Сакратар Каардынацыйнай рады і адзін з кіраўнікоў штаба Віктара Бабарыкі Іван Краўцоў «Белсату» патлумачыў сваю пазіцыю з крытыкай у бок Святланы Ціханоўскай.

У сваім акаўнце на Facebook Іван Краўцоў адрэагаваў на словы Святланы Ціханоўскай выданню «Politico». Ён прывёў цытату, у якой беларуская дэмакратычная лідарка сказала, што нельга нармалізаваць сітуацыію «калі людзей адпускаюць за нейкія саступкі з вашага боку [з боку Захаду], змякчэнне санкцыяў або публічнасць». Ціханоўская заявіла, што «Лукашэнку трэба пакараць, а не ўзнагародзіць», што асабліва абурыла Івана Краўцова.
У сваім пасце Краўцоў напісаў: «Мужа выпусцілі, астатнія няхай пасядзяць!».
Затым ён патлумачыў «Белсату» сваю пазіцыю тым, што, на ягоны погляд, такія заявы Ціханоўскай выглядаюць абсалютна крывадушнымі. Бо, з аднаго боку, Офіс Святланы Ціханоўскай кажа, што просіць ЗША садзейнічаць вызваленню палітвязняў і нібыта сам удзельнічае ў гэтым працэсе, сустракаецца з памочнікам дзяржсакратара Крыстаферам Смітам. А з другога — выступае з заявамі, што, маўляў, візіт Кіта Келага быў дарэмны і што нельга нармалізоўваць вызваленне людзей праз такія візіты і кантакты.
«Для мяне гэта дзіўна. У людзей жа, здаецца, ёсць досвед: блізкага чалавека вызвалілі, ёсць разуменне, што працуе адначасова і ціск, і перамовы. Пра гэта шмат хто ў дэмакратычным руху кажа — Павел Латушка пра гэта гаворыць, што патрэбна камбінаваць стратэгію перамоваў і ціску. Але людзі не разумеюць, яны выходзяць і чамусьці працягваюць рабіць дзіўныя заявы, якія нават не адпавядаюць таму, што кажа Сяргей Ціханоўскі, які бачыў гэтыя жахі там і толькі што выйшаў адтуль [з турмы]. Ён дакладна сказаў, што галоўная мэта — выратаваць людзей, дастаць іх адтуль, з турмаў, з закладнікаў», — кажа Іван Краўцоў.
Ён дадае, што пасля ўсяго гэтага Святлана Ціханоўская, а хутчэй за ўсё ейныя дарадцы, «якія пішуць для яе гэтыя каментары», разумеючы ўсю адказнасць і далікатнасць дыпламатычных працэсаў, усё роўна працягваюць рабіць такія безадказныя заявы.
«Гэта выснова, якую я раблю, што Святлана Ціханоўская, Франак Вячорка ведаюць пра дыпламатычныя намаганні Злучаных Штатаў, яны на сустрэчах кажуць, што «мы падтрымліваем і за». У выніку гэтых намаганняў выходзіць муж Святланы Ціханоўскай, не проста нехта, а блізкі чалавек, за якога яна змагалася пяць гадоў. І праз тыдзень чалавек выходзіць, і [яны кажуць] не, нельга рабіць нават публічныя сустрэчы і мяняць на палітвязняў, таму што гэта небяспечная практыка. Ну я раблю выснову, што ў чалавека сапраўды няма эмпатыі да іншых, што чалавек лічыць, што не трэба выкарыстоўваць гэтыя інструменты, нават атрымаўшы такі, здавалася б, важны для сябе досвед, убачыўшы, што гэта працуе, што камбінацыя ціску і перамоваў працуе. Гэта мая выснова, якую я зрабіў, і я яе напісаў», — заўважае Краўцоў.
Іван Краўцоў адзначыў, што і ў Каардынацыйнай радзе, сакратаром якой ён з'яўляецца, да нядаўняга часу не было поўнага адзінства наконт таго, як вызваляць палітвязняў. Частка ўдзельнікаў займалася перамоўным кірункам — сярод іх Таццяна Хоміч, якая разам з Вольгай Гарбуновай і Валерыем Кавалеўскім істотна прасоўвала гэты працэс. Менавіта дзякуючы ім і праваабаронцам быў сфарміраваны перамоўны трэк. Іншыя займаліся ціскам на рэжым, хоць эфектыўнасць гэтага, са словаў Івана Краўцова, складана ацаніць. Паводле суразмоўцы «Белсату», зараз найбольш збалансаваная пазіцыя — тая, якую выказвае, напрыклад, Павел Латушка: неабходна спалучаць дыпламатыю і ціск.
У той жа час на заўвагу вядоўцаў «Студыі» аб тым, ці нельга было б выпрацоўваць супольную пазіцыю ўнутры дэмакратычнай супольнасці і не сварыцца пры гэтым адно з адным, Іван Краўцоў адзначыў, што «сварка» — гэта праява публічнай палітыкі.
«Яна [публічная палітыка] прадугледжвае выказванне розных пазіцый. Гэта ненармальная сітуацыя, калі ўсе пляскаюць у далоні і ў адзіным парыве нікога не крытыкуюць. Адсутнасць крытыкі — гэта прыкмета крызісу. Таму тое, што зараз крытыка з’яўляецца, — гэта якраз прыкмета таго, што ў сітуацыі з'яўляецца дынаміка. Нарэшце адбываюцца нейкія канкрэтныя змены», — адзначыў Іван Краўцоў.
Нагадаем, 6 ліпеня Сяргей Ціханоўскі распавёў, што думае наконт меркаванняў, быццам ягоныя інтэрвʼю зараз могуць перашкодзіць вызваленню іншых палітвязняў, а таксама расказаў, што найбліжэйшым часам выйдзе на волю тысяча палітзняволеных.
«Я не хачу і ніколі не буду падрываць дыктатару і КДБ. Я выкарыстоўваю кожны дзень і кожную гадзіну, нават працуючы цяпер па 16 гадзінаў у дзень, — адказаў ён. — Цяпер новыя магчымасці. Час памяняўся, сітуацыя памянялася, плюс тысяча зараз выйдзе. Усё будзе па-іншаму».
Каментары