Да чэмпіянату свету па фехтаванні дапусцілі нават «нейтральных» расійскіх афіцэраў
Міжнародная федэрацыя фехтавання (FIE) дапусціла 40 «нейтральных» фехтавальшчыкаў з Расіі і Беларусі да чэмпіянату свету, які адбудзецца з 22 па 26 ліпеня ў грузінскім Тбілісі. Украіна ўжо выказала пратэст такому рашэнню, заявіўшы, што праверка нейтральнага статусу беларускіх і расійскіх фехтавальшчыкаў была павярхоўнай і парушае ўсе заяўленыя правілы, піша «Радыё Свабода».

Асаблівую ўвагу ў спісе дапушчаных да чэмпіянату прыцягнулі Сафія Вялікая, якая мае званне маёра арміі РФ, і лейтэнант Яна Ягар’ян. Гэта супярэчыць рэкамендацыям МАК, згодна з якімі спартсмены з вайсковымі званнямі і датычнасцю да сілавых структур Расіі і Беларусі не могуць лічыцца нейтральнымі.
Абедзве згаданыя расійскія фехтавальшчыцы знаходзяцца пад украінскімі санкцыямі за распаўсюджванне і падтрымку расійскай прапаганды.
Ад Беларусі ў спісе 12 чалавек:
Шпага: Кацярына Пашарнёва, Аляксандра Цурская, Дзмітрый Рыкуноў, Марк Семаненка.
Шабля: Кацярына Рагачоўская, Яна Собаль, Сяргей Кісель, Сцяпан Каваль.
Рапіра: Дар’я Уласава, Уладзімір Бутэнка, Уладзіслаў Нікалюк, Ягор Рабцоў.
FIE дазволіла ўдзел гэтых спартсменаў таксама і ў камандных спаборніцтвах.
Федэрацыя фехтавання Украіны (ФФУ) ужо адрэагавала на рашэнне FIE.
«Гэта — плявок у твар не толькі ўкраінскім спартсменам, але і ўсёй сусветнай спартыўнай грамадскасці. Мы з самага пачатку падкрэслівалі, што ўвесь гэты працэс праверкі расійскіх фехтавальшчыкаў на прадмет нейтральнасці з'яўляецца фарсам. Цяпер, спадзяюся, гэта стала зразумела ўсім іншым замежным федэрацыям, якія рабілі выгляд, што адбор нармальны.
Такое дзёрзкае рашэнне стала магчымым, бо ўсе папярэднія скаргі Федэрацыі фехтавання Украіны заставаліся без рэакцыі, у тым ліку з боку Міжнароднага алімпійскага камітэта», — заявіў прэзідэнт ФФУ Міхаіл Ільяшаў.
Украінская федэрацыя цяпер вызначае юрыдычныя крокі, каб супрацьстаяць гэтаму рашэнню, а таксама звяртаецца ў спецслужбы краіны з заклікам прымяніць прадугледжаныя законам захады ў дачыненні да кіраўніцтва Міжнароднай федэрацыі фехтавання.
Беларускім фехтавальшчыкам дазволілі выступаць на міжнародных спаборніцтвах
Дачка эмігрантаў з Беларусі стала алімпійскай чэмпіёнкай у фехтаванні на рапірах у складзе зборнай ЗША
Малдова забараніла ўезд у краіну беларускай зборнай па кікбоксінгу. У яе складзе быў і Дзмітрый Шакута
Беларуска, якая асудзіла рэпрэсіі і расійскую агрэсію, стала медалісткай прэстыжных лёгкаатлетычных спаборніцтваў
Каментары