хутчэй за ўсё, расіяне зноў пачнуць абстрэльваць электрастанцыі. Украінцы чакаюць адэкватнай дапамогі Захаду. Тое, што дапамагаюць — гэта добра, але мы бачым палавінчатыя меры. Такое ўражанне, што Захад ці то не разумее небяспеку, ці то спадзяецца на найлепшае. Але, з другога боку, мы не ведаем пра ўсе дамоўленасці, бо шмат дакументаў засакрэчана.

Нядаўна ў Бучы святкавалі Дзень ЗША

Сын Сяргея ўжо не вельмі памятае акупацыю, але ж пачаў цікавіцца міжнародная палітыкай: у свае 6 гадоў ён ведае, якія краіны выступаюць на баку Расіі, а якія — на баку Украіны.

— Калі ідзём з садочка і бачым нейкую яму на дарозе, сын пытаецца: «Гэта што, расіяне зрабілі?». Я адказваю: «Не, проста ЖЭК дрэнна спрацаваў».

Каментары5

  • Iq30
    09.09.2024
    Ага, спалил снайпер свою позицию, чтоб котелок прострелить. На кого эти сказки рассчитаны?
  • Беня
    09.09.2024
    Опять евреи во всем виноваты.
  • Бубу
    09.09.2024
    Украінцы, якія зьнчважліва адзываюцца пра беларусаў, звычайна не ваююць, а сядзяць у Мюнхенскай ТРА

Цяпер чытаюць

Інтэрв’ю са 100-гадовым доктарам Анатолем Занковічам — пра жыццё падчас Другой сусветнай і працу хірургам у ЗША

Інтэрв’ю са 100-гадовым доктарам Анатолем Занковічам — пра жыццё падчас Другой сусветнай і працу хірургам у ЗША

Усе навіны →
Усе навіны

Кароткія тэксты ад штучнага інтэлекту замест спасылак — Google запусціў новую сістэму пошуку4

Арыштаваны чыноўнік, які мог стаць наступным міністрам аховы здароўя11

Спецпрадстаўнік ЗША пракаментаваў атакі ўкраінскіх дронаў па расійсікіх аэрадромах падчас аперацыі СБУ «Павуцінне»9

«Абражаў рэлігію і Бога». Чачэнцы заявілі, што блогера ў Маскве не выкралі, а «прафесійна затрымалі» сілавікі5

Ціна Палынская і яе 22-гадовая дачка знаходзяцца пад вартай1

Ініцыятыва Maldzis выкупіла карту ВКЛ Яна Няпрэцкага3

Як дачка новага прэзідэнта Польшчы Караля Наўроцкага стала зоркай і скрала ўвагу ўсёй краіны7

Як змагаецца за жыццё кур'ер, які ехаў на электравеласіпедзе на пешаходным пераходзе на зялёнае, але трапіў пад аўто9

Не баяцца ні бога ні чорта. Як тайныя пакупнікі кашмараць крамы пад Мінскам11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Інтэрв’ю са 100-гадовым доктарам Анатолем Занковічам — пра жыццё падчас Другой сусветнай і працу хірургам у ЗША

Інтэрв’ю са 100-гадовым доктарам Анатолем Занковічам — пра жыццё падчас Другой сусветнай і працу хірургам у ЗША

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць