«Адпраўлялі мыць туалеты і кідалі ў ШІЗА». Суседкі расказалі пра абыходжанне ў калоніі з экс-палітзняволенай Тамарай Каравай, якая пасля памерла
Асуджаную за лайк у «Аднакласніках» 45-гадовую жыхарку Лунінца Тамару Каравай, якая памерла пасля выхаду з калоніі, за кратамі неаднаразова кідалі ў ШІЗА. Пра гэта і іншыя дэталі яе ўтрымання ў калоніі Гомеля «Нашай Ніве» расказалі экс-палітзняволеныя.

«Тамара знаходзілася ў 18-м атрадзе. Яшчэ калі была ў каранціне, першы раз заехала ў ШІЗА, ёй тады далі трое сутак. Пасля яе яшчэ шмат разоў змяшчалі ў ШІЗА. Да яе было вельмі шмат прэтэнзій з боку адміністрацыі і заўгаса, і яе ўсяляк імкнуліся запісаць у дадатковыя прыбіранні, дадатковыя нарады», — расказвае адна з былых палітзняволеных, што перасякалася з Каравай у калоніі.
Пры гэтым Тамара не баялася выказваць услых свае думкі і меркаванні — у тым ліку непахвальныя і грубыя на адрас адміністрацыі.
«Яна не баялася, што гэта могуць пачуць староннія людзі, якія яе маглі здаць. У прынцыпе, за гэта яе і здавалі па выніку».
Вядома, што Тамару ў калоніі адпраўлялі мыць туалеты. Праз нялёгкую фізічную працу і працяглае знаходжанне ў ШІЗА яна моцна схуднела.
«Але яна шмат пасміхалася, была вельмі трывалай жанчынай», — каментуюць экс-палітзняволеныя.

Пра смерць Тамары Каравай «Нашай Ніве» паведамілі яе знаёмыя. Афіцыйная прычына — не вытрымала сэрца. Невядома, калі дакладна не стала жанчыны, але анлайн у сацсетках апошні раз яна была 23 красавіка 2025 года.
Тамара працавала прыбіральшчыцай у лунінецкай будаўнічай краме «Справа тэхнікі». Пасля стала індывідуальнай прадпрымальніцай і прадавала на рынку абутак. Апошні час перад арыштам падпрацоўвала сядзелкай.
Замужам жанчына не была, але жыла з грамадзянскім мужам і гадавала сына. На момант затрымання ён быў непаўналетнім.
Тамара Каравай апынулася ў ліку памілаваных 20 жніўня 2024 года. Яна вызвалілася на тры месяцы раней за прызначаны ёй тэрмін.
Памерла 39-гадовая экс-палітзняволеная Ганна Кандраценка. У калоніі ў яе знайшлі рак, але не вызвалілі
Хто той палкоўнік Жураўскі, які падбіў Зянковіча, Фядуту і Кастусёва на нібыта дзяржаўны пераварот?
«Мы для іх — мяса». Палітвязень выйшаў з меланомай, ён ускладае віну на начальніцу санчасці і прымусовае галенне галавы
Каментары
А смелым честным женщинам - особое уважение!