Грамадства44

«Лепш быць застрэленай у спіну, чым гадамі так сядзець». Беларуска расказала пра ўмовы ў ізалятары пасля затрымання на мяжы

Беларусаў, якія едуць дахаты з-за мяжы, можа чакаць дадатковы кантроль: з гутаркай і праверкай тэлефона. Памежнікі шукаюць «экстрэмісцкія» лайкі і падпіскі ў сацсетках за кожны год і адпраўляюць знойдзенае на «прававую ацэнку». Калі знаходзяць, то правяранага чакаюць суткі ў ІЧУ: без рэчаў, матрацаў і пасцельнай бялізны, з клапамі і голымі металічнымі шконкамі, на якіх немагчыма спаць. «Медыязона» запісала маналог беларускі, якая трапіла ў ІЧУ пасля праверкі на мяжы.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Памежны камітэт Беларусі

«Што гэта?» Праверка на мяжы і патруль, які на яе прыехаў

Усё пачыналася звычайна: «Ваш пашпарт», «Пачакайце ўбаку», «Пройдзем», «Дайце тэлефон», «Які пароль». Натуральна, ніхто не прадстаўляецца і не кажа, што цяпер будзе і чаму. Памежнік проста пачынае корпацца ў тэлефоне. Пстрыкае абедзвюма рукамі, засяроджаны, сапе.

Некалькі разоў ён разварочвае тэлефон экранам да цябе, пытаючыся «што гэта?» і паказваючы нейкія акаўнты, не абавязкова экстрэмісцкія. Дзе менавіта корпаецца ахоўнік мяжы — у перапісках, падпісках, фота ці іншых дадатках — незразумела. Фатаграфуе сваім тэлефонам мой тэлефон. Пытаешся, што адбываецца і што менавіта ён фатаграфуе — агрызаецца.

Пара пытанняў «куды едзем, навошта і адкуль» — і мяне ўжо вядуць на мытную праверку. Ніякіх каментароў або расказаў пра далейшыя рухі няма. Бачныя дзверы выхаду з памежнага пункта, за імі — людзі, аўтобусы, агні горада і роднай краіны.

Наступны раз іх атрымаецца ўбачыць з акенца міліцэйскай машыны, якая вязе цябе ў міліцыю. На мяжу прыехаў патруль. Міліцыянеры спяшаліся, падганялі памежнікаў з дакументамі, падхапілі мае рэчы і мы адправіліся да машыны. Зносіны — ветліва-абыякавыя, ты ўсё адно хутка паедзеш карміць клапоў, а хлопцы — па справах.

«Распранайцеся, здымайце наогул усё». Малпоўнік, пратаколы

У міліцыі адчуваеш сябе выпадковым госцем, які зайшоў не ў тыя дзверы. Праўда, адчуваеш гэта асабліва рукамі, бо яны ў кайданках за спіной.

Калі мяне заводзілі ў дзяжурку, у калідоры сядзелі кліенты: хтосьці пабіўся, у кагосьці нешта скралі, хтосьці, магчыма, скраў, хтосьці толькі спытаць. Сядзяць свабодна, балбочуць адзін з адным і супрацоўнікамі.

Патрульныя перадаюць цябе аддзелу міліцыі, забіраюць свае кайданкі, ты чакаеш, пакуль цябе «перашпіляць» у кайданкі «мясцовых» і пачынаецца «апытанне».

Супрацоўнік ўзнікае перад табой з тваім тэлефонам і пачынае ў ім корпацца. Уздыхае, кажа «у вас лайкі», паказвае адзін з іх, просіць пракрычаць у калідор свае даныя, каб пачуў дзяжурны — ён запаўняе нейкія паперы. Што будзе далей і што адбываецца — ніхто не кажа.

Праз гадзіну ў аддзяленне прыязджае дзяўчына, якую ўсе чакаюць. Ты таксама чакаеш, таму што больш заняцца няма чым. Затрыманне, зняволенне — гэта наогул пастаяннае чаканне. Але гэта мы даведаемся потым, а пакуль — вас запрашаюць распрануцца цалкам, здаць каштоўныя рэчы для вопісу.

«Хлопчыкі, не заходзьце!» — камандуе дзяўчына, якая прыбыла для асабістага ператрусу мяне.

Наступны ўзровень — малпоўнік. Камера пад бокам у дзяжурных, якія прымаюць званкі ад насельніцтва — з кратамі, слядамі крыві на сценах і шконках, пахам мачы і антысептыку. Пасядзелі трошкі і хопіць, вас выклікаюць падпісаць пратаколы і рухацца далей — у ІЧУ.

З пратаколаў даведаецеся, што віну прызнаеце, а таксама калі быў прызнаны экстрэмісцкім акаўнт, на якім выявілі ваш лайк 2020 года. Копій не даюць, хоць абавязаныя выдаць па просьбе. Тут упершыню кажуць, што вас адпраўляюць у ізалятар, а адтуль — на суд. Тэлефон адбіраюць пад вопіс, пашпарт вяртаюць. Па размовах разумею, што хутчэй за ўсё суд дасць штраф — так адбываецца часцей за ўсё.

«Тварам да сцяны». Канвой і кайданкі ў ІЧУ

Заводзіш рукі назад, чуеш пстрыканне, залазіш у міліцэйскую машыну і праводзіш вачыма горад: вас канваіруюць у ІЧУ. Па дарозе слухаеце размовы пра скарочаныя прэміі, плёткі іх аддзелаў.

У ІЧУ вы трапляеце спачатку ў чаргу, у калідорчыку назбіралася канваіраў: хтосьці прыехаў па затрыманых, каб адвезці іх на суд, хтосьці — каб канваяваць у СІЗА ці кудысьці яшчэ. Усе жартуюць, мацюкаюцца, глядзяць рылсы. Вы сядзіце з рукамі ў кайданках за спінай і назіраеце за гэтым чужым светам, які цяпер і ваш. Але яшчэ здаецца, што не.

Чуюцца металічны ляскат і грукат, дзяўчына-канваірка просіць паспяшацца, быццам мы ў паліклініцы і акно магчымасцяў трапіць у ІЧУ можа зачыніцца.

Адразу за таўшчэзнымі дзвярыма, падобныя да якіх вы бачылі хіба што ў музеях-бункерах, звяртацца пачынаюць па-іншаму. «Тварам да сцяны, рукі вышэй, ногі шырака, не глядзім, галаву апускаем», — гыркаюць табе і адпраўляюць на надгляд. Распрануцца трэба зноў дагала, прысесці, вопратку правяраюць, асабістыя рэчы забіраюць.

Дзяўчына-канваірка кажа «Ну ўсё, да пабачэння!», і дзяжурны камандуе ісці. Ты забываешся, а дакладней не ведаеш, што ісці — гэта значыць нагнуць галаву да каленяў, не азірацца і слухацца ягоных дотыкаў за кайданкі.

«Стоп, вешаем куртку, запамінаем нумар», — адшпіліўшы адзін кайданок, камандуе «калідорны».

За некалькі хвілін прасякаешся «атмасферай» склепа настолькі, што, здаецца, калі нумар, пад якім вісіць твая куртка, будзе забыты, можна загрымець у турму надоўга. Затым, стоячы за спінай, супрацоўнік бубніць правілы знаходжання ў ІЧУ:

«Днём не спаць, не ляжаць, не сядзець абапёршыся аб сцяну ці ложак, не ставіць рукі на стол, не трымаць галаву, не закрываць твар, нельга чытаць, спяваць, гуляць».

Вашыя рукі зноў падымаюць за спінай за кайданкі як за павады і вы пачынаеце рух да камеры.

«Ногі шырака!» Шмоны ў камеры

Зайшоўшы ў камеру, разумееш, хто палітычны, хто не. Палітычныя нерухома сядзяць па струнцы, на краі «ложкаў». Непалітычныя расслабленыя.

Праз паўгадзіны пачынаецца «шмон» — праверка камеры. Руціннае мерапрыемства, калі ўсім трэба выйсці з камеры, а супрацоўнікі яе абшукваюць, прастукваюць, рыюцца ўсюды, засоўваюць люстэрка ў «туалет».

Палітычныя выстройваюцца на выхад з камеры загадзя з рукамі за спіной — для кайданкаў. Потым да сцяны, «ногі шырака». У гэты час вас абмацваюць металашукальнікам або рукамі, асобна просяць паказаць ступні.

Шмоны ёсць планавыя, ёсць агрэсіўныя (калі, мяркуючы па гуках, камеру збіваюць і раскідаюць рэчы), праходзяць некалькі разоў на дзень. Як стаяць і куды ісці — ніхто не тлумачыць. Вучышся на хаду, арыентуючыся на сукамерніц і іх падказкі. Любы гук ўспрымаецца як пагроза, любы ўдар прымяраеш на сябе.

Дзяўчаты па-хуткаму тлумачаць, у колькі прыёмы ежы, папярэджваюць пра шмоны, пра камеру відэаназірання, распытваюць, што здарылася, расказваюць пра сябе.

Рэчаў у палітычных няма. У лепшым выпадку — сурвэткі і адна пракладка. Але і гэта могуць не дазволіць. Кофта або бялізна, кнігі, шчотка, паста, вада, ежа — усё забаронена. У непалітычных з сабой ёсць сумкі з запасамі: пасцельная бялізна і ручнікі, прысмакі і прыправы, тэпцікі і нават посуд (пластыкавыя кубачкі, напрыклад). Дзяліцца ім забараняюць, для ўсіх пакаранне — карцар.

Першыя гадзіны дзяўчынкі цябе абсякаюць, як не трэба сядзець, альбо з-за дзвярэй крычыць супрацоўнік «Не абапірацца!»

Кожныя 15 хвілін у дзяжурных абход, яны зазіраюць у вочка дзверы камеры. Спачатку пра гэта не ведаеш, потым не памятаеш, а потым чуеш і вызначаеш па гэтых зазіраннях час, бо гадзіннікаў таксама няма.

Спробы: спаць, есці, хадзіць у прыбіральню

Ізалятар знаходзіцца ў падвале, святло з акна ў камеру не прабіваецца з-за кратаў, смецця і перагародак. Камера — гэта некалькі шконак у два ярусы, «прыбіральня» там жа, стол і здзеклівае акно.

На драўляныя шконкі адзенне лепш не класці — забраць яго можна разам з клапамі. На металічных немагчыма спаць. Дакладней, магчыма, але балюча, холадна і нядоўга.

Сон у ІЧУ — гэта пошук месца, у якім можна задрамаць. Матрацы не выдаюць, пад галаву класці што-небудзь забаронена. Краты шконак упіваюцца, дадаюць холаду ноччу. Таму можна перамясціцца на падлогу, а потым — на вузкую лаўку. Яшчэ праз 15 хвілін прыпаўзці і падрамаць на кукішках каля батарэі. Увесь гэты час гарыць яркае святло, а пад коўдрамі салодка спяць затрыманыя па крымінальных ці «хуліганскіх» артыкулах. Пару спробаў заснуць — і пара ўставаць: у дзверы грукаюць дубінкай і трэба падбегчы, прадставіцца, назваць артыкул. Так трэба рабіць кожныя 2 гадзіны пасля адбою, а ў 6 ужо пад'ём.

У нейкі момант рэжым у камеры ператвараецца ў такі цыкл: днём змагаешся са сном і спакусай «прыхінуцца» і задрамаць, цябе абсякаюць крыкі ахоўнікаў і ўдары дубінкай па дзвярах, чакаеш ночы, каб прылегчы і расслабіць цела. Ноччу чакаеш раніцы, таму што спаць немагчыма і холадна.

Ранішняя руціна — схадзіць у прыбіральню, памыцца з вялацякучага крана. Твар не выціраем, бо паперу трэба ашчаджаць, яе нам могуць не выдаць. Прыбіральня смярдзіць, але для «ўтульнасці» накрытая лістом пластыка. Адсоўваеш яго, робіш глыбокі ўдых і… Змыву як такога няма, проста адкручваеш на трубе кран і нешта там цячэ. Мы карысталіся бутэлькай. Ад камеры прыбіральня не аддзеленая.

Яшчэ адной бутэлькай мы карысталіся, каб набіраць ваду і мець пад рукой пітво. З вадкасці за дзень у меню толькі пара глыткоў чаю (чвэрць кубка). А таксама — каша на сняданак, трохі супу і бульба з катлетай з памыяў на абед, каша з 1 рыбкай-салакай на вячэру. І хлеб — па кавалачку на чалавека ў кожны прыём ежы.

«З рэчамі на выхад». Думкі пра ўцёкі, кока-колу і помсту

Некаторым затрыманым былі выстаўленыя крыміналкі за пратэсты. Па словах сакамерніц, у тым ліку і тым, каго затрымалі на мяжы «за лайк». Таму кожны раз, калі грымела завала дзвярэй, усе спадзяваліся, каб гэта не аказаўся выклік да следчага — ад яго вярталіся з паперкамі пра крымінальную справу.

З-за недасыпу, страху, прыніжэння і неразумення, што з табой будзе далей, на трэці дзень галава не цяміць. Здаецца, ты затрыманы даўно, і так цяпер будзе доўга. У мяне нават былі думкі пра ўцёкі: калі будзе магчымасць, лепш быць застрэленай у спіну, чым гадамі так сядзець.

З-за пастаянных гутарак, дрымоты, яркага святла круглыя суткі жыццё «да» заціраецца і ўсплывае водбліскамі дробных успамінаў, якія ў галаве ў звычайным жыцці не круціш. Усмешка сябра, смак колы, вокладка кнігі і гэтак далей — ніякай рамантыкі і складаных пачуццяў. Думкі пра палітвязняў — а як яны гэта ўсё вытрымліваюць?

Ніхто не абмяркоўвае, што будзе рабіць, выйшаўшы з ізалятара — усё трывожна чакаюць свайго часу. Набор жаданняў у нас аднолькавы: душ, памыцца, выпіць кавы, абняць блізкіх, пасядзець на лаўцы, паслухаць дрэвы.

Усе адзін аднаго падбадзёрваюць і суцяшаюць — складаней за ўсё «трымаць» тых, хто з ІЧУ паедзе ў СІЗА. Добрых аргументаў тут няма, гэта бяда. Але і слязьмі справе не дапаможаш, стараліся настройваць дзяўчат на суровы марафон наперадзе і «а потым як сустрэнемся!»

Мае суткі скончыліся, «з рэчамі на выхад», зноў надгляд дагала, апошнія кайданкі і свабода. Дзяжурны на развітанне кінуў «Да пабачэння», выдаў рахунак за ўтрыманне ў гэтым «гатэлі» і націснуў кнопку брамы.

Каментары4

  • Lunny
    07.05.2025
    Нічога катам недаруем
  • fungi
    07.05.2025
    Чакаю лапідарных каментарыяў ад агентуры
  • лошарик
    07.05.2025
    правильно, в камере нужно либо молчать, либо травить легенду лоховскую, типа оппозиция гады, ездил\ла на заработки под видом протестующей\го, но там все плохо, на родине лучше, а лайк был по неосознанке. стукач которого подкинули в камеру, все в рапорте доложит. молчать не вариант если че, это подозрительнее , единственно легенда должна быть последовательной, заранее продуманной.
    ну а по сути, не можешь вернуться на танке чтоб всех тварей раскатать, не лезь обратно в эту скотобазу!

Цяпер чытаюць

З Лондана Мельнікава вылецела на Шры-Ланку, у яе быў каханак спартовага выгляду з Беларусі49

З Лондана Мельнікава вылецела на Шры-Ланку, у яе быў каханак спартовага выгляду з Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Тур не будзе насіць георгіеўскую стужку, але прычына не тая, што вы падумалі15

Ціманоўская абвінаваціла былога мужа ў супрацы з КДБ25

Экс-ідэолага прызначылі кіраўніком Белгідрамета7

Фота моманту замаху на Трампа атрымала Пулітцэраўскую прэмію1

«Быў упэўнены, што я недатыкальная асоба для расіян». Першае інтэрв'ю Юрася Зянковіча на свабодзе50

Выбух 4 мая ў Маскве адбыўся ў кватэры электрыка з пуцінскай рэзідэнцыі на Валдаі5

Супраць 78-гадовай Ніны Багінскай завялі крымінальную справу17

Над Сікстынскай капэлай паставілі комін1

Кадыраў рыхтуе перадачу ўлады6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

З Лондана Мельнікава вылецела на Шры-Ланку, у яе быў каханак спартовага выгляду з Беларусі49

З Лондана Мельнікава вылецела на Шры-Ланку, у яе быў каханак спартовага выгляду з Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць