Грамадства22

Экс-палітвязень Сяргей Спарыш: Самае складанае — камунікацыя з крымінальнікамі

Сяргея Спарыша затрымалі ў чэрвені 2020 года, калі ў Мінску і іншых беларускіх гарадах яшчэ не пачаліся шматтысячныя акцыі пратэсту. Праз больш чым 5 гадоў яго вызвалілі і вывезлі разам з іншымі зняволенымі за мяжу. Радыё Свабода распытала актывіста пра самае цяжкае за кратамі, уплыў санкцый на Беларусь і апошнюю размову з Статкевічам.

Фота: Радыё Свабода

Актывіста партыі «Народная Грамада» Сяргея Спарыша затрымалі 20 чэрвеня 2020 года, абвінаваціўшы ва «ўдзеле ў масавых беспарадках», «навучанні ці падрыхтоўцы асоб да ўдзелу ў масавых беспарадках», «перашкодзе ў ажыццяўленні выбарчых правоў». Вынік — 6 гадоў у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

11 верасня Сяргея, як і яшчэ 51 зняволенага, вызвалілі і вывезлі за мяжу ў выніку перамоваў уладаў Беларусі з прадстаўнікамі адміністрацыі ЗША. Палітык Мікалай Статкевіч адмовіўся пакідаць Беларусь. Сяргею ўдалося пагаварыць з ім у СІЗА КДБ.

«Ён быў у добрым маральным стане, лепшым, чым да 2020 года, бо была няпэўнасць, як праявяць сябе беларусы ў 2020-м. У 2025‑м ён сказаў, што беларуская нацыя ўжо існуе, але няма дзяржавы. Цяпер засталася толькі палова задачы», — прыгадвае Сяргей размову з Мікалаем Статкевічам.

Сяргей Спарыш падкрэслівае, што праўдзівую інфармацыю пра Мікалая Статкевіча можна будзе атрымаць, калі з’явіцца хаця б нейкая сувязь з ім. Пры ўсіх іншых варыянтах улады могуць і будуць хлусіць.

«Каб мы ведалі, што Мікалай Статкевіч знаходзіцца ў тым ці іншым месцы, што ён жывы, што ён здаровы, трэба атрымаць нейкую сувязь з ім — званок або ліст. Іншых варыянтаў, каб быць упэўненымі, няма. Усё, што кажа Лукашэнка ці яго памагатыя, павінна a priori лічыцца хлуснёй», — гаворыць актывіст.

Па вызваленні Сяргею Спарышу, як і некаторым іншым зняволеным, не аддалі пашпарт — ёсць толькі даведка аб вызваленні.

«Самае складанае — камунікацыя з крымінальнікамі»

Самым складаным за кратамі Сяргей называе вымушаную камунікацыю з крымінальнікамі. Гэта моцна ўплывае на маральны стан.

«Палітвязні змяшаныя з крымінальнікамі. Калі ты ў камеры знаходзішся з пяццю забойцамі, адзін з якіх задушыў маці, бо тая не дала яму грошай на пахмелле — вось у такой кампаніі цяжка нармальнаму чалавеку. Праз пэўны час гэта пакідае след, становіцца некамфортна. Даводзілася займацца медытацыяй, неяк адцягваць увагу», — гаворыць Сяргей Спарыш.

Ён таксама згадвае недахоп гігіены і медыцынскай дапамогі за кратамі. І ад галавы, і ад болю ў жываце лекар мог проста даць таблетку аспірыну. А часам за зварот да лекара можна было атрымаць пакаранне ў выглядзе ШЫЗА (штрафны ізалятар).

«Часта бывае, што людзям не даюць лекаў. Нашаму таварышу, хвораму на цукровы дыябет, не давалі інсулін. Інсулін — гэта наогул тыповы сродак уздзеяння. Чалавек упадае ў інсулінавую кому, пачынае паводзіць сябе неадэкватна. Пасля гэтага такіх людзей завозяць у псіхушку», — гаворыць Сяргей Спарыш.

«Палітвязням цяжэй атрымаць нават кнігі»

Былы зняволены кажа, што палітвязні маюць значна горшыя ўмовы нават у пытанні кніг:

«У шклоўскай калоніі ВК-17 палітычным кнігі забароненыя. Усе, абсалютна любыя. Калі ты ў кагосьці ўзяў кнігу — вы абодва паедзеце ў ШІЗА. У Магілёве ў калоніі звычайны чалавек — нейкі гвалтаўнік ці забойца — мог узяць пяць кніг, а я — толькі дзве. І ні ў якім разе нічога, звязанага з замежнымі мовамі. Замежныя мовы — я дамаўляўся з нейкім алкашом, плаціў яму цыгарэтамі, і ён браў для мяне кнігі», — прыгадвае Спарыш.

«Нават тыя, хто катаваў, мараць з’ехаць»

Паводле Сяргея Спарыша, многія супрацоўнікі ўнутры карнай сістэмы таксама мараць з’ехаць:

«Уначы будзілі кожныя паўгадзіны. Я падслухаў размову дзвюх жанчын, якія гэтым займаліся. Адна сказала: «Я паеду ў Польшчу і скажу, што я палітычная. Мне дадуць прытулак». Другая адказала: «Я таксама б з задавальненнем, але мой ці то Дзіма, ці то Саша — ён жа на «д» непрыстойнае слова — не зможа там працу знайсці». Гэта тыя людзі, якія займаюцца катаваннямі», — кажа Спарыш.

«У кожнай сітуацыі трэба захоўваць чалавечую годнасць»

Сяргей Спарыш лічыць, што ва ўмовах таталітарнай сістэмы вельмі важна захоўваць чалавечую годнасць, і толькі фінансавы ціск на рэжым можа быць эфектыўным.

«Калі пасадзілі Ціханоўскага і Статкевіча, ужо трэба было ўводзіць санкцыі. І не нейкія там аперэтныя, а сапраўдныя, каб ахнулі. Вось цяпер палякі закрылі мяжу — цудоўна. Праз Беларусь ідуць велізарныя плыні тавараў. А цяпер Лукашэнка атрымае ад свайго гаспадара з Кітая. Гэта вельмі добра», — мяркуе ён.

«Калі б у 2020 годзе змянілі ўладу, вайны б не было»

Паводле былога зняволенага, вайны ва Украіне магло б не быць, калі б у 2020 годзе ў Беларусі атрымалася змяніць уладу:

«Калі б удалося прыбраць гэты рэжым у 2020 годзе, то не было б вайны. І цяпер палякам не прыйшлося б траціць 4—5% ВУП на войска», — перакананы ён.

«Цяпер сядзяць за палітыку, нават калі ні ў чым не вінаватыя»

Спарыш кажа, што цяпер у Беларусі людзей саджаюць нават без удзелу ў палітычных дзеяннях:

«Тыя людзі, што раней сядзелі за хуліганства, цяпер яны таксама «палітычныя». Трэба, каб было шмат палітычных. Сістэма павінна паказваць, што працуе. Мне наўпрост казалі: у тым горадзе недапрацоўка — не хапае палітычных. І будуць саджаць больш. А ў іншым — план ужо выкананы. Пасадзяць праз год», — кажа ён.

Такі ўзровень рэпрэсіяў уладам патрэбны, бо яны баяцца актыўнасці людзей, баяцца, што пры аслабленні рэпрэсіяў людзі зноў выйдуць на вуліцу, гаворыць актывіст.

«Яны самі вельмі баяцца. Найменшае паслабленне гаек можа прывесці да таго, што людзі выйдуць на вуліцу. Нелюбоў да Лукашэнкі даволі сур’ёзная. Вельмі шмат людзей пацярпелі. І я ня бачыў людзей, якія яго менавіта паважаюць. Ёсць шмат, сярод крымінальнікаў асабліва, такіх, хто лічыць: калі ён улада, значыць, трэба яму падпарадкоўвацца. Аднак гэта не павага. І гэта не сапраўдны рэйтынг. Рэальны рэйтынг Лукашэнкі можа быць працэнтаў 5. Гэта тыя людзі, якія канкрэтна на яго працуюць, прычым на высокіх пасадах», — мяркуе Сяргей Спарыш.

Каментары2

  • Клаўс
    17.09.2025
    Калі чалавек задушыў маці за тое што не дала грошы на пахмелле - гэта не чалавек, а значыць правы чалавека яго недатычацца.
  • Хрыч
    17.09.2025
    Все против плешивого черта,однако он как сидел на троне так и сидит и в хрен не дует.Как так? Беларусь страна чудес

«Забралі яго. Не кінеш жа, усё ж такі наш чалавек». Лукашэнка выказаўся пра Статкевіча17

«Забралі яго. Не кінеш жа, усё ж такі наш чалавек». Лукашэнка выказаўся пра Статкевіча

Усе навіны →
Усе навіны

Дзяўчына з «кавуновага батальёна» Лукашэнкі атрымала ў Рыме прапанову рукі і сэрца. Хто ж жаніх?40

«Паліто за заробак?» Агляд асартыменту і цэн у краме «Элема» здзівіў беларусаў5

Пракуратура будзе патрабаваць смяротнага пакарання для забойцы Чарлі Кірка. Новыя падрабязнасці затрымання6

Што з выездам з Беларусі раніцай у сераду?

«Жыццё зайграла новымі фарбамі». У Гомелі ўзяла шлюб незвычайная пара: жаніху — 91 год, а нявесце — 722

Архітэктар назваў тое, што зрабілі ў Нясвіжы, «карным упарадкаваннем»15

Экс-палітвязень Сяргей Спарыш: Самае складанае — камунікацыя з крымінальнікамі2

Зяленскі: Расія плануе дзве цяжкія наступальныя кампаніі, тры папярэднія — праваліліся2

Колькасць людзей на планеце пачне скарачацца значна раней, чым вы думаеце21

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Забралі яго. Не кінеш жа, усё ж такі наш чалавек». Лукашэнка выказаўся пра Статкевіча17

«Забралі яго. Не кінеш жа, усё ж такі наш чалавек». Лукашэнка выказаўся пра Статкевіча

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць