Футбаліст, якога выклікалі ў зборную Беларусі, забіў свайго брата, таксама футбаліста
Віталь Алешчанка быў перспектыўным нападаючым, але сам знішчыў сваю кар’еру — скандаламі, крымінальнымі разборкамі і перадусім алкаголем. Жыццё пайшло пад адхон, і падзенне не спыняецца.

Імя Віталя Алешчанкі добра памятаюць футбольныя заўзятары, якія сачылі за чэмпіянатам Беларусі ў самым канцы 1990-х і пачатку 2000-х. Таленавіты форвард гуляў за віцебскі «Лакаматыў-96» (цяпер — «Віцебск») і ставіў рэкорды клуба па колькасці галоў.
Пікам яго кар’еры быў 1999 год. Алешчанка накалаціў ажно 17 галоў. Сярод тых, у каго іх было больш, быў Віталь Кутузаў — праз два гады яго купіў «Мілан».
Зрэшты, Алешчанка таксама мог з’ехаць за мяжу. Яго паклікалі на прагляд у ізраільскі клуб, ацанілі ўзровень і адразу прапанавалі шыкоўны кантракт. «Макабі» з Хайфы быў гатовы плаціць яму па $9 тысяч штомесяц і $45 тысяч стартавым бонусам — шалёныя грошы на тыя часы.

Аднак за два дні да канчатковага ад’езду ў Ізраіль Алешчанка пайшоў на крымінальныя разборкі ў віцебскі рэстаран «Брыганціна». Хтосьці камусьці быў павінен грошы, а футбаліст вырашыў увязацца ў канфлікт. Слова за слова, пачалася бойка.
«Зайшоў у бар, выцягнуў на вуліцу свайго крыўдзіцеля, а тут падаспела падмога з васьмі чалавек. Пачаў яго малаціць, а той нажом засадзіў мне са спіны. Нож я выцягнуў і пагнаўся за ім. Натоўп — у розныя бакі. Адчуваю, унутранае кровазліццё. Выклікалі таксі, дык я нават аплаціў за дастаўку ў бальніцу. Лекары сказалі, што лязо прайшло ў двух міліметрах ад аорты», — расказваў футбаліст у легендарным інтэрв’ю «Мяне ўводзіў з поля АМАП»
Натуральна, пасля такіх прыгодаў пра ізраільскі кантракт можна было забыць. У тым жа 1999-м Алешчанку нават выклікалі ў зборную Беларусі, але ў матчы з Расіяй ён прасядзеў у запасе.
Віталь пагуляў яшчэ ў «Гомелі» і «Белшыне», пасля вярнуўся ў родны «Лакаматыў-96».
Агулам яго статыстыка ў Вышэйшай лізе шыкоўная — 89 матчаў і 36 галоў.

Алешчанка даволі позна прабіўся на высокі ўзровень — недзе ў 23 гады, — і рана скончыў — у 27. Сярод абставінаў варта згадаць і траўмы, але асноўнай прычынай, банальнай і распаўсюджанай у тыя часы ў беларускім футболе, стаў алкаголь.
Алешчанка прызнаваўся, як за дзень да матча ў Вышэйшай лізе выпіваў чатыры літры піва, а калі заканчваў кар’еру ў Оршы, то выходзіў на поле п’яным.
Малодшы брат Віталя, Юрый Алешчанка, таксама быў футбалістам. У пачатку 2000-х браты разам выступалі за «Віцебск» і «Оршу». Юрый таксама гуляў у нападзенні, але братавых поспехаў не дасягнуў — 50 матчаў і 4 галы ў вышэйшай лізе. Што яшчэ ў яго было агульнае з братам, дык гэта праблемы з алкаголем.
Пасля сканчэння кар’еры Віталь паспрабаваў сябе дзіцячым трэнерам — не пайшло. Тады заняўся будоўляй, нейкі час катаўся ў Расію на заробкі.
Далей было ўсё менш працы і больш алкаголю. Былы футбаліст піў проста ў пад’ездзе з сябрам. Паказальная гісторыя з таго старога інтэрв’ю:
«Дарэчы, за некалькі дзён да нашай сустрэчы я счапіўся з мянтом. Зайшоў да сяброў, нікому не замінаў, крыху адзначылі гэтую справу ў пад’ездзе. Выйшаў міліцыянт, які таксама жыве ў тым доме, і пачаў чапляцца да майго сябра. А я ж заўсёды за сяброў гарой. Карацей, давялося пабіцца. У выніку склалі пратакол, далі трое сутак. Толькі я ўцёк з залы суда. Знойдуць — дадуць 15 сутак».
Пры сустрэчы з сябрамі Віталь Алешчанка першай справай прасіў пазычыць грошы — на бутэльку. Праз некалькі гадоў яго нават адправілі ў ЛПП.
Дарэчы, у Віталя былі дзве сям’і — абедзве разваліліся, і абедзве жонкі падавалі ў суд на аліменты. Дачка Настасся таксама пайшла ў футбол, яна гуляла ў камандзе «Зорка-БДУ», а цяпер стала суддзёй. Мяркуючы па інфармацыі ў «Вікіпедыі», сын Яўген нарадзіўся з ДЦП.
Што было ў жыцці братоў Алешчанкаў далей? Пра гэта днямі напісаў віцебскі дзяржаўны сайт «Віцьбічы», праўда, не называючы іх імёны. Зрэшты, па кантэксце можна лёгка пазнаць братоў:
«Кватэра [Юрыя] пачала фігураваць у міліцэйскіх дакументах як прытон. Ды і жадання жыць там разам з сяброўкай з такімі ж глыбокімі праблемамі з алкаголем асабліва не было. Пачаліся выпадковыя заробкі ў Расіі. Праўда, усе крохі, заробленыя такім чынам, ішлі на чарговую бутэльку. А яшчэ агульнай «забавай» для братоў-футбалістаў стала рукапрыкладства не толькі ў дачыненні да маці, але і да іншых.
«Старэйшы з братоў (Віталь Алешчанка — НН) неаднаразова ўжываў гвалт у дачыненні да маці. Пры гэтым паводзіў сябе нахабна, агрэсіўна рэагаваў на яе заўвагі, а яна папракала сына за тое, што той не працуе. У некаторых выпадках патрабаваў грошы на спіртное, — расказаў пракурор Віцебскага раёна Ігар Лісоўскі. — Малодшы брат таксама час ад часу пагражаў членам сям’і, ладзіў дэбошы. Ён наездамі жыў у маці і таксама нідзе не працаваў».
31 жніўня 2022 года ў дом да Віталя і Юрыя Алешчанкаў прыйшла знаёмая, пачалася чарговая п’янка. У нейкі момант паміж братамі пачалася спрэчка, а пасля і бойка. Віталь схапіўся за нож і забіў свайго 37-гадовага брата.
У судзе Віталь часткова прызнаў віну. Яму прызначылі 9 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Каментары
вам шкала мякькіх знакау́ ?