Грамадства6161

Карпушонак пра «харасмент» з боку Латушкі: У мяне няма такіх відавочных доказаў, якіх ад мяне цяпер усе патрабуюць

Былая супрацоўніца НАУ і дэлегатка Каардынацыйнай рады Вольга Карпушонак 30 жніўня абвінаваціла аднаго з самых вядомых лідараў дэмсіл Паўла Латушку ў сэксуальных дамаганнях і пагрозах. Пасля гэтага яна сышла ў цень: зрэдку з’яўлялася ў публічнай інфапрасторы і ігнаравала ўсе просьбы пра каментары. Праз паўтара тыдня Вольга вырашыла перапыніць маўчанне і пагаварыла з «Люстэркам».

Ольга Карпушонок, март 2025 года. Фото: instagram.com/karpushonak26
Вольга Карпушонак, сакавік 2025 года. Фота: instagram.com/karpushonak26

«Я ўспрыняла гэта нармальна, бо ўсё выглядала як знаёмства з супрацоўнікам»

— Давайце пачнём з надзённай сітуацыі. У вашай заяве ў пракуратуры Іспаніі і Польшчы вы напісалі, што пакінулі Еўрасаюз і знаходзіцеся ў адносна бяспечным месцы. Ці можаце сказаць, дзе менавіта?

— Не, бо я ўсё яшчэ дэлегатка Каардынацыйнай рады, і ў дачыненні да мяне ў Беларусі распачатыя чатыры крымінальныя справы. То-бок мне трэба ратавацца яшчэ і ад КДБ. Але адчуваю сябе ў адноснай бяспецы. І гэта не Еўрасаюз.

— Вы доўга не выходзілі на сувязь з журналістамі і калегамі. Што прымусіла вас перапыніць маўчанне менавіта цяпер?

— Я разумею, што мушу расказаць сваю гісторыю, сваю версію падзей. Чаму я доўга маўчала? Скажу шчыра, першыя некалькі дзён наогул не адказвала на паведамленні. Не чытала гэта ўсё, было вельмі цяжка. Я бачыла, што мне прыходзяць нейкія паведамленні вельмі негатыўнага характару, і некалькі дзён іх не адкрывала. Потым паціху пачала ўжо напаўняць сябе гэтай інфармацыяй. Пайшлі нейкія новыя факты, новыя заявы з боку Пал Палыча [Латушкі]. Я вырашыла, што людзі не разумеюць, што адбылося, і трэба гэта растлумачыць. Цяпер я да гэтага маральна гатовая.

— Як вы ацэньваеце свой фізічны і псіхалагічны стан пасля ўсяго таго, што адбылося?

— Цяжка, вядома. Было вельмі складана першыя некалькі дзён. Цяпер я ўжо стараюся браць сябе ў рукі. Больш за ўсё хвалююся за сваіх родных. Я атрымліваю пагрозы, але за сябе не баюся. Я баюся за блізкіх, бо ім таксама пагражаюць.

Скриншоты сообщений с угрозами, которые получила Ольга Карпушонок и ее родители. Изображения предоставлены собеседницей, коллаж «Зеркала»
Скрыншоты паведамленняў з пагрозамі, якія атрымала Вольга Карпушонак і яе бацькі. Выявы ад суразмоўцы, калаж «Люстэрка»

— Вернемся да заявы ў пракуратуру. У ёй вы адзначылі, што пераслед з боку Латушкі доўжыўся з 7 снежня 2024 года да пачатку студзеня 2025-га. Можаце растлумачыць, што вы ўкладаеце ў паняцці «дзеянні сэксуальнага характару», «непажаданыя дотыкі» і «прапановы сэксуальнага характару»?

— Зараз я раскажу ўсю гісторыю, каб вы змаглі задаваць удакладняльныя пытанні.

У 2024 годзе я жыла ва Украіне. У мяне былі пэўныя праблемы з украінскімі спецслужбамі, і я прыняла рашэнне пераязджаць у Польшчу. Са мной звязаўся Арцём Праскаловіч (былы супрацоўнік адміністрацыі Лукашэнкі, юрыст НАУ. — Заўв. «Люстэрка») і на даручэнне Латушкі прапанаваў далучыцца да іх каманды. Я пагадзілася. У лістападзе я пераехала. Яны некалькі дзён па сваіх пратаколах бяспекі мяне правяралі, і потым я пачала працаваць. Гэта быў канец таго месяца.

Дату 7 снежня я дакладна памятаю, бо напярэдадні ў нас была сустрэча ў Міністэрстве ўнутраных спраў Польшчы, пасля якой Пал Палыч запрасіў мяне ў рэстаран. Я ўспрыняла гэта нармальна, бо ўсё выглядала як знаёмства з супрацоўнікам. Але ўжо падчас сустрэчы зразумела, што ён намякае на больш асабістыя зносіны.

Я ведала, што Латушка не жанаты. На той момант я нічога не ведала пра наяўнасць у яго нейкіх адносін, таму, у прынцыпе, не бачыла ў гэтым нічога страшнага. Але потым на працы я даведалася, што, аказваецца, ён жыве з дзяўчынай з НАУ. Я вельмі здзівілася.

Калі Латушка запрасіў мяне яшчэ раз, я сказала, што для мяне гэта ўсё непрымальна, і прапанавала камунікаваць толькі ў працоўным парадку. Ён пачаў пераконваць, што ў яго з гэтай дзяўчынай нічога сур’ёзнага, што я яму вельмі падабаюся як жанчына і гэтак далей. Але я канкрэтна дала зразумець, што паміж намі нічога не будзе. У прынцыпе, я за сваё жыццё не раз сутыкалася з такімі сітуацыямі, але пасля відавочнай адмовы з майго боку мужчыны больш не рабілі ніякіх дзеянняў, і мы працягвалі працаваць.

Гэтым разам усё было не так. Латушка нейкі час яшчэ пісаў мне асабістыя паведамленні, мог на працы неяк пажартаваць, калі мы былі сам-насам. Аднойчы быў выпадак, калі мы ехалі ў ліфце разам з калегамі пасля нейкай сустрэчы, і Латушка непрыкметна памацаў мяне за азадак. Мяне гэта вельмі збянтэжыла, я разгубілася і не ведала, як сябе паводзіць.

Я выказала яму ўсё асабіста ў кабінеце, папрасіла больш так не рабіць, інакш раскажу ўсё яго дзяўчыне. На што Латушка адказаў, што гэта глупства і што я магу пра гэта пашкадаваць. Пазней ён некалькі разоў пытаў, ці зрабіла я ўжо ДНЖ — я тады была ў працэсе афармлення. І намякнуў, што яму будзе дастаткова сказаць некалькі слоў, каб мяне прызналі пагрозай нацбяспецы і дэпартавалі з Польшчы.

Часта кажуць, што гэта гучыць як трызненне: маўляў, Пал Палыч не мае такога ўплыву на спецслужбы. Мне такі погляд падаецца занадта наіўным. Я не сцвярджаю, што польскія службы неяк карумпаваныя і дзеля Латушкі пойдуць на незаконныя дзеянні. Але я разумею, што любая спецслужба перастрахуецца, калі падазрэнні будуць паходзіць ад такога аўтарытэтнага чалавека.

Чаму я лічыла гэтыя пагрозы рэальнымі? Пасля маёй адмовы, прыкладна са студзеня, я пачала чуць ад розных супрацоўнікаў НАУ на свой адрас з’едлівыя жарты, што нібыта я ўкарэненая ў арганізацыю на заданне спецслужбаў. Прычым версіі былі і пра СБУ, і пра КДБ. Усё гэта гаварылася нібыта жартам, але даволі часта. Мяне гэта кранала. Атмасфера ў цэлым была вельмі таксічная.

Працаваць было вельмі цяжка, але я лічыла свае задачы важнымі — я займалася праблемамі беларусаў. Разлічвала, што сітуацыя неяк наладзіцца, таму працягвала працаваць.

Латушка не мог мяне звольніць адкрыта, бо для гэтага не было падстаў. Ён пайшоў такім шляхам, каб я пайшла сама. Асабліва сітуацыя абвастрылася пасля знікнення Анжалікі Мельнікавай. У нас адбылася размова з Арцёмам Бруханом (супрацоўнік НАУ, дзейны спікер КР. — Заўв. «Люстэрка») і Арцёмам Праскаловічам у сярэдзіне красавіка, падчас якога я адказала на ўсе іх пытанні. Яны прапанавалі прайсці паліграф. Я пагадзілася. Больш за тое, у Каардынацыйнай радзе я заўсёды падтрымлівала ініцыятыву наконт праверкі на паліграфе ўсіх дэлегатаў.

Падчас стрыму 30 жніўня Павел Латушка заявіў, што Вользе Карпушонак прапаноўвалі прайсці паліграф 15 красавіка 2025 года на сустрэчы з удзелам спікера КР Арцёма Брухана і намесніка палітыка Арцёма Праскаловіча. «Праз тыдзень яна пакінула нашую каманду. Яна проста сышла. Такім чынам прадэманстраваўшы, што яна не гатовая прайсці паліграф», — сцвярджаў Латушка.

Пасля гэтага я працавала яшчэ тры тыдні. Больш да пытання пра паліграф ніхто не вяртаўся. Сітуацыя ў офісе не мянялася. Я разумела, што мне трэба паўнавартасна займацца сваёй аплачванай працай (у НАУ, са словаў Вольгі, яна працавала на валанцёрскіх пачатках. — Заўв. «Люстэрка»), і я паступова пераключылася на супрацоўніцтва анлайн. Выконвала нейкія эпізадычныя задачы і аж да публікацыі свайго паста ў офісе НАУ больш не паказвалася.

Потым я пайшла. Ведаю, што з боку Латушкі распаўсюджваліся чуткі пра маё супрацоўніцтва са спецслужбамі не толькі ў НАУ, але і сярод дэлегатаў КР. Калі абіралася ў Парламенцкую асамблею Рады Еўропы, ад некаторых дэлегатаў з іншых фракцый чула, што фракцыя Латушкі лічыць мяне супрацоўніцай спецслужбаў. Хоць публічна яны пра гэта ніколі не заяўлялі, усё адбывалася кулуарна і пастаянна.

«Ад мяне патрабавалі шпіёніць за іншымі ўдзельнікамі дэмруху»

— Вы згадвалі праблемы са Службай бяспекі Украіны. Раскажыце падрабязней.

— Варта вярнуцца да ўкраінскай гісторыі, бо гэта ўсё звязана. У 2022 годзе, калі я падавалася на ўкраінскі ВНЖ, была стандартная праверка СБУ. Яны даведаліся, што я раней была адвакаткай, і, натуральна, у мяне былі кантакты ў беларускіх праваахоўных органах. Таму мяне адправілі на паліграф. Я яго прайшла паспяхова. Гэта пацвярджаецца тым, што я атрымала свой дазвол на жыхарства, які, дарэчы, дзейнічае дагэтуль і не ануляваны (дазволы на жыхарства ва Украіне, тэрміны дзеяння якіх заканчваюцца пасля 22 лютага 2022 года, лічацца сапраўднымі да заканчэння ваеннага становішча. — Заўв. «Люстэрка»).

Вид на жительство в Украине, выданный Ольге Карпушонок. Фото: facebook.com/olga30032018
Дазвол на жыхарства ва Украіне, выдадзены Вользе Карпушонак. Фота: facebook.com/olga30032018

З 2022-га да 2024-га я перыядычна мела зносіны з СБУ, яны прасілі ў мяне нейкую інфармацыю пра беларускі бок. Я лічыла гэта абсалютна нармальным, бо ў той момант шчыра верыла, што такім чынам дапамагаю Украіне і што гэта карысна для іх перамогі.

Але ў 2024 годзе ў іх памяняўся начальнік аддзела, які займаецца беларусамі, і са мной пачалі працаваць нашмат шчыльней. Сталі патрабаваць шпіёніць за іншымі ўдзельнікамі беларускага дэмакратычнага руху. Гэтага я рабіць не хацела. На мяне ўвесь час ціснулі, казалі, што менавіта ад іх залежыць, застануся я ва Украіне ці не, ці падоўжаць мой дазвол на жыхарства і гэтак далей.

Ольга Карпушонок в Одессе. Украина, апрель 2022 года. Фото: instagram.com/karpushonak26
Вольга Карпушонак у Адэсе, красавік 2022 года. Фота: instagram.com/karpushonak26

Калі мне кажуць, што СБУ так не працуе, што гэта не КДБ, для мяне гэта выглядае вельмі наіўна. Я сама юрыстка, працавала ў юрыдычнай фірме і бачыла, якія рашэнні прымаюцца ў дачыненні да беларусаў і расіян. Таму ў мяне ніякіх ілюзій не было. І паколькі ціск быў дастаткова моцным і настойлівым, я зразумела, што не змагу нармальна жыць ва Украіне, і трэба пераязджаць, калі хачу нейкіх перспектыў для сваёй будучыні.

Калі яны пачалі на мяне ціснуць, я стала запісваць нашы размовы. Свядома іх не публікую, бо ў гэтых размовах згадваюцца і іншыя беларусы, а ў мяне няма мэты іх дыскрэдытаваць, як і ўкраінскія спецслужбы ў цэлым.

Калі я з’ехала ў Польшчу, са мной яшчэ некалькі разоў звязваліся, цікавіліся працай у НАУ, на што я адказала досыць груба. У мяне ёсць скрыншот такой перапіскі.

Скриншоты переписки Ольги Карпушонок с, предположительно, сотрудником СБУ. Фото: личный архив. Коллаж «Зеркала»
Скрыншоты перапіскі Вольгі Карпушонак з, як мяркуецца, супрацоўнікам СБУ. Фота: асабісты архіў. Калаж «Люстэрка»

Пасля таго як я апублікавала свой пост, Алег Кулеша (экс-палітвязень, дэлегат КР. — Заўв. «Люстэрка») публічна заявіў, што ў яго ёсць інфармацыя з нейкай вартай даверу крыніцы з Украіны, што я прайшла паліграф з неспрыяльным вынікам і афіцыйна падазраюся ў супрацоўніцтве з КДБ. Павел Паўлавіч у сваім стрыме заявіў, што ў яго ёсць паведамленні ад нейкіх ананімных добраахвотнікаў, якія заявілі, што я збірала інфармацыю пра іх, і мяне трэба затрымаць у Польшчы.

Пра гэта напісалі СМІ, і людзі цяпер абмяркоўваюць, што я агент рэжыму, што мяне выгналі з Украіны, што я не прайшла паліграф і гэтак далей. Дарэчы, дзе цяпер гэтыя ананімныя добраахвотнікі — незразумела.

«Дзеянні, пра якія я кажу — адны з тых, даказаць якія найбольш складана»

— Вернемся да абвінавачанняў у адрас Паўла Латушкі. Вы згадалі інцыдэнт у ліфце. Ці былі яшчэ падобныя дзеянні?

— Давайце звернемся да значэння тэрміна «харасмент». Гэта не толькі сэксуальныя дамаганні, але і любыя дзеянні, у тым ліку пагрозы, якія ствараюць вакол чалавека неспрыяльную абстаноўку, выклікаюць пачуццё страху.

З яго боку гэта выявілася ў тым, што спачатку ён намякаў і прапаноўваў мне ўступіць з ім у асабістыя адносіны, спрабаваў мяне памацаць падчас сустрэчы ў рэстаране, а таксама перыядычна, калі мы заставаліся сам-насам на працы, у яго кабінеце. І вось гэты выпадак у ліфце.

Але асноўнае не гэта. Вы ж разумееце, што такое ў маім жыцці здаралася неаднаразова, як і ў любой жанчыны. Асноўнае — тое, што пасля маёй відавочнай адмовы ён пачаў на мяне ціснуць, пагражаць, выкарыстоўваючы сваё службовае становішча і сваю ўплывовасць.

— Пагрозы былі толькі вуснымі ці ў перапісцы таксама?

— Мы з ім размаўлялі ў сакрэтным чаце з функцыяй аўтаматычнага выдалення. Натуральна, у той момант, калі ўсё толькі пачыналася, я нічога не фіксавала: не запісвала размоў, не рабіла скрыншотаў. Таму ў мяне няма такіх відавочных доказаў, якіх ад мяне цяпер усе патрабуюць.

І ў цэлым як адвакат магу сказаць, што тыя дзеянні, пра якія я кажу — адны з тых, даказаць якія найбольш складана. Але ў мяне ёсць частка перапіскі і маленькі аўдыёзапіс. Я не хачу іх паказваць цяпер, каб не даваць Латушку магчымасці падрыхтавацца, сфальсіфікаваць абвяржэнні. Як адвакатка па крымінальных справах я ведаю, што часам доказы не варта выкладваць публічна загадзя.

— Вашыя калегі згадвалі, што раней вы пазітыўна адклікаліся пра Латушку. Чаму вы вырашылі апублікаваць абвінавачанні менавіта ў жніўні?

— Я заўсёды імкнулася да аб’ектыўнасці. Пры ўсім тым, што я цяпер кажу пра Пал Палыча, гэта не адмяняе таго, што ён робіць шмат карыснага. Акрамя таго, я не хацела раней пра гэта заяўляць, бо выдатна разумела, з чым сутыкнуся, з улікам яго рэпутацыі, і што гэта нашкодзіць дэмсілам у цэлым. Таму я максімальна адцягвала гэты момант. Я спадзявалася, што пайду з НАУ, і пра мяне забудуць, адчэпяцца. Але гэтага не адбылося. У жніўні я размаўляла з нашымі агульнымі калегамі і таксама чула, што я агент рэжыму. Таму проста пайшла на апярэджанне. Калі б Латушка рэалізаваў свае пагрозы, мяне б проста дэпартавалі і ўсё. А цяпер хаця б у польскіх праваахоўных органаў ёсць дзве пазіцыі, і яны абавязаныя з імі разбірацца. Публічнымі выказваннямі я сябе абараняю.

Гэта таксама мой абавязак. Мы не для таго паехалі з Беларусі, каб будаваць новую дыктатуру, калі людзі баяцца гаварыць. А цяпер рэальна баяцца, мне ў прыват многія напісалі словы падтрымкі, але гэтыя людзі не выступілі публічна. Я набралася смеласці выступіць. Так, гэта будзе цяжкі працэс і для нас, і для дэмсілаў, але ў выніку мы станем лепшымі.

— Польская пракуратура пацвердзіла нам атрыманне вашай заявы, але яна яшчэ не была зарэгістраваная. Ці ёсць у вас нейкая інфармацыя ад уладаў з гэтай нагоды?

— Не больш, чым у вас. Ад Іспаніі ў мяне таксама ёсць паведамленне, што мой зварот атрыманы, але пакуль ніякіх далейшых рухаў няма. Ці будуць па ім прымацца працэсуальныя рашэнні, я пакуль не ведаю.

«Мне даслалі маю фатаграфію, зробленую кімсьці ў тым горадзе, дзе я запісвала відэа»

— Вы сказалі, што пакуль не хочаце публікаваць доказы, якія прыклалі да заявы. Але, магчыма, вы можаце расказаць пра змест гэтых паведамленняў?

— Гэтыя паведамленні ў Telegram пацвярджаюць маю гісторыю пра тое, што Латушка прапануе мне перайсці на больш асабістыя адносіны, і ёсць пэўныя намёкі, у прыватнасці, на стварэнне мне праблем.

— У адным з пастоў у Facebook вы згадалі, што атрымалі пагрозу, у якой было пазначанае вашае дакладнае месцазнаходжанне і таемна зробленае фота. Як думаеце, ад каго яна можа ісці?

— Мне наогул вельмі шмат прыходзіць цяпер пагроз, я даслала вам скрыншоты. Я не ведаю, ад каго яны ідуць, паняцця не маю. Можа, ад украінцаў, можа, ад Латушкі, можа, проста ад нейкіх «добразычліўцаў». Мне даслалі маю фатаграфію, зробленую кімсьці ў тым горадзе, дзе я запісвала відэа. Хто гэтыя людзі, я не ведаю.

Фотография Ольги Карпушонок, тайно сделанная неизвестным и отправленная ей, сопровождавшаяся угрозой. Изображения предоставлены собеседницей, коллаж «Зеркала»
Фотаздымак Вольгі Карпушонак, таемна зроблены невядомым і дасланы ёй у суправаджэнні пагроз. Выявы ад суразмоўніцы, калаж «Люстэрка»

— Вы згадвалі, што былі ў НАУ валанцёркай, а не штатнай супрацоўніцай, і заробку не атрымлівалі. Але ў вашай заяве ў пракуратуру гаворка ішла пра магчымасць павышэння заробку. Як гэта суадносіцца?

— Я афармляла дакументы, у мяне не было дазволу на жыхарства, я яго атрымала ўжо бліжэй да лета, таму мяне не маглі ўладкаваць на працу афіцыйна. Але Латушка пару разоў перадаваў мне грошы асабіста ад сябе. Я яму на гэтыя сумы пісала распіскі. Гэта было ў снежні-студзені. Невялікія сумы: 100 еўра, 400 злотых. Але, натуральна, гаворка ішла пра тое, што я буду атрымліваць заробак у НАУ. Аднак да моманту звальнення я яго так і не атрымала.

— Павел Латушка адмаўляе сустрэчу ў рэстаране і кажа, што яго месцазнаходжанне кругласутачна адсочваюць польскія службы. Вы яшчэ настойваеце, што гэтая сустрэча была?

— Так, гэтая сустрэча была. На той момант, натуральна, у мяне не было прычын фіксаваць даты ці месцы, таму дакладна дзень я вам не назаву. Гэта быў пачатак снежня. Рэстаран знаходзіўся ў раёне плошчы Канстытуцыі (Plac Konstytucji ў Варшаве. — Заўв. «Люстэрка»), але дакладнай яго назвы я не памятаю.

— У сваім першым пасце вы напісалі, што ў рэстаране падчас супольнай вячэры з Латушкам афіцыянты ведалі, якое віно ён любіць. У адказ на гэта сам палітык заявіў, што ўжо доўгі час не п’е алкаголю.

— Відаць было, што Латушка разбіраецца ў добрых вінах, і афіцыянты ведалі пра яго густы. Але ён толькі прыгубіў, наогул ён ніколі пры мне ці камандзе асабліва не піў алкаголю. У НАУ казалі, ён можа выпіць толькі дома. Не ведаю, з чым гэта звязана.

— Вашая калега па фракцыі «Хопіць баяцца» Таццяна Мартынава выказвала асцярогу, што вамі могуць маніпуляваць. Вы з ёй размаўлялі пасля гэтага?

— Мы некалькі разоў размаўлялі, я ёй дасылала відэа-кружочкі. Так, яна лічыць, што мной маніпулююць. Я ёй сказала, што гэта не так, але зразумела, што яна будзе прытрымлівацца сваёй пазіцыі. Адносіны нармальныя. Я не хачу яе ў гэта ўцягваць, таму ніколі ёй пра гэта не расказвала.

— Сакратарыят Каардынацыйнай рады заявіў, што вы ў перыяд з сакавіка да жніўня 2025 года спампавалі больш за 70 рабочых дакументаў, і назваў вашую актыўнасць нетыповай. Навошта вам спатрэбіліся гэтыя файлы?

— На сазвоне Рады фракцый КР я падала скаргу на дзеянні Сакратарыята з просьбай абвергнуць гэтую інфармацыю, бо я ніколі не спампоўвала ніякіх файлаў з агульнага дыска КР. Я магла іх адкрываць і рэдагаваць, але ніколі не запампоўвала ў рэжыме «загрузіць на сваю прыладу» або «захаваць на свой дыск». І я папрасіла даць мне доказы-скрыншоты, дзе будзе выразна відаць, што і калі я запампоўвала.

Што да змянення маёй актыўнасці, то яна не змянялася. Я як да сакавіка працавала з дакументамі Каардынацыйнай рады, так і працавала пасля. Мяне вельмі здзівіла такая публікацыя. Я заўсёды лічыла, што Сакратарыят публікуе больш-менш аб’ектыўныя і дакладныя звесткі.

Калі Сакратарыят мае на ўвазе, што я адкрывала 70 дакументаў, выкарыстоўваючы слова «спампаваць», гэта сведчыць пра тое, што ў Каардынацыйнай радзе я сапраўды працавала, а не проста прысутнічала і галасавала па ўказцы лідараў фракцый. Атрымліваецца, любы дэлегат, які бярэ актыўны ўдзел у дзейнасці КР, аўтаматычна падазраецца ў супрацоўніцтве з рэжымам.

Ольга Карпушонок в Одессе. Украина, май 2022 года. Фото: instagram.com/karpushonak26
Вольга Карпушонак у Адэсе, травень 2022 года. Фота: instagram.com/karpushonak26

— Усё, што адбываецца, Павел Латушка і НАУ назвалі аперацыяй КДБ па дыскрэдытацыі. Што вы адкажаце на прамое абвінавачанне ў працы на спецслужбы?

— У нас любая крытыка на адрас дэмсіл, а асабліва такая, як мая, успрымаецца як праца на рэжым. Бо, вядома, у нейкай ступені гэта рэжыму выгадна. Але гэта не значыць, што мы ўсе павінныя маўчаць.

Калі б у яго (Латушкі. — Заўв. «Люстэрка») былі рэальныя, абгрунтаваныя падазрэнні, ён бы не дапусціў мяне да працы з далікатнай інфармацыяй у НАУ і ў дэлегацыі ў ПАРЕ. Таму я лічу, што ўсе гэтыя прэтэнзіі з яго боку абсалютна неабгрунтаваныя.

І яшчэ: калі б за мной стаялі спецслужбы, то, мабыць, уся гэтая гісторыя была б падрыхтаваная нашмат лепш. А я, калі вы заўважылі, нават не змагла запісаць відэа так, каб нельга было ідэнтыфікаваць маё месцазнаходжанне.

— Павел Латушка падаў супраць вас пазоў пра абарону гонару і годнасці. Будзеце ўдзельнічаць у працэсе?

— Так, я бачыла гэты пазоў. Вядома, я буду ўдзельнічаць, буду абараняцца, працаваць з адвакатам. На гэты момант я ў яго пошуку. А як я буду даваць тлумачэнні суду — тут два варыянты: альбо гэта робіць адвакат на маё даручэнне, альбо я сама прыеду ў ЕС. Мы будзем яшчэ з ім раіцца.

— А што мусіць адбыцца, каб вы прыехалі ў ЕС?

— Я мушу пераканацца, што для мяне гэта бяспечна.

— Якім чынам? Гэта мусяць быць запэўніванні польскіх уладаў ці нешта іншае?

— Я буду абмяркоўваць гэта з адвакатам.

— Якой канчатковай мэты вы дабіваецеся? Адстаўкі Латушкі?

— Мая галоўная матывацыя — абараніць сябе. Другое — я хачу, каб людзі ведалі праўду, каб такія гісторыі не дапускаліся. Бо я ведаю, што акрамя той жанчыны, з якой ён сустракаецца цяпер, у яго былі адносіны як мінімум яшчэ з дзвюма дзяўчатамі з НАУ. Незразумела, хто яшчэ трапіць у такую сітуацыю. А адстаўка, адхіленне — гэта не мне вырашаць.

— Некаторыя каментатары ў дэмсілах асцерагаюцца, што гэты скандал прынясе шкоду ўсяму руху. Што вы можаце на гэта адказаць?

— Гэта пытанне з разраду «ці не працую я на рэжым». Зразумела, што ўсе скандалы ў нейкай ступені падрываюць давер, але тады ў нас застаецца варыянт проста сядзець і маўчаць і з усім згаджацца. І тады мы пабудуем новую дыктатуру.

Другі момант: я ж не ставіла пад сумнеў усе структуры ў цэлым. Так, я выказала недавер Аб’яднанаму пераходнаму кабінету, гэта праўда. Яны выступілі з заявай, якая мяне вельмі здзівіла: заявілі пра свой безумоўны давер Латушку, не дачакаўшыся правядзення расследавання, проста аўтаматычна занялі яго бок. Лічу, што такое недапушчальна.

— З Офіса Святланы Ціханоўскай з вамі выходзілі на кантакт?

— Не.

— Якія вашыя далейшыя палітычныя планы? Збіраецеся працягваць дзейнасць?

— Я пакуль не ведаю нават таго, у якой краіне магу жыць. Усе працэсы на паўзе. Я не выходзіла з Каардынацыйнай рады, я ўсё яшчэ дэлегатка і там, і ў ПАРЕ. Планую працягваць сваю дзейнасць, але вы ж разумееце, што да мяне ёсць велізарны недавер з боку беларусаў — мяне лічаць агентам рэжыму. І ўсё гэта дзякуючы заявам Латушкі і таму, як гэта падаецца ў СМІ. Але будзем з гэтым працаваць.

— У канцы верасня — пачатку кастрычніка ў Страсбургу будзе сесія ПАРЕ. Будзеце ўдзельнічаць?

— Не, бо я не ў ЕС.

— Магчыма, ёсць яшчэ нешта, пра што я не спытаў, але вы хацелі б выказацца?

— Хачу звярнуць увагу на свой тэкст, размешчаны на старонцы Мінскай гарадской калегіі адвакатаў у 2021 годзе. За дзень да паседжання кваліфікацыйнай камісіі ў Мінюсце, якая пазбаўляла адвакатаў ліцэнзіі, мне прапанавалі апублікаваць артыкул, які мог бы мне дапамагчы.

Я доўга думала. У той дзень я наведвала ў СІЗА двух сваіх падабаронных, палітвязняў, і папярэдзіла іх, што, хутчэй за ўсё, заўтра мяне пазбавяць ліцэнзіі. Расказала пра зробленую мне прапанову. На што мне адказалі: «Вядома, рабі ўсё што заўгодна, каб захаваць магчымасць працаваць, бо ты нам патрэбная». У той момант у мяне было больш за дзесяць кліентаў, якія сядзелі ў СІЗА, асноўная частка — палітычныя. І я зразумела, што павінная захаваць сваё права ім дапамагаць. Я апублікавала гэты артыкул. Ён, па сутнасці, змяшчае вытрымкі з правілаў прафесійнай этыкі адваката пра тое, што неабходна клапаціцца ў першую чаргу пра інтарэсы кліента, а не пра ўласную папулярнасць.

Для ўсіх людзей, якія знаходзіліся тады ў Беларусі, зразумела, што я пайшла на гэта дзеля ліцэнзіі. А цяпер мяне гэтым папракаюць. Ніхто не асуджае людзей, якія, напрыклад, пішуць заявы на памілаванне ці прызнаюць віну. Я зрабіла тое самае, каб захаваць ліцэнзію. Вось і ўсё.

Каментары61

  • Воля, заходзь пасля вайны.
    10.09.2025
    Плач Карпушонка. Perfect timing. Як гавораць англа-саксы.
  • шуняўка
    10.09.2025
    Выкрыты чарговы агент-дармаед канторы. Хлопцы, трэба нешта рабіць, з такімі 'кулсторыз' вам ня толькі беларусы, нават парсюкі ў мацкве не павераць.
  • Неверагодна цікава
    10.09.2025
    Зашмат літар для "Не дала". Зусім з глуздузьехалі у сваіхЭуропах!

Цяпер чытаюць

Жонка Галыгіна адсвяткавала пад Мінскам дзень нараджэння ў рускім стылі — у какошніку і з тортам-матрошкай ШМАТ ФОТА11

Жонка Галыгіна адсвяткавала пад Мінскам дзень нараджэння ў рускім стылі — у какошніку і з тортам-матрошкай ШМАТ ФОТА

Усе навіны →
Усе навіны

Сын апошняга шаха. Хто такі Рэза Пехлеві, чые імя выкрыкваюць паўстанцы іранцы3

У Іране падчас пратэстаў загінулі ўжо больш за 50 чалавек1

Украіна і ЗША могуць падпісаць у Давосе пагадненне аб аднаўленні на 800 млрд даляраў

Доктар патлумачыў, якія сродкі не дапамогуць вашым суставам9

Затрымаць сёння нафтавы танкер амерыканцам дапамаглі ўлады Венесуэлы. Трамп імі задаволены8

Трамп можа даць кожнаму жыхару Грэнландыі па 100 тысяч даляраў за далучэнне да ЗША23

«Ты з іншага цеста». Як заставацца беларусамі за мяжой самім і гадаваць імі дзяцей23

Адкуль бяруцца назвы цыклонаў? І чаму менавіта «Улі»?1

У PandaDoc новы генеральны дырэктар1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Жонка Галыгіна адсвяткавала пад Мінскам дзень нараджэння ў рускім стылі — у какошніку і з тортам-матрошкай ШМАТ ФОТА11

Жонка Галыгіна адсвяткавала пад Мінскам дзень нараджэння ў рускім стылі — у какошніку і з тортам-матрошкай ШМАТ ФОТА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць