Грамадства33

«Я не збіраўся сядаць у турму». Былы ратавальнік правёў 4,5 гады ў калоніі праз дзве кінутыя бутэлькі і жменю пяску

Андрэю Хвескаўцу 27 гадоў, ён былы ратавальнік з Пінска. У жніўні 2020 года ён кінуў у бок міліцыі дзве бутэлькі і жменю пяску. За гэтыя дзеянні атрымаў пяць гадоў калоніі паводле артыкула аб масавых беспарадках. 11 верасня 2025 года Андрэй стаў адным з 52 чалавек, якіх нечакана вызвалілі і адвезлі ў Літву. У інтэрв'ю «Люстэрку» ён расказаў пра «цыркавое прадстаўленне» на судзе, сотню сілавікоў-пацярпелых, мізэрны заробак у калоніі і першыя дні на волі.

Андрэй Хвескавец пасля вызвалення. Вільня, верасень 2025 года. Фота: асабісты архіў героя

«Не прыдумаў нічога больш разумнага, як накіравацца ў цэнтр горада»

Першыя дні на волі Андрэй апісвае як нязвыклыя. Пяць гадоў у зняволенні даюць пра сябе знаць.

«Складана адаптавацца, сацыялізавацца. Вельмі нязвыклае пачуццё свабоды, — расказвае ён. — Напэўна, больш за ўсё парадавала само пачуццё таго, што гэта ўсё скончылася. Што мне не трэба ўставаць а шостай раніцы, бегчы на нейкія праверкі, строіцца, ісці на прамзону працаваць».

9 жніўня 2020 года Андрэй не планаваў удзельнічаць ні ў якіх акцыях. Але калі знік інтэрнэт, а даведацца пра вынікі выбараў вельмі хацелася, ён прыняў спантаннае рашэнне.

«Я не прыдумаў нічога больш разумнага, як накіравацца ў цэнтр горада да гарвыканкама. Прыйшоўшы на месца, убачыў, што там акрамя мяне таксама ёсць людзі. Стаіць ачапленне з супрацоўнікаў АУС і звычайныя мірныя грамадзяне», — успамінае Андрэй.

На той момант малады чалавек каля паўгода працаваў ратавальнікам у мясцовым МНС — ездзіў на тушэнне пажараў і пошукі людзей. Накіроўваючыся ў цэнтр Пінска, ён думаў, што яго дапамога можа камусьці спатрэбіцца. Аднак усё склалася інакш.

Супрацьстаянне жыхароў горада і сілавікоў. Пінск, 9 жніўня 2020 года. Фота: Tut.by

Пінск быў адзіным горадам у краіне, дзе 9 жніўня абураныя вынікамі прэзідэнцкіх выбараў людзі не проста выйшлі на вуліцы — а пайшлі на гарвыканкам. Міліцыя выйшла з імі на перамовы, ад натоўпу выдзелілі парламенцёраў… Але ўсё скончылася дрэнна. Кадры супрацьстаяння ў палескім горадзе абляцелі ўсе буйныя беларускія тэлеграм-каналы і СМІ. На запісах відаць, як людзі з палкамі бягуць на шчыты сілавікоў, кідаюць у іх камяні, бутэлькі, тратуарную плітку, сметніцы і нават кветкі з клумбы. Мясцовыя гэта тлумачылі ў тым ліку і тым, што «міліцыя іх падманула, а пінчукі — народ крыўдлівы».

«Я думаю, што людзі ні ў якім разе не сталі б біць міліцыю першымі, калі б яна не пачала хапаць людзей і саджаць іх у аўтазакі. Толькі калі яны гэта зрабілі, людзі, натуральна, адказалі ім», — мяркуе Андрэй.

«Я не збіраўся сядаць у турму»

У нейкі момант Андрэй кінуў у бок ачаплення тры прадметы — дзве бутэлькі і жменю пяску. Ці трапілі яны ў каго — невядома. Але менавіта гэтыя дзеянні леглі ў аснову абвінавачвання супраць яго.

Затрымалі мужчыну не адразу. У жніўні ён убачыў у інтэрнэце відэа з сабой, якое пазней стала адным з доказаў. А ў кастрычніку да яго дадому прыехалі аператыўнікі, адвезлі ў Следчы камітэт і выставілі абвінавачванне.

Пасля трох сутак у ІЧУ яго вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе. Яшчэ пяць месяцаў ён заставаўся на волі, але 24 сакавіка 2021 года яго зноў забралі — гэтым разам надоўга. Андрэю паставілі ў віну ўдзел у масавых беспарадках «у складзе групы асоб па папярэдняй змове» (ч. 2 арт. 293 КК). Хоць мужчына настойваў: ён дзейнічаў самастойна.

«Я быў адзін, ні з кім не дамаўляўся загадзя, пра што неаднаразова заяўляў і падчас следства, і на судзе. Я сам прыйшоў у цэнтр горада, не ведаючы папярэдне пра якую— небудзь планаваную акцыю», — тлумачыў экс-ратавальнік.

Пацярпелымі па справе выступілі каля 150 супрацоўнікаў РАУС з Пінска і суседніх гарадоў — усе, каго сцягнулі ў горад у тую ноч. Яны давалі паказанні па відэасувязі. Траўмы ў сілавікоў былі рознага кшталту — у асноўным адціснутыя пальцы на нагах, якія яны атрымалі, калі пачалі адступаць пад напорам людзей. Быў і супрацоўнік, якому цагліна трапіла ў твар.

Машына хуткай дапамогі. Пінск, 9 жніўня 2020-га. Фота: Медыя-Палессе

Адвакатка прапаноўвала Андрэю прызнаць віну ў надзеі на больш мяккі прысуд.

«Натуральна, я адмовіўся. Мяне гэта не задавальняла. Я не збіраўся сядаць у турму. Верыў да апошняга і спадзяваўся, што суд усё ж такі апраўдае, — прызнаецца суразмоўца. — Таму што калі разабрацца, то мае дзеянні можна разглядаць як адміністрацыйнае правапарушэнне — дробнае хуліганства. Але чамусьці суддзя вырашыла кваліфікаваць іх як масавыя беспарадкі. Яна не чула ні паказанняў, якія я даваў падчас следства, ні таго, што казаў падчас суда».

6 ліпеня 2021 года суд Маскоўскага раёна Брэста асудзіў Андрэя да пяці гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Разам з ім прысуды па гэтай справе пачулі яшчэ дзевяць чалавек, яны атрымалі ад 4 да 5,5 гадоў калоніі.

Па словах Андрэя, з ліку пацярпелых сілавікоў каля 80 чалавек выставілі пазоўныя патрабаванні на агульную суму ў 191 тысячу рублёў. Яшчэ каля 40 тысяч рублёў пазней запатрабавала ў асуджаных страхавая кампанія, якая выплаціла кампенсацыі пацярпелым міліцыянерам. Адказнасць па гэтых выплатах была салідарнай — гэта значыць, сумы падзялілі пароўну паміж усімі асуджанымі па справе.

«Усё ж такі здаровы сэнс узяў верх над сумленнем»

Таксама па прысудзе суда Андрэя пазбавілі спецыяльнага звання малодшага сяржанта ўнутранай службы. Да таго моманту мужчына ўжо не працаваў у МНС — яшчэ ў кастрычніку 2020 года звольніўся «па пагадненні бакоў».

«Мне падабалася праца ў МНС, я заўсёды адчуваў у сабе ўнутраную патрэбу дапамагаць людзям, — кажа ён. — [Да крымінальнай справы] калегі паставіліся па-рознаму. Хтосьці з салідарнасцю, хтосьці асудзіў. Колькі людзей, столькі і меркаванняў», — расказвае малады чалавек.

Андрэй Хвескавец у форме супрацоўніка МНС. Фота: spring96.org

Пакаранне Андрэй адбываў у калоніі № 1, што ў Наваполацку. Яму давялося працаваць падсобным рабочым на дрэваапрацоўчым прадпрыемстве.

«Нам, «палітычным», нельга [было] працаваць на нейкіх адказных пасадах. Гэта значыць самы мінімум, — расказвае ён. — Што-небудзь прынесці, падаць, завезці, загрузіць, разгрузіць. Фізічна праца патрабуе моцнай нагрузкі».

Ён кажа, што па паперах за гэтую сваю працу ён атрымліваў тры-чатыры рублі ў месяц. Увесь заробак ён пералічваў на пагашэнне пазоўнай запазычанасці перад «пацярпелымі» сілавікамі.

«Проста смешна ад гэтага ўсяго. Пачынаючы ад гэтага цыркавога прадстаўлення ў судзе і да гэтых мізэрных заробкаў», — адзначае суразмоўца.

На судзе Андрэй прызнаў віну часткова. Зрабіць гэта цалкам яму прапаноўвалі ўжо ў калоніі, каб атрымаць магчымасць вызваліцца раней. У 2022 годзе зняволены падпісаў дакумент аб прызнанні віны, а ў 2024 годзе — прашэнне аб памілаванні.

«Я разумеў, што марнаваць час дарма, седзячы ў турме, седзячы на шыі ў маці, — гэта не самы лепшы расклад, — тлумачыць ён сваё рашэнне. — І мне трэба любым спосабам магчымым вызваліцца. Ну вядома, гэта такая здзелка з сумленнем. Але ўсё ж такі здаровы сэнс узяў верх над сумленнем».

«Планаваў з чыстым сумленнем з'ехаць»

Праўда, імгненнага эфекту гэта не прынесла. Андрэй вызваліўся толькі 11 верасня 2025 года. Ён стаў адным з групы 52 зняволеных, якіх прымусова прывезлі на мяжу з Літвой. На той момант экс-палітвязень правёў за кратамі ўжо амаль 4,5 года. Да канца тэрміну яму заставалася каля трох месяцаў.

«Калі б у мяне пыталіся, гатовы я цяпер напісаць памілаванне ці не — я б ужо, натуральна, не пісаў. Таму што тры месяцы — гэта занадта малы тэрмін, дасядзеў бы да канца. Вядома, я ў любым выпадку рады, што апынуўся на волі, — разважае ён. — Раней [тэрміну], у іншай краіне — але нічога страшнага. У кожным разе я не планаваў надоўга заставацца ў сябе ў родным горадзе. Планаваў прыехаць туды папрацаваць да моманту поўнага пагашэння пазову. І пасля гэтага з чыстым сумленнем з'ехаць».

Як і іншыя людзі з гэтай групы, ён не атрымаў даведку аб вызваленні.

«Я нават не ведаю, як менавіта я вольны. Можа, наогул лічуся як ўцёк з турмы? Няма ніякіх дакументаў, якія пацвярджаюць маё вызваленне, — адзначае суразмоўца і дадае, што ўспаміны пра калонію ўжо сціраюцца з памяці. — Вы не паверыце, я толькі вызваліўся, прайшло два-тры дні — і я ўжо нічога не магу ўспомніць пра калонію. Усе тыя эмоцыі, якія я атрымліваю тут, выціснулі ўсё, што было на працягу апошніх пяці гадоў».

Цяпер Андрэй думае пра будучыню. Прызнаецца, што планаў шмат, а вось як іх ажыццявіць — пакуль незразумела.

На момант размовы ён знаходзіцца ў Літве. Галоўная праблема — моўны бар'ер.

«Мне банальна не хапае ведання мовы. Я не ведаю літоўскую наогул, ніводнага слова пакуль не вывучыў. Калі я буду планаваць застацца ў Літве, мне трэба вучыць яе, натуральна», — разважае ён.

Прафесію таксама прыйдзецца выбіраць нанова. У Беларусі Андрэй адвучыўся ў ліцэі на будаўніка, але не працаваў па гэтай спецыяльнасці. Да зняволення ён працаваў прадаўцом мабільных тэлефонаў, потым — ратавальнікам у МНС.

«Напэўна, прыйдзецца нечаму навучыцца», — лічыць Андрэй.

Андрэй Хвескавец выступае на прэс-канферэнцыі вызваленых палітвязняў. Вільня, 12 верасня 2025 года. Скрыншот: YouTube-канал Святланы Ціханоўскай

Аглядаючыся ў мінулае, суразмоўца кажа, што не адчувае шкадаванняў, што апынуўся ў цэнтры Пінска ў тую ноч.

«Ні ў якім разе. Не шкадую і ніколі не буду пра гэта шкадаваць. Калі б мне яшчэ раз выпала магчымасць не застацца ўбаку, я б не застаўся, — цвёрда заяўляе ён, а з абвінавачваннямі, па якіх яго асудзілі, ён усё гэтак жа не згодны: — Мне здаецца, я не магу з гэтым пагадзіцца і ніколі не змагу».

Каментары3

  • политзек
    25.09.2025
    Андрюха.. все будет хорошо.
  • Справядлівасць
    25.09.2025
    Я лічу, што такім людзям трэба будзе абавязкова як мінімум залічыць гады ў турме ў працоўны стаж для пенсіі з сумай заробка сярэдняй па краіне, а лепш у двайным памеры: за пяць гадоў у турме - 10 гадоў стажа, з памерам заробку 2×сярэдні. Каб у іх была вялікая пенсія.
    Ну і канечне вярнуць грошы, якія з іх спагналі на штрафы, з улікам інфляцыі. Грошы вылічыць з заробкаў, пенсій і маёмасці тых суддзяў, пракурораў, мянтоў, якія датычныя да яго пасадкі.
  • Валентин
    25.09.2025
    Андрей,держись там,Тимуру привет,по хорошему лучше в Польшу едьте,в Литве тяжковато в целом...

Ціханоўскі патлумачыў, чаму ён так паводзіў сябе ў Нью-Ёрку124

Ціханоўскі патлумачыў, чаму ён так паводзіў сябе ў Нью-Ёрку

Усе навіны →
Усе навіны

УСУ заявілі пра збіццё расійскага Су-34 пад Запарожжам3

На толькі што адкрытай польскай мяжы ўжо ўтварылася чарга з трох тысяч аўтамабіляў3

Глабальны зрух у каталіцтве: у Індыі больш семінарый, чым у Італіі, а ксяндзы на падмену прыязджаюць у Еўропу з Афрыкі9

Украінскі марскі беспілотнік пад ураганным агнём даплыў да нафтаналіўнога тэрмінала Туапсэ і ўзарваў яго ВІДЭА4

Залужны: Украіну ўратуе стварэнне кіберфізічнай сістэмы абароны, з апорай на робатаў3

«Быў страчаны момант з Беларуссю». Зяленскі падчас выступлення ў ААН згадаў нашу краіну10

Аўтапэн замест партрэта. У Белым доме вытанчана паздзекаваліся з Джо Байдэна15

Ціханоўская ў Нью-Ёрку паразмаўляла з Каралем Наўроцкім ВІДЭА7

«Адзін мінус — тут я разлюбіў бульбу». Егіпцянін ажаніўся з беларускай і пераехаў у Брэст1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ціханоўскі патлумачыў, чаму ён так паводзіў сябе ў Нью-Ёрку124

Ціханоўскі патлумачыў, чаму ён так паводзіў сябе ў Нью-Ёрку

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць