Вядомую блогерку затрымалі на мяжы — яе судзілі за ўдзел у пратэстах
Беларускую блогерку Караліну К., якая вядзе лайфстайл-канал у ютубе, затрымалі на мяжы. Дзяўчына ехала ў Беларусь з Нідэрландаў і не ведала, што знаходзіцца ў вышуку па крымінальнай справе.

У выніку Караліна К. 104 дні прабыла ў СІЗА і атрымала ў прысуд хатнюю хімію за пратэсты 2020 года. Пра гэта яна распавяла на сваім канале.
На канал Караліны К. у ютубе падпісаныя 384 тысячы чалавек. Відэа яна здымае ўжо 10 гадоў. У асноўным гэта лайфстайл-кантэнт: пра вандроўкі, спорт, кнігі і моду.
Дзяўчына прыляцела з Амстэрдама, дзе цяпер жыве, у Вільню 11 чэрвеня і села на аўтобус да Мінска. У Беларусі яна планавала стаць хроснай для дачкі сяброўкі.
На мяжы Караліна даведалася, што знаходзіцца ў вышуку. На яе надзелі кайданкі і пасадзілі ў машыну. Тады дзяўчына паспела толькі патэлефанаваць бацькам і сказаць нешта накшталт «Мяне забіраюць», згадвае яна.
Караліну адвезлі ў ІЧУ ў Ашмянах, дзе паказалі пратакол затрымання. У ім было сказана, што дзяўчыну абвінавачваюць у грубым парушэнні парадку (частка 1 арт. 342 КК) за ўдзел у пратэстах 2020 года.
Першы час да Караліны нікога не пускалі, але бацькам удалося перадаць ёй сродкі гігіены і ліст ад таты. Яго беларуска потым перачытвала кожны раз, калі станавілася цяжка ў зняволенні. У ІЧУ яна прабыла чатыры дні.
«Самы цяжкі час: вельмі халодна, адна ў камеры, 16 гадзін нельга спаць. Я хадзіла з кута ў кут, спрабавала набраць 10 000 крокаў, рабіла практыкаванні, спявала, успамінала цёплыя моманты, каб хоць неяк трымацца. Плакала, супакойвалася, зноў плакала», — расказала блогерка.
Потым дзяўчыну перавялі ў следчую турму ў Гродне, а потым — у СІЗА №1. У выніку Карына правяла пад вартай 104 дні.
«Гэта ўсё лета і больш. Абмежаванне свабоды — гэта тое, што складана растлумачыць. Асабліва, калі не разумееш, што будзе далей. Ты прачынаешся і зноў там.
Але нават у такіх умовах я старалася зачапіцца за добрае: дзякавала за лісты, за добрых людзей, за падтрымку. Вяла дзённік падзякі. Кожны дзень — адзін і той жа, дзень сурка. Малявала паштоўкі, пісала лісты, хадзіла па камеры, рабіла зарадку, чытала кнігі, разгадвала японскія крыжаванкі», — расказала Караліна.
На 105‑ы дзень дзяўчыну асудзілі — на 2,5 года хатняй хіміі. З залі суда яна выйшла на свабоду.
«Тата сустрэў мяне каля суда і мы пайшлі піць каву з тварожным колцам у суседнюю [кавярню] «Варку». Вядома, гэта было цудоўна. Мне хацелася танчыць, мне хацелася ўсім крычаць «Я выйшла, я на свабодзе!» Настрой быў неймаверна цудоўны».
Насамперш пасля вызвалення дзяўчына пазваніла мужу, сустрэлася з мамай і маленькай дачкой сяброўкі, якую і ехала хрысціць у Беларусь.
«Настала пытанне: заставацца ці выязджаць. Гэта было цяжка. Я чалавек, які не ўмее хутка прымаць рашэнні. Але часу не было. Я правяла на свабодзе ў Мінску тры дні і паехала. Прыляцела ў Амстэрдам», — расказала блогерка.
Па словах дзяўчыны, з краіны яна з'ехала легальна — праз пашпартны кантроль. Пра яе намер выехаць ведаў толькі муж.
Усё, што адбылося, ёй «хочацца забыць як страшны сон». Канал на ютубе дзяўчына будзе працягваць у звыклым лайфстайл-стылі. Пра зняволенне Караліна раскажа яшчэ раз толькі аднойчы: у відэа пра СІЗА — што яна там чытала, малявала і як пісала лісты.
Пасля суду дзяўчыну ўнеслі ў «спіс экстрэмістаў», таму сваіх гледачоў у ютубе яна просіць не пераводзіць ёй ніякія данаты.
З 2020 года Караліна асабліва не выказвалася пра пратэсты ў Беларусі, перыядычна ездзіла дадому ў Мінск.
Дзяўчына таксама ездзіла ў Расію гэты час, працавала з расійскімі брэндамі. Год таму разам з мужам яна набыла кватэру ў Амстэрдаме і цяпер жыве там.
Каментары