Аляксей Хлястоў, які пайшоў у таксісты, стаў героем інтэрнэту. Беларусы запусцілі флэшмоб, каб падтрымаць спевака з чорнага спісу
Імаверна, прызнацца ў тым, што змяніў мікрафон на руль, спеваку было не проста. Але, атрымаўшы хвалю падтрымкі, Хлястоў ледзь стрымлівае слёзы. Кажа: «Вы падарылі мне другое жыццё!».

Нагадаем: чуткі пра тое, што Аляксей Хлястоў пачаў працаваць у таксі, хадзілі даўно — дый сам спявак намякаў на гэта ў сваіх сацсетках. Але толькі нядаўна ён вырашыў расставіць кропкі над «і».
Некалькі дзён таму Хлястоў апублікаваў відэа, як спявае за стырном машыны сваю песню «Куда исчезли все мои мечты», а пасажыркі падпяваюць яму.
«Сябры, ні для каго ўжо не сакрэт, што я ваджу таксі і вось такія цудоўныя пасажыры са мной катаюцца», — напісаў артыст.
Працуе спявак у «Яндэкс.Таксі» ў катэгорыі бізнэс-класа. Прычына такой радыкальнай змены дзейнасці не вельмі арыгінальная для Беларусі. У 2023 годзе стала вядома, што Аляксей Хлястоў трапіў у чорны спіс артыстаў — то-бок цяпер ён не можа выступаць нават на карпаратывах.
Пасля прызнання Аляксея беларусы нечакана зладзілі флэшмоб у сацсетках. Нехта публікаваў фота ці відэа са спеваком, дзяліўся гісторыямі, звязанымі з ім. Хтосьці запісваў ролікі, як спявае свае любімыя песні артыста.
І шмат хто пісаў, што цяпер хочаш не хочаш, а прыйдзецца ездзіць на таксі. Сустракаліся нават прапановы зрабіць Хлястову сваё «таксі, у якім спяваюць» — бо злавіць спевака праз «Яндэкс» не вельмі проста.
Флэшмоб атрымаўся сапраўды сусветным, бо падключыліся беларусы, якія цяпер жывуць у самых розных краінах — ад Іспаніі да Тайланда. Адна з жанчын, напрыклад, апублікавала відэа, як яе маленькае дзіця ў Аргенціне ў майцы з беларускім арнаментам слухае песню Хлястова.
Паўдзельнічалі і вядучыя Артэміс Ахпаш ды Кацярына Раецкая.
Карыстальнікі Threads таксама актыўна далучыліся да флэшмобу — спеваку нават прыйшлося стварыць акаўнт, каб падзякаваць усім. А адным з самых папулярных стаў жарт: «У Мінску ёсць два аб’екты, якія хочуць наведаць усе: Снежная каралева ў «Галерэі» і таксі Аляксея Хлястова».
Артыст запісаў відэа, у якім, здаецца, ледзь стрымлівае слёзы радасці і кажа, што людзі падарылі яму другое жыццё.
Каментары