Былая віцэ-спікерка Каардынацыйнай рады Вольга Павук стала настаўніцай у літоўскай школе
Вольга доўгі час займалася рэпетытарствам па англійскай мове з падлеткамі і дарослымі. Цяпер яна вядзе яшчэ і дадатковыя заняткі ў літоўскіх дзяржаўных школах. «Столькі гадоў ужо сяджу дома на гэтым анлайне, што больш не магу», — прызнаецца яна. «Наша Ніва» пацікавілася ў Вольгі, як у яе атрымалася ўладкавацца на працу настаўніцай у Літве.

Каб працаваць у штаце ў школе, трэба ведаць мову на В2
Вольга Павук працуе ў трох літоўскіх школах ужо два месяцы. Яна вядзе дадатковыя заняткі па англійскай мове.
Праблем з пацвярджэннем беларускага дыплома ў Літве ў Вольгі не было: яна паспела паставіць апастыль і перакласці патрэбныя дакументы яшчэ ўвесну 2020-га. Тады Вольга паступіла вучыцца ў магістратуру ва ўніверсітэт Вітаўта Вялікага.
Каб працаваць у штаце дзяржаўнай літоўскай школы, трэба ведаць літоўскую мову на ўзроўні не менш за В2. Вольга пакуль працуе пазаштатна — у яе ёсць сертыфікат на ўзровень А2, і яна працягвае вывучаць мову.
«Праблем менавіта з вывучэннем літоўскай у мяне не было. Больш з тым, што няма, з кім гаварыць на ёй. І калі я ўладкоўвалася на працу, то я так і казала, што для мяне гэта дадатковы бенефіт — змагу камунікаваць па-літоўску», — расказвае яна.
Увогуле знайсці працу ў Літве — частка інтэграцыйнай праграмы для замежнікаў, якую праходзіць Вольга. У яе яна трапіла пасля таго, як падала дакументы на ўцякацтва ў 2023 годзе, бо ў яе скончыўся пашпарт.
«Пахадзіла трохі па розных сумоўях, усяго іх было чатыры, цікавы досвед. Зразумела для сябе, што не хачу працаваць цэлы дзень з восьмай да пятай.
Хадзіла таксама ў дзіцячы садок, бо ў мяне першая адукацыя — выхавацелька. Але там англійскай мовы недастаткова, трэба было весці яшчэ матэматыку і розныя іншыя прадметы. Але гэта быў прыватны садок, мешаніна дзяцей з розных краін. Малыя дзеці ўвогуле не вельмі размаўляюць, падумала, што будзе складана зразумець іх.
Пасля трапілася арганізацыя, якая магла мяне ўзяць на падмену: калі іншыя настаўнікі хварэлі ці з'язджалі, то я прыязджала ў тыя школы, дзе яны вядуць свае заняткі, і праводзіла ўрокі па іх планах. Але паколькі зарэкамендавала сябе добра, то ўжо ў гэтым месяцы мы перайшлі на пастаянны фармат», — расказвае яна.
У сярэднім Вольга працуе па тры гадзіны на дзень у школах з рускай, польскай і літоўскай мовамі навучання.
«Колькасць дзяцей у групе залежыць ад таго, колькі бацькоў хоча, каб дзіця атрымлівала дадатковыя заняткі. Яны платныя, але іх можна субсідзіраваць ад дзяржавы. Аплату я атрымліваю ад арганізацыі, якая мяне наняла, — кажа Вольга, але свой заробак не называе. —
У наступным годзе, калі захачу працягваць, будзе павышаная стаўка. Таксама мяне могуць разгледзець іншыя школы, якія бліжэй да майго дома, бо цяпер да адной з іх мне ехаць гадзіну».
Вольга заўважае, што працадаўцы ў Літве больш глядзелі на яе ўзаемадзеянне з дзецьмі. Важная наяўнасць эмпатыі.
Раней у Беларусі Вольга выкладала ў вясковай школе. Параўноўвае: там дзеці не надта разумелі, навошта ім вучыць англійскую. У літоўскіх школьнікаў узровень лепшы, бо ў Літве няшмат дзіцячага кантэнту на літоўскай, мяркуе Вольга.
Каментары