«Я трымаўся, спрабаваў яго супакоіць». У Швейцарыі беларус абараніў сям’ю ад агрэсіўнага рускамоўнага пасажыра ў цягніку
Агрэсіўны рускамоўны мужчына напаў на сямейную пару — беларуса і ўкраінку — у цягніку ў Швейцарыі з-за пачутай украінскай мовы, а пасля сам жа напісаў на іх заяву ў паліцыю. «Радыё Свабода» паразмаўляла з мужам Алены і даведалася падрабязнасці інцыдэнту.

Сям’я — Алена Дуднік і Габрыель Шароў — з малым дзіцём ехала ў цягніку Інтэрлакен — Шпіц (Швейцарыя), калі рускамоўны мужчына, які сядзеў па суседстве, пачаў агрэсіўна чапляцца да іх. Яго абурыла ўкраінская мова. Алена — украінка, яе муж — ураджэнец Беларусі. Алена размаўляла па-ўкраінску. Калі мужчына пачаў кідацца на пару, Алена запісала інцыдэнт на відэа.
Рускамоўны мужчына лаўся матам, не саромеючыся ў выразах. Казаў: «Я рускі чалавек, мы вас усіх будзем забіваць. І цябе, і цябе, і цябе», паказваючы пальцам на сям’ю.
Пасля ён чапляўся да Габрыеля і пытаўся: «чаму ты не ў акопе», патрабаваў паказаць швейцарскі пашпарт і выказваў адкрытую падтрымку расійскай агрэсіі ва Украіне.
«Радыё Свабода» звязалася з мужам Алены, каб падрабязней расспытаць пра інцыдэнт. Выявілася, што ў Габрыеля беларускія карані: ягоныя бацькі пераехалі ў Швейцарыю ў 90‑я гады.

«Мы ехалі цягніком, зайшлі ў вагон, паставілі вазок, сын у мяне быў на руках, я пачаў шукаць месца, каб сесці. Пасля мы селі, жонка папрасіла мяне па-ўкраінску нешта ўзяць. Ён гэта пачуў і пачаў сварыцца нецэнзурнай лаянкай. Жонка адразу ўключыла тэлефон і пачала здымаць. Я гаварыў на «Вы», намагаўся яго супакоіць, паказваў яму, што там шмат турыстаў, ёсць дзеці. Ён выбіў тэлефон з рук у жонкі, устаў і я зрэагаваў — адштурхнуў яго. Жонка з дзіцём адышлі далей, а я не стрымаўся і пару разоў даў па шыі», — расказвае Габрыель.
Іншыя пасажыры дапамаглі Габрыелю выклікаць паліцыю. Агрэсар гэта зразумеў і пачаў хавацца ў цягніку. Паліцыя яго знайшла і вывела адтуль. Пасля гэты мужчына пагражаў сям’і і патрабаваў 10 000 швейцарскіх франкаў (каля 12 540 даляраў) — альбо ён напіша заяву на Габрыеля. Цяпер ідзе разбіральніцтва з паліцыяй, яны чакаюць матэрыял з відэакамер у цягніку.
«Як я зразумеў, ён напісаў заяву, што я яму нібыта нешта фізічна зрабіў. У цягніку быў поўны вагон, кітайскія турысты закрыліся ў прыбіральні з дзецьмі, там быў цэлы кіпіш», — расказвае Габрыель.
Мужчына кажа, што спрабаваў трымацца культурна.
«Я ведаю швейцарскія законы, таму я трымаўся. Я чакаў моманту, пакуль ён дакранецца ці выб’е тэлефон. Пасля я ўжо зрэагаваў, бо існавала пагроза не толькі мне, але і жонцы ды дзіцяці», — працягвае Габрыель.
Раней, да пачатку вайны ва Украіне, Габрыель ездзіў у Беларусь; цяпер для яго гэта немагчыма. Ён пазнаёміўся з жонкай на працы, дома жонка з ім гаворыць па-ўкраінску, ён з ёй — па-расейску.
«Ён [агрэсіўны мужчына ў цягніку] падтрымлівае ўсю гэтую вайну, пуцінскі рэжым. Ён лічыць сябе расейцам, сказаў, што нас трэба забіваць. Ён зразумеў, што мая жонка — украінская ўцякачка, і пачаў агрэсію. Я з такім упершыню сутыкаюся. Я працаваў з украінскімі ўцекачамі, у месцы, дзе іх прымалі; я супраць вайны, супраць расейскай агрэсіі», — гаворыць Габрыель.
Па словах Алены і Габрыеля, мужчына, які на іх кідаўся, — грамадзянін Латвіі, яго завуць Аляксандр Вабікс.
У каментарыях да паста ў Instagram Алены некаторыя людзі пісалі, што таксама сутыкаліся з гэтым чалавекам і з ягонымі агрэсіўнымі дзеяннямі.
«Хачу дадаць яшчэ ад сябе: праз тое, што відэа распаўсюдзілася ў сацыяльных сетках, гэтага мужчыну, які з’яўляецца правакатарам на відэа, пазналі вельмі многія людзі, якія таксама пацярпелі ад яго. Пераважна гэта жанчыны з дзецьмі, якім ён пагражаў збіццём, гвалтам і фізічнай расправай. Людзі таксама падавалі на яго заявы ў паліцыю», — паведаміла Алена.
«Радыё Свабода» не знайшла афіцыйных згадак пра інцыдэнты з удзелам гэтага чалавека, як і яго актыўных акаўнтаў у сацыяльных сетках.
На інцыдэнт адрэагавала ўкраінскае МЗС. Прадстаўнік МЗС Георгій Ціхі назваў відэа інцыдэнту «жахлівым»: «Непрымальная мова варожасці і міжэтнічная нянавісць».
Украіна звярнулася да швейцарскіх праваахоўных органаў з просьбай расследаваць інцыдэнт і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.
Каментары
Усё што трэба ведаць пра сучаснага беларуса. Цьфу, блін...
[Зрэдагавана]