Кіно

«Лі»: фільм пра фатографку часоў Другой сусветнай з Кейт Уінслет

Адгрымела ў пракаце «Субстанцыя» ад рэжысёркі Каралі Фаржа з зорнай Дэмі Мур, і цяпер у свеце выходзіць зусім іншая, але не менш жаночая гісторыя. Гэта «Лі» (Lee), кіно пра фатографку Другой сусветнай, якую сыграла Кейт Уінслет.

Фота: кадр з трэйлера

Лі Мілер — рэальная гістарычная асоба, якая памяняла, здаецца, занадта шмат амплуа для аднаго жыцця. Некалі мадэль у ЗША, пазней Мілер перабралася ў Парыж, дзе занялася фатаграфіяй. У канцы 1942-га гэта прывяло яе на фронт, дзе Лі стала ваеннай фатографкай. А пасля вайны і цяжкай дэпрэсіі занялася кухарствам і трапіла пад падазрэнні ў шпіянажы на карысць СССР.

Фільм апісвае жыццё Мілер у двух часах. Першы — перыяд з канца 1930-х да канца вайны, дзе Лі ператвараецца з моднай фатографкі ў ваенную карэспандэнтку. 

Мілер таго часу — экстравагантная прыгажуня, здольная, напрыклад, агаліцца цягам свецкай гутаркі за абедам. Яна пераязджае ў Вялікабрытанію з новым каханым, мастаком Роландам Пенроўзам, і выбівае сабе месца фатографкі ў брытанскім Vogue. У Лондане Мілер бачыць нацысцкія бамбёжкі і вырашае, што фронт — тое месца, дзе яна як журналістка цяпер мусіць быць.

Паралельна з гэтым у стужцы разгортваецца другі пласт гісторыі: у 1977-м састарэлая Лі гутарыць з маладым журналістам у атачэнні фотаздымкаў ваеннага часу. І тут сцэнарысты спрабуюць укласці ў вусны Мілер-Уінслет разважанні пра былое: яна кажа, што, нават калі хацела адвярнуцца і не глядзець на жахі вайны, ведала, што не можа, і шукае адказ на пытанне, няўжо ж у тыя апошнія перадваенныя часы не было бачна, як набліжаецца катастрофа. Але ж гэтыя разважанні так і застаюцца на ўзроўні некалькіх сказаў, нібыта выпадкова прамоўленых жанчынай са шклянкай віскі. Тут стваральнікі «Лі», відавочна антываеннага па змесце фільму, губляюць магчымасць перадаць пасланне стужкі яшчэ больш пераканаўча.

Фота: кадр з трэйлера

Але ж свой шанц гэта зрабіць не губляе сама Кейт Уінслет. Яна ўпэўнена перадае трансфармацыю Лі — як прафесійную, так і трансфармацыю яе як чалавека, які паступова пазнае жудасную сутнасць вайны. Ігра Уінслет — той выпадак, калі актрысе не трэба ніякіх хітрыкаў, каб быць пераканаўчай, калі яна здольная граць толькі вачыма ды маленькімі мускуламі твару і ўсё роўна ўдыхаць жыццё ў фільм. 

Цяжка не заўважыць, што «Лі» спрабуе паказаць вайну шмат у чым з жаночага боку, і рэч не толькі ў перспектыве самой Мілер. Гаворка пра эпізоды, сведкай якіх яна становіцца — эпізоды, якія маглі б прайсці міма аб’ектыва камеры, калі б гэтая камера належала фатографу-мужчыне. Вось побыт жанчын на вайсковай базе, вось у вызваленым горадзе юнак спрабуе згвалціць мясцовую жыхарку, а вось жанчыны, толькі нядаўна зняволеныя ў канцлагеры, дзеляць паміж сабой хлеб — і Лі развязвае свае валасы, каб паказаць, што і яна — жанчына, што яна не зробіць ім шкоды. 

Асобна тут стаіць гісторыя Саланж д’Аен, францужанкі і сяброўкі Мілер, бліскуча сыгранай Марыён Каціяр. Саланж аддадзена толькі некалькі эпізодаў экраннага часу (дарма!), але гэта ўражвальная гісторыя, і яна зноў пра трансфармацыі — як за некалькі гадоў вайны змянілася поўная жыцця арыстакратка.

Прыгожая даніна памяці Лі — тое, як у фільме спрабавалі адрадзіць гісторыі, што стаяць за яе знакавымі фота. У стужцы ўвогуле шмат значных ліній: Мілер і вайна, Мілер і яе каханы, які хоча вярнуць яе з вайны дахаты, Мілер і змаганне са стэрэатыпамі наконт ваеннай фатографкі-жанчыны, багата гісторый, якія Лі бачыць на вайне, але якія растаюць адна ў адной, бо ім проста не дадзена дастаткова экраннага часу.

Фота: кадр з трэйлера

Зразумела, што кожную гісторыю не раскажаш, і што так яно і было ў жыцці сапраўднай Лі. Яна не магла надаваць кожнаму лёсу дастаткова ўвагі, і так гэтыя людзі і праляталі ў яе жыцці, як знічкі.

Відавочна, аднак, што ў стваральнікаў «Лі» атрымалася эмацыйна ўражвальнае антываеннае кіно, што вельмі своечасова, і не дзіва, калі ў сакавіку Кейт Уінслет атрымае за гэтую ролю другі «Оскар» у сваім жыцці. Здаецца, што гэтая ўзнагарода, калі яна будзе, акажацца ў багажы «Лі» адной з нешматлікіх, калі не адзінай.

Кіно, аднак, атрымалася вартым прагляду — дзякуй Уінслет. Калі вам у кіно важная візуальная частка, «Лі» таксама не расчаруе. Але культавым гэтаму баёпіку не быць.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары

Цяпер чытаюць

Поўны спіс палітвязняў, вызваленых 13 снежня8

Поўны спіс палітвязняў, вызваленых 13 снежня

Усе навіны →
Усе навіны

Алесь Бяляцкі прыбыў у Вільню1

Прэс-сакратар МЗС Польшчы: Пачобут адмовіўся звяртацца да Лукашэнкі з просьбай аб вызваленні9

Украіна даставіць вызваленых палітвязняў у краіны Еўрасаюза2

Ціханоўская: Лукашэнка ў апошні момант усё перайграў і змяніў маршрут выезду палітвязняў6

«Мой артыкул — маё прозвішча». Першыя словы на свабодзе Віктара Бабарыкі1

Большасць палітвязняў, вызваленых сёння, выслалі ва Украіну8

Менш чым за гадзіну беларусы сабралі першыя 40 тысяч еўра для палітвязняў, якіх вызвалілі сёння5

Андрэя Пачобута сярод вызваленых палітвязняў няма7

Усе вызваленыя палітвязні дэпартаваныя з Беларусі8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Поўны спіс палітвязняў, вызваленых 13 снежня8

Поўны спіс палітвязняў, вызваленых 13 снежня

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць