Культура22

Выстаўка «Жахлівая прыгажосць» у Мінску — магчыма, самая смелая за апошнія гады

У Літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа ідзе, мабыць, самая незвычайная выстава апошніх гадоў — прысвечаная традыцыі стварэння пасмяротных масак. Наведвальнікі змогуць пабачыць адбіткі часу, застылыя ў гіпсе твары выдатных беларускіх дзеячаў і класікаў. Некаторыя гісторыі, якія хаваюцца за маскамі, сапраўды кранаюць.

Пасмяротныя маскі Петруся Броўкі і Уладзіміра Караткевіча. Фота: Літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа

Выстаўка, якая адкрылася 4 жніўня, ставіць у цэнтр увагі імкненне чалавека захаваць вобраз памерлага. У розныя эпохі і ў розных культурах намаганне захаваць твар — найбольш выразную частку індывідуальнасці чалавека — набывала розныя формы. Пасмяротная маска стала асаблівай формай памяці, адказам на непазбежнасць фізічнага знікнення цела.

Пасмяротныя маскі з’явіліся яшчэ ў старажытнасці — у Егіпце і Мікенах, дзе іх рабілі не з адбіткаў твару, а як сімвалічныя пахавальныя маскі. У Старажытным Рыме прадстаўнікі эліты выкарыстоўвалі сапраўдныя адбіткі твараў, часам зробленыя яшчэ пры жыцці, каб паказваць іх на пахаваннях.

У Сярэднявеччы і Новы час у Еўропе, асабліва пачынаючы з XV стагоддзя, маскі пачалі здымаць з твараў памерлых як мадэлі для скульптур і партрэтаў, а ў ХІХ стагоддзі яны сталі мастацкімі і навуковымі аб’ектамі самі па сабе. Іх сталі выкарыстоўваць таксама ў судовай медыцыне, напрыклад, для ідэнтыфікацыі асоб. Да нас дайшлі пасмяротныя маскі многіх выдатных людзей ХІХ — ХХ стагоддзяў, як то Напалеона, Лінкальна ці Тэслы. Гэтая традыцыя існавала і ў Савецкай Беларусі.

Пасмяротная маска Якуба Коласа, выкананая народным мастаком Беларусі Заірам Азгурам. Фота: Літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа

«Дакладнай інфармацыі, калі традыцыя стварэння пасмяротных масак з'явілася на тэрыторыі беларускіх земляў і як яна развівалася, на жаль, у адкрытым доступе няма. Выбудаваць іерархію беларускіх скульптараў, якія прыклалі сваю руку да гэтага далікатнага віду скульптуры, дастаткова складана. Хоць ва ўсім свеце пасмяротныя маскі адназначна ставяцца да разраду мастацтва, многія беларускія скульптары не афішуюць свайго дачынення да стварэння пасмяротных масак», — гаворыцца ў анатацыі да выстаўкі.

Пасмяротныя маскі вядомых беларускіх дзеячаў на выстаўцы «Жахлівая прыгажосць». Фота: Літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа

На выстаўцы «Жахлівая прыгажосць» можна ўбачыць пасмяротныя маскі беларускіх пісьменнікаў і паэтаў — Якуба Коласа, Кузьмы Чорнага, Петруся Броўкі, Уладзіміра Караткевіча і жонкі Янкі Купалы, Уладзіславы Луцэвіч, а таксама кампазітара, аўтар гімна «Мы беларусы» Несцера Сакалоўскага і скульптара Андрэя Бембеля. 

Экспанаты паходзяць як з фондаў музея Якуба Коласа, так і прывезены з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея, музея Янкі Купалы, Бягомльскага музея народнай славы, музея-майстэрні Заіра Азгура і прыватных фондаў Таццяны Бембель і Алены Сінькевіч.

Пасмяротны партрэт скульптара-антыфашыста

Сапраўды незвычайная гісторыя хаваецца за пасмяротнай маскай Эрнста Барлаха, невядома якім лёсам занесенай у фонды беларускіх музеяў. 

Пасмяротная маска імпрэсіяніста Эрнста Барлаха з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі і арыгінальная маска, знятая яго спадарожніцай жыцця Маргай Бёмер. Фота: сацсеткі, deutschefotothek.de

Эрнст Барлах быў нямецкім скульптарам-імпрэсіяністам, які вярнуўся з Першай сусветнай вайны перакананым пацыфістам. Калі ўладу ў Германіі захапілі нацысты, ён супрацьстаяў у сваім мастацтве іх мілітарысцкаму духу. У 1937 годзе працы скульптара былі канфіскаваныя з музеяў, цэркваў і іншых грамадскіх месцаў і былі выстаўлены, як і творы іншых мастакоў-авангардыстаў, на перасоўнай выстаўцы ўзораў «дэгенератыўнага мастацтва». 

Адной з самых знакамітых прац Барлаха была скульптура «Лунаючы анёл», створаная ім для Гюстраўскага сабора як мемарыял у памяць аб загінулых у Першай сусветнай вайне. У 1937 годзе яе вынеслі з сабора, а ў 1941 годзе яна была пераплаўлена для патрэб нямецкай арміі.

Арыгінальная скульптура «Лунаючы анёл» працы Эрнста Барлаха ў Гюстраўскім саборы, пераплаўленая ў 1941 годзе для патрэбаў нямецкай арміі. 1927 г. Фота: Wikimedia Commons

Барлаха выжылі з Прускай акадэміі мастацтваў, ён быў вымушаны працаваць патаемна. У працы яму самааддана дапамагала яго спадарожніца жыцця, скульптарка Марга Бёмер. Яна дбала аб яго здароўі, спакоі і магчымасці творча працаваць, нават калі яго працы забароненыя. Яна даглядала яго ў час цяжкай хваробы аж да самай смерці ад інфаркту.

«Лунаючы анёл» працы Эрнста Барлаха ў Гюстраўскім саборы. Арыгінальная форма загінула ў час вайны. Новую скульптуру для сабора выканалі па другой адліўцы, якая не была знішчана. Фота: Wikimedia Commons

Менавіта Марга Бёмер зняла пасмяротную маску з твара Барлаха, копія якой выстаўлена на выстаўцы «Жахлівая прыгажосць». Бёмер займалася захаваннем творчай спадчыны памерлага. У 1951 годзе яна дамаглася ад уладаў ГДР экспанавання яго твораў у капліцы Святой Гертруды, на гарышчы якой жыла да самай смерці, даглядаючы калекцыю і распавядаючы наведвальнікам пра творчасць Барлаха.

У 1953 годзе ў Гюстраўскі сабор вярнулася адліўка са скульптуры «Лунаючы анёл», якая да таго часу ўжо стала сімвалам міру.

Выстаўка «Жахлівая прыгажосць» будзе працаваць у Літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа з 4 па 30 жніўня 2025 года. Гэта рэдкая магчымасць убачыць артэфакты, невядомыя шырокай публіцы, якія захоўваюць не толькі рысы, але і дазваляюць літаральна сустрэцца тварам да твару з выбітнымі дзеячамі беларускай культуры.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары2

  • Мова
    06.08.2025
    Адначасова i жахлiва, i цiкава, нiбыта ўбачыў чалавека, якi заснуў, але сон яго ўжо належыць вечнасцi.
  • ШОС Бэнд
    07.08.2025
    Быу учора у Гюстраве. Абсалютна выпадкова -збегліся акалічнасці перасадкі Гамбург- Берлін. Яго яшчэ называюць Барлахштадт

Цяпер чытаюць

Фоты з Масквы даюць пабачыць Пуціна і Лукашэнку без грыму15

Фоты з Масквы даюць пабачыць Пуціна і Лукашэнку без грыму

Усе навіны →
Усе навіны

Блішч зрабіў эфектныя ФОТЫ Драздоў — такімі вы іх не бачылі18

Цягнік сышоў з рэек і згарэў на мяжы з Беларуссю ў Смаленскай вобласці4

З Акадэміі музыкі звольнілі першага прарэктара Юрыя Караева2

У школе Брэста адзін хлопец ударыў другога па нагах. Яго маці пайшла ў суд — хоча 1000 рублёў за маральную шкоду14

У выніку атакі дронаў адбыўся пажар на НПЗ у Краснадарскім краі2

Выбраныя талісманы чэмпіянату свету па футболе2

Мінскі гарадскі суд не вытрымлівае нагрузкі — не паспяваюць судзіць палітвязняў22

Кіраўнік Пентагона склікае сотні генералаў з усяго свету на экстранную нараду24

«Я не збіраўся сядаць у турму». Былы ратавальнік правёў 4,5 гады ў калоніі праз дзве кінутыя бутэлькі і жменю пяску5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Фоты з Масквы даюць пабачыць Пуціна і Лукашэнку без грыму15

Фоты з Масквы даюць пабачыць Пуціна і Лукашэнку без грыму

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць