Заснавальнік тэлеграм-канала NEXTA Сцяпан Пуціла стаў госцем новага выпуску ютуб-шоу «Жыццё-маліна». У размове ён раскрыў фінансавыя паказчыкі праекта: назваў месячны бюджэт, крыніцы даходу і свой асабісты заробак.

Па словах Пуцілы, у той час, як у расійскага тэлеканала «Дождь» гадавы бюджэт каля 5‑7 мільёнаў даляраў на год, месячны бюджэт Nexta ў залежнасці ад бягучых выдаткаў складае ад 35 да 40 тысяч еўра. Гэтыя сродкі ідуць на заробкі камандзе, арэнду офіса і выдаткі на здымкі, у тым ліку камандзіроўкі.
Як адзначае Сцяпан, у камандзе праекта 22 супрацоўнікі. «Хтосьці аддалена працуе, як Зміцер Танковіч, хтосьці з дому, хтосьці на палове стаўкі».
Ён падкрэсліў, што праект больш не залежыць ад грантаў і цалкам перайшоў на самастойнае фінансаванне. Асноўныя крыніцы даходу — данаты, рэклама, кансалтынг і продаж уласнага кантэнту.
«Мы не залежым ад грантаў. (…) У 2025‑м у нас не было ўвогуле грантаў такога інстытуцыйнага фінансавання. Быў толькі адзін праекцік ютубаўскі. (…) [Мы] цалкам самастойна [зарабляем]. Данаты, рэкламы, кансалтынг. Таксама прадаём кантэнт украінскім каналам. Зараз будзем прадаваць кантэнт «Белсату», іншыя каналы цікавяцца», — расказаў заснавальнік Nexta.
На пытанне Мікіты Мелказёрава, ці з'яўляецца супрацоўніцтва з «Белсатам» настальгічным крокам, Пуціла адказаў:
«Гэта бізнэс, але гэта асэнсаваны бізнэс з каранямі. (…) Было вельмі шмат прапановаў з іншых каналаў, нават з Малдовы. Ёсць нават англамоўныя каналы, якія б хацелі бачыць нас як сваіх дарадцаў. Гэта ўсё час. І мы крыху пазней у гэтым кірунку пойдзем. А спачатку, канечне, гэта сваё, гэта беларускамоўнае, прасоўваць беларускамоўны кантэнт» — заўважыў ён.
Па словах Пуцілы, канал працуе з «невялікім плюсам» і ёсць падушка бяспекі на шэсць месяцаў наперад.
«У нас ніколі не было затрымкі заробкаў», — падкрэсліў Пуціла.

Асабісты заробак і стаўленне да грошай
Сцяпан Пуціла таксама расказаў, што сярэдні заробак у супрацоўніка Nexta складае 1800 еўра на месяц. Яго асабісты заробак — 15 тысяч злотых на месяц (каля 3500 еўра). Па яго словах, такі памер абумоўлены як падатковымі лімітамі ў Польшчы, так і яго асабістымі запатрабаваннямі.
«Па-першае, ёсць падатковыя ліміты ў Польшчы, каб твой падатак угару не паляцеў. (…) Мне абсалютна дастаткова 15 тысяч злотых на месяц», — заявіў ён.
Пуціла дадаў, што не лічыць грошы самамэтай, а ўспрымае іх як інструмент для дасягнення больш важных задач.
«Для нас важна атрымаць пабольш грошай, каб інвеставаць у тое, што мы лічым важным», — падсумаваў ён.
Каментары