Былы дырэктар ФБР апублікаваў фота ракушак, выкладзеных у форме лічбы 8647. Яго абвінавачваюць у закліку забіць Трампа
Джэймс Комі выдаліў допіс і заявіў, што ніякага падтэксту там не было. Але амерыканскія праваахоўнікі пачалі расследаванне.

Былы дырэктар ФБР Джэймс Комі апублікаваў фатаграфію з ракушкамі, якія выкладзены ў форме ліку «8647». Яго адразу ж абвінавацілі ў закліках да забойства прэзідэнта Дональда Трампа. Праваахоўнікі пачалі расследаванне.
Комі, якога Трамп звольніў у 2017 годзе, пазней выдаліў публікацыю, заявіўшы, што не ведаў аб магчымай сувязі гэтага паведамлення з гвалтам. Але ў асяроддзі прыхільнікаў Трампа паднялася хваля абурэння, пішa Reuters.
Комі апублікаваў у інстаграме фатаграфію з ракушак, выкладзеных у форме ліку 8647, з подпісам: «Прыгожая кампазіцыя з ракавін падчас маёй прагулкі па пляжы».
На амерыканскім жаргоне 86 можа выкарыстоўвацца як дзеяслоў, які азначае «выгнаць каго-небудзь з бара за п’янства або парушэнне парадку», а лік 47 быццам бы з’яўляецца адсылкай да Трампа як да 47-га прэзідэнта. Некаторыя прыхільнікі Трампа інтэрпрэтавалі паведамленне як заклік да гвалтоўнага адстаранення Трампа ад улады, уключаючы забойства.
Слоўнік Merriam-Webster указвае, што адным з апошніх значэнняў слова «86» стала «забіць», аднак слоўнік не ўключае гэта значэнне афіцыйна «з-за яго адноснай навізны і рэдкасці выкарыстання».
Сакрэтная служба ЗША, адказная за ахову прэзідэнта, заявіла, што ведае аб публікацыі Комі, але не дала ёй канкрэтнай ацэнкі.
«Сакрэтная служба старанна расследуе ўсё, што можа быць ўспрынята як патэнцыйная пагроза ў адрас ахоўваемых асоб. Мы інфармаваныя аб пастах былога дырэктара ФБР у сацсетках і адносімся да падобнай рыторыкі вельмі сур'ёзна. Аднак мы не каментуем пытанні, звязаныя з ахоўнай разведкай», — заявіў прадстаўнік службы Энтані Гул'ельмі.
Кіраўнік Міністэрства ўнутранай бяспекі ЗША Крысці Ноэм, ведамства якой курыруе Сакрэтную службу, напісала ў X, што Дэпартамент і Сакрэтная служба «раследуюць гэтую пагрозу і адрэагуюць адпаведна».
Дырэктар ФБР Кэш Патэл таксама паведаміў у X, што яго ведамства знаходзіцца ў кантакце з Сакрэтнай службай наконт публікацыі і «прадаставіць усю неабходную падтрымку».
Некаторыя пракаментавалі сітуацыю больш адназначна, абвінаваціўшы Комі ў злых намерах. Намеснік кіраўніка адміністрацыі Белага дома Дэн Сквіно заявіў, што допіс з'яўляецца заклікам да забойства Трампа.
Пасля абурэння з боку прыхільнікаў Трампа Комі выдаліў публікацыю.
«Я думаў, што гэта проста палітычнае выказванне. Не ведаў, што хто-небудзь асацыюе гэтыя лічбы з гвалтам. Мне гэта нават у галаву не прыходзіла. Але я супраць любога гвалту, таму выдаліў пост», — растлумачыў Комі.
У маі 2017 года, у пачатку свайго першага тэрміна, Дональд Трамп звольніў Комі, які ў той час узначальваў расследаванне магчымай змовы паміж перадвыбарчным штабам Трампа і Расіяй у 2016 годзе.
Каментары