Ушанаванне памяці пра нацыянальнага героя Беларусі, ЗША, Польшчы і Літвы было адзінай прычынай, чаму ў вёсцы, дзе няма і сотні жыхароў, быў адкрыты раённы музей.

Змены ў Малых Сяхновічах Жабінкаўскага раёна заўважыў тэлеграм-канал «Спадчына».
На фотаздымках, зробленых падчас урачыстага адкрыцця 7 мая 2025 года пасля рэканструкцыі залы Вялікай Айчыннай вайны ў Жабінкаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі, што месціцца ў вёсцы Малыя Сяхновічы, відаць, што на месцы бюста Тадэвуша Касцюшкі, які раней стаяў перад будынкам музея, цяпер знаходзіцца толькі невялікая лысая клумба.
Калі дакладна быў знесены помнік і дзе цяпер захоўваецца твор мастацтва, дакладна невядома. Яшчэ ў верасні 2024 года бюст стаяў на сваім месцы.

Паводле інфармацыі на сайце музея (беларускамоўная версія цалкам адсутнічае) сёння яго экспазіцыя прадстаўлена ў чатырох залах: зале этнаграфіі, дзе прадстаўлены экспанаты сялянскага побыту канца XIX — пачатку ХХ стагоддзя, зале гісторыі Жабінкаўшчыны, зале Баявой Славы, прысвечанай падзеям Другой сусветнай вайны, і залы, дзе размяшчаецца экспазіцыя «Злачынствы фашызму. Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны» (такія экспазіцыі сталі з'яўляцца па ініцыятыве генеральнага пракурора Андрэя Шведа).
Дзіўнае дубляванне тэмы вайны ў музеі тлумачыцца тым, што яшчэ нядаўна замест залы «генацыду беларускага народа» быў асобны пакой, прысвечаны жыццю і дзейнасці генерала Тадэвуша Касцюшкі, якога называюць «героем трох кантынентаў». Інфармацыя пра пакой знаходзілася на галоўнай старонцы музея да канца 2022 года, відаць, па інерцыі, бо якраз у лютым таго ж года ў музеі з'явілася новая зала.
Калі не лічыць адрас — вуліца Тадэвуша Касцюшкі, 21 —
сёння імя Касцюшкі ні разу не згадваецца на сайце музея, хоць першапачаткова ўстанова стваралася менавіта з мэтай ушанавання яго памяці.

Хоць Тадэвуш Касцюшка і нарадзіўся ў маёнтку Мерачоўшчына каля Косава, сапраўдным радавым гняздом Касцюшкаў-Сяхновіцкіх з'яўляюцца Сяхновічы.
Тут Тадэвуш Касцюшка пасяліўся і пражыў чатыры гады пасля вяртання з ЗША, дзе браў удзел у вайне за незалежнасць. Гэта быў адзіны ўласны дом, які Касцюшка меў у дарослым жыцці. Астатні час жыў у вайсковых лагерах ды па чужых кутах.
Ад сядзібы ў Сяхновічах не засталося нічога, акрамя фрагментаў парку і ліпавай алеі, дрэвы якой датуюцца XVIII стагоддзем — часам, калі тут жыў Тадэвуш Касцюшка. Парк пры былой сядзібе прызнаны помнікам прыроды мясцовага значэння.

Першы помнік Касцюшку і музей у яго гонар
Жабінкаўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей, які размяшчаецца на тэрыторыі былой сядзібы Касцюшкаў, вельмі малады, яму няма і 15 гадоў.
Раней за музей у Малых Сяхновічах з'явіўся бюст выдатнага земляка. Ён быў пастаўлены намаганнямі мясцовых краязнаўцаў перад будынкам Сяхновіцкай васьмігадовай школы на хвалі нацыянальнага адраджэння ў 1988 годзе.

Першапачаткова бюст быў пастаўлены замест імперскага арла на пастаменце помніка ў памяць пра руска-французскую вайну 1812 года ў Кобрыне. Яго для горада ў 1932 годзе стварыла знакамітая мясцовая скульптарка Бальбіна Відацкая-Свіціч. У 1951 годзе, калі савецкія ўлады вырашылі аднавіць расійскі помнік, бюст Касцюшкі спачатку трапіў у падсобку кобрынскага музея імя Суворава, а затым — у Брэсцкі абласны краязнаўчы музей, дзе знаходзіўся да 1988 года.
Доўгі час бюст у Малых Сяхновічах быў адзіным помнікам нацыянальнаму герою Беларусі, аж пакуль у 2018 годзе на тэрыторыі музея-сядзібы Тадэвуша Касцюшкі ў Мерачоўшчыне не паставілі поўнафігурны помнік аўтарства Гэніка Лойкі.
За савецкім часам бюст Касцюшкі быў унесены ў Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі — афіцыйны пералік аб'ектаў, якія былі ўзятыя пад ахову дзяржавы. За часамі кіравання Аляксандра Лукашэнкі быў створаны новы Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, куды бюст, як і многія гістарычныя сядзібы, паркі, касцёлы і цэрквы, перанесены не быў.

У 1994 годзе ў Сяхновіцкай школе стварылі пакой, прысвечаны генералу Касцюшку і роду Касцюшкаў-Сяхнавіцкіх. Узімку ў 2003 годзе ў Малых Сяхновічах адкрылі асобны мемарыяльны пакой.
Нарэшце ў 2010 годзе мясцовыя ўлады прынялі рашэнне акрыць у Малых Сяхновічах раённы музей, у якім быў задуманы мемарыяльны пакой Касцюшкі. Жабінкаўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей афіцыйна адкрылі ў 2011 годзе ў былым будынку школы, якая стала малакамплектнай.

Тое, што раённы музей адкрылі не ў Жабінцы, а ў невялікай і малапрыкметнай вёсцы, паказвае на тое, што асноўны акцэнт у ім рабіўся менавіта на асобе нацыянальнага героя.
Зала, прысвечаная Касцюшку, была аздоблена абабітымі панэлямі з завяршэннямі ў неагатычным стылі, які быў папулярным у сядзібным будаўніцтве, кандэлябрамі і бэлькамі з фігурнымі канцамі. На панэлях размяшчаліся малюнкі і фотаздымкі, звязаныя з Касцюшкам, а па цэнтры адной са сцен фамільны герб — Рох III.

Па апошніх здымках з музея можна зразумець, што ўвесь дэкор пад шляхецкую даўніну і экспазіцыя, прысвечаная Касцюшку, былі цалкам дэмантаваныя. Замест іх з'явіліся манекены савецкіх партызан на фоне фоташпалер з выявай сасновага лесу.

Цяпер жа, калі ў Малых Сяхновічах не засталося ні бюста, ні асобнай залы, ніякіх прычын наведваць былое радавое гняздо Касцюшкаў не засталося. Маленькая вёсачка знікне з маршрутаў аматараў гісторыі.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬУ Касцюшкаве знікла шыльда ў памяць пра Тадэвуша Касцюшку
У Гродне з Новага замка прыбралі мемарыяльную шыльду Касцюшкі
Прапагандысты разганяюць фэйк пра выдаленне артыкула пра Хатынь у Вікіпедыі
«Мужык я з роду, сын зямлі літоўскай». Новыя дакументы Кастуся Каліноўскага ўдалося выявіць дзякуючы почырку
Каментары
[Зрэдагавана]