«А пасля пачынаецца імпатэнцыя». Ніхто не кажа мужчынам, якія рызыкі нясе тэстастэрон
Маладыя хлопцы нярэдка прымаюць тэстастэрон у пагоні за мускуламі і ўпэўненасцю. Але гармон, які выпрацоўваецца натуральным шляхам, і штучны яго аналаг дзейнічаюць па-рознаму.

У масавай свядомасці шырока распаўсюджана перакананне, што тэстастэрон — гэта сакрэт сапраўднай мужнасці, сэксуальнай прывабнасці, поспеху і ідэальнай мускулатуры. Аднак спецыялісты ўсё часцей маюць справу з наступствамі гэтай небяспечнай ілюзіі.
Уролаг і андролаг Пётр Дзігоўскі (Piotr Dzigowski) у інтэрв’ю Newsweek узгадвае пацыента з узроўнем тэстастэрону ў 20 разоў вышэйшым за норму. Мужчына адчуваў сябе цудоўна. Але яго прывяла да доктара партнёрка, якая хацела мець дзяцей.
З жанчынай было ўсё добра, але ў мужчыны была сур’ёзная праблема. Высветлілася, што ён прымаў высокія дозы тэстастэрону на працягу многіх гадоў, што прывяло да сур’ёзнага пашкоджання функцыі гіпофізу. Дактары так і не змаглі яе аднавіць, натуральна выпрацоўваць гармон арганізм больш не здолеў.
Як працуе завод па вытворчасці тэстастэрону ў нашым целе?
Але якое дачыненне мае гіпофіз да тэстастэрону, які вырабляецца яечкамі? Насамрэч гэты працэс кантралюецца мозгам.
Спачатку гіпаталамус падае сігнал: пара запускаць выпрацоўку мужчынскіх гармонаў і выдзяляе спецыяльнае рэчыва — ганадаліберын. Гэты сігнал успрымае гіпофіз, які ў сваю чаргу выпрацоўвае два гармоны: ФСГ (фалікуластымулюючы гармон), які запускае ўтварэнне сперматазоідаў, і ЛГ (лютэінізуючы гармон), які «ўключае» выпрацоўку тэстастэрону ў яечках.
Калі арганізм бачыць, што гармонаў ужо дастаткова, гіпаталамус «адключае» каманду, і сістэма змаўкае да наступнай патрэбы. Але калі чалавек пачынае калоць тэстастэрон, мозг думае, што яго і так занадта шмат і перастае падаваць сігналы, гіпофіз выключаецца, і яечкі спыняюць працу. Сістэма ламаецца, сперматазоіды не вырабляюцца.
Як адзначае нацыянальны кансультант па эндакрыналогіі прафесар Марэк Рухала (Marek Ruchała), праз некаторы час такой «тэрапіі» тэстастэронам мужчыны становяцца імпатэнтамі.
Прафесар адзначае, што для мужчын з дэфіцытам гармону прызначаецца адна ампула тэстастэрону раз на два тыдні. Але мужчыны, якія хочуць нарасціць мышачную масу, могуць уводзіць сабе некалькі ампул на дзень. Мышцы растуць, але пры гэтым поўнасцю падаўляецца ўласная выпрацоўка тэстастэрону.
Некаторыя мужчыны праз гады такіх практык пачынаюць заўважаць: яечкі змяншаюцца ў аб’ёме, знікае лібіда, прападаюць сперматазоіды. Хтосьці шукае дапамогі з-за жадання завесці дзяцей з новай маладой партнёркай — але ўжо позна. Некаторыя спрабуюць прэпараты для «разблакоўвання» гарманальнай восі — безвынікова.
Негатыўны ўплыў тэстастэрону на выпрацоўку сперматазоідаў спрабавалі выкарыстаць для распрацоўкі супрацьзачаткавых прэпаратаў для мужчын. Аднак аказалася, што ў мужчын немагчыма заблакаваць або аднавіць працу гіпофізу па патрабаванні. Кожны наступны цыкл блакавання яго гарманальнай актыўнасці пакідаў незваротны след.

У адрозненне ад жанчын, у якіх авуляцыя аднаўляецца пасля спынення прыёму кантрацэптываў, у мужчын гіпофіз можа «заглухнуць» назаўжды. Таму эфектыўнай і бяспечнай мужчынскай гарманальнай кантрацэпцыі няма.
Тэстастэрон — анаболік. Ён узмацняе мужчынскія рысы, дадае агрэсіі, імкнення дзейнічаць. У выглядзе гелю ці ўколаў яго эфект магутны. Але прыём патрабуе кантролю. Пётр Дзігоўскі адзначае: акцёраў 80—90-х, як Сталонэ ці Шварцэнэгер, назіралі дактары-профі, якія пісьменна суправаджалі курс прыёму. А вось іх калегі, якія прымалі тэстастэрон бескантрольна, ужо даўно памерлі ад кардыяміяпатыі або пячоначнай недастатковасці.
У некаторых краінах, напрыклад у Швецыі, абарот тэстастэрону кантралюецца на ўзроўні наркотыкаў.
Высокі тэстастэрон не гарантуе поспеху
Занадта высокі ўзровень тэстастэрону можа не толькі прывесці да бясплоддзя, але і ўскладніць дасягненне прафесійнага поспеху. Чаму? Таму што гармон, які робіць мужчыну смелым і ўпэўненым, адначасова зніжае разважлівасць і адрывае ад рэальнасці. Мужчына становіцца больш агрэсіўным, гатовы рызыкаваць, дзейнічае рашуча — але часта неразумна і нядоўга.
Гэта пацвердзіла даследаванне навукоўцаў з Кембрыджа. Яны назіралі за маладымі біржавымі брокерамі (ва ўзросце ад 18 да 38 гадоў), вымяралі ўзровень тэстастэрону і параўноўвалі яго з іх поспехамі і няўдачамі на фондавым рынку. Спачатку ўсё здавалася лагічным: чым вышэйшы тэстастэрон — тым большая прыбытковасць.
Але так адбывалася толькі ў перыяды росту рынку (калі ўсё ідзе добра). Калі пачыналіся крызісы і нестабільнасць, «зараджаныя» тэстастэронам трэйдары трацілі здольнасць цвяроза ацэньваць сітуацыю.
Іх ахопліваў стрэс, у справу ўступаў картызол — гармон трывогі, і яны пачыналі бачыць небяспеку паўсюль. У выніку яны прымалі рызыкоўныя, памылковыя рашэнні і прайгравалі.
Што важна: тэстастэрон не паляпшае разумовых здольнасцяў.
Гэта паказала і даследаванне доктаркі Джэніфер Сэлерс (Jennifer Sellers) з каледжа Green Mountain. Яна правяла цікавы эксперымент: падзяліла студэнтаў на пары і дала ім тэсты на інтэлект. Пасля першых вынікаў удзельнікам не сказалі іх рэальныя балы — толькі паведамілі, хто ў пары «лепшы», а хто «горшы».
Потым правялі яшчэ серыю тэстаў. Удзельнікі з высокім узроўнем тэстастэрону, даведаўшыся, што ў першым тэсце яны паказалі вынік горшы, чым іх сапернік, пачыналі асабліва старацца стаць першымі. Але гэтае імкненне ішло супраць іх: яны трацілі самакантроль, пачыналі хвалявацца, пульс пачашчаўся, ім станавілася ўсё цяжэй засяродзіцца. А менавіта канцэнтрацыя была ключом да поспеху ў наступных заданнях і магчымасцю вярнуць сабе пазіцыю лідара ў пары. У выніку атрымліваўся парадокс: тэстастэрон нібыта дадаваў сіл і жадання змагацца, але адначасова перашкаджаў спакойна ісці да мэты.

Узрост не заўсёды мае значэнне
Паводле прафесара Рухалы, па норме ў мужчын узровень тэстастэрону ў крыві павінен складаць ад 10 да 28 нанамоль на літр. Але гэта — агульны тэстастэрон, і яго значэнне само па сабе мала што кажа пра здароўе.
Агульны тэстастэрон складаецца з дзвюх частак: звязанага, які «прыклеены» да спецыяльнага бялку пад назвай SHBG (глабулін, што звязвае палавыя гармоны), і свабоднага. Менавіта апошні ёсць актыўным і ўплывае на арганізм.
Калі ўзровень SHBG высокі (напрыклад, пры павышанай функцыі шчытападобнай залозы), то большая частка тэстастэрону аказваецца «звязанай», а актыўнага, свабоднага застаецца мала. Таму мужчына можа мець нармальны ці нават высокі агульны ўзровень тэстастэрону, але пры гэтым пакутаваць ад яго дэфіцыту.
Падчас палавога паспявання ўзровень тэстастэрону паступова расце і дасягае піку прыкладна да 30—40 гадоў. Потым ён павольна пачынае змяншацца, асабліва прыкметна — пасля 60—65 гадоў. Гэты працэс называюць андрапаўзай — мужчынскім аналагам клімаксу.
Аднак, у адрозненне ад жанчын, у мужчын няма рэзкага гарманальнага зрыву. Зніжэнне адбываецца плаўна, а сімптомы — патлівасць, стомленасць, раздражняльнасць, паніжаны настрой — звычайна не такія яркія, але з часам усё ж назапашваюцца.
Сімптомы недахопу тэстастэрону часта праходзяць незаўважна. Мужчына можа страціць цікавасць да сэксу, адчуваць слабасць, быць раздражняльным, але найчасцей тлумачыць гэта стомленасцю.
Калі такое становішча доўжыцца доўга, то варта здаць аналізы на тэстастэрон. Паводле вынікаў абследавання доктар можа прызначыць замяшчальную тэрапію тэстастэронам: таблеткі, мазі або ўколы.
Часам узровень тэстастэрону зніжаецца раптоўна. Гэта можа быць звязана з аўтаімуннымі рэакцыямі арганізма, парушэннямі ў працы гіпофізу, гіпаталамуса або яечак.
Акрамя таго, існуюць рэчывы, якія незаўважна перашкаджаюць працы гарманальнай сістэмы. Гэта так званыя эндакрынныя разбуральнікі — хімікаты, якія па сваёй структуры падобныя да гармонаў. Яны могуць узмацняць актыўнасць SHBG (што зніжае ўзровень свабоднага тэстастэрону) або прыгнятаць выпрацоўку самога гармону.
Гэтыя рэчывы сустракаюцца, напрыклад, у касметыцы або пластыкавых прадметах, асабліва калі яны награваюцца на сонцы. Іх уздзеянне шкоднае ў любым веку.
Такім чынам, тэстастэрон — надзвычай важны гармон, але абыходзіцца з ім трэба вельмі асцярожна. Прафесар Рухала падкрэслівае: адзіны шлях да прыгожага цела — гэта трэніроўкі і правільнае харчаванне. Бяспечнай альтэрнатывы не існуе.
Каментары
А ГЗТ после 40 - это прекрасный шанс сделать жизнь яркой и полноценной. Правда, не все урачы в РБ на это идут.