Кіно66

«Непаслухмяныя» (Wayward) — страшны серыял пра школу, ад якога не адарвацца

У Netflix новы хіт. Трылер «Непаслухмяныя» ўжо некалькі тыдняў трымаецца ў сусветным топе. Чым жа ён вабіць людзей?

Фота: кадр з трэйлера трылера «Непаслухмяныя» (Wayward)

«Непаслухмяных» стварыла канадская актрыса і сцэнарыстка Мэй Марцін. Жудасная гісторыя з прысмакам хорару напісаная на аснове рэальных падзей, бо некалі ў падобныя ўмовы трапіла яе найлепшая сяброўка.

Марцін узяла на сябе і галоўную ролю. Яна грае паліцэйскага Алекса Дэмпсі, які прыязджае разам з цяжарнай жонкай у мястэчка Тол-Пайнс (Марцін сябе прылічае да небінарных людзей — ні мужчын, ні жанчын).

Дэмпсі далучаецца да каманды мясцовых паліцэйскіх і хутка разумее: Тол-Пайнс — зусім не ідылічнае мястэчка, як яго прэзентуюць. У першы ж дзень на працы да Алекса з напарнікам прыбягае акрываўлены падлетак. Гэта Райлі, вучань тутэйшай школы для складаных падлеткаў, і ён ведае, што насамрэч хаваецца за прыгожымі лозунгамі кіраўніцы школы.

Фота: кадр з трэйлера

Дарэчы, пра яе. Эвелін Уэйд кіруе школай не першае дзесяцігоддзе і за гэты час стварыла свой культ. Валявая лідарка маніпулюе свядомасцю вучняў, выкарыстоўвае іх негатыўныя пачуцці і пражытыя траўмы, каб зламаць іх волю да жыцця і зрабіць з іх паслухмяных дарослых. І гэта ўсё — пад прыкрыццём дапамогі ў выхаванні, за якую бацькі вучняў плацяць шалёныя грошы.

Тым часам у Канадзе завязваецца сяброўства дзвюх дзяўчат-падлеткаў, Лайлы і Эбі. Разам яны фанацеюць ад «бітлоў», прагульваюць школу і спрабуюць наркотыкі. Эбі паслухмяна ідзе на ўсё, што ёй прапаноўвае Лайла, а тая хавае за наркотыкамі і сумнеўнымі сувязямі боль з-за сямейнай трагедыі.

Фота: кадр з трэйлера

Эбі і Лайла — звычайныя падлеткі, якім проста не хапіла любові старэйшых, і таму яны заглушаюць раны хуткімі і знешне эфектыўнымі спосабамі. Ім можна было б дапамагчы, калі б атачыць сапраўдным клопатам, а не лічыць іх саміх праблемай. Але ж на дзяўчатах ставяць кляймо складаных падлеткаў, і іх шлях перасякаецца з Эвелін Уэйд.

А яшчэ з Алексам Дэмпсі, таму што паліцэйскі не застанецца ў баку ад падзей у акадэміі Тол-Пайнс і паспрабуе разабрацца, што ж там дзеецца. Матывуе яго ў тым ліку тое, што жонка Алекса, Лора, сама некалі скончыла тую школу і мае ўласную таямнічую гісторыю, звязаную з акадэміяй.

Сэрца гэтага серыяла, як і школы — Эвелін Уэйд, якую грае тытулаваная аўстралійка Тоні Калет з узнагародамі ў біяграфіі накшталт «Эмі» і «Залатога глобуса». У Калет атрымалася абаяльная псіхапатка, адна з тых, чыю сутнасць заўважаеш не адразу. Тое, як яна зачароўвае людзей, пужае. Калет грае гераіню, якая стварае вакол сябе атмасферу страху, як толькі ўваходзіць у памяшканне, але пры гэтым парадаксальным чынам здольная прывабліваць людзей так блізка, што можа пераломваць іх як запалкі.

Без Тоні Калет гэты серыял не ўдаўся б, але адзначым і працу іншых акцёраў, у тым ліку Алівіі Лінд і Сідні Топлайф, якім дасталіся ролі адпаведна Лайлы і Эбі. Чаго не скажаш пра Сару Гадон, выканаўцу ролі Лоры, жонкі Алекса. Гэтыя двое выглядаюць у кадры настолькі чужымі людзьмі, што праявы інтымнасці ў кадры паміж імі падаюцца фальшу.

Фота: кадр з трэйлера

Усе восем серый «Непаслухмяных» выйшлі ў канцы верасня. Праект ужо трэці тыдзень трымаецца ў сусветным топ-10 серыялаў Netflix, уваходзіць у аналагічныя спісы ў 70 краінах.

На кінаплатформе Rotten Tomatoes серыял мае прыстойныя 77% ухвалення ад крытыкаў, і нават тыя, хто крытыкуе праект, часта адзначаюць, наколькі цікавыя ідэі ён уздымае. Не заўжды, праўда, гэтыя ідэі атрымліваецца дакруціць да канца з адпаведным узроўнем напружанасці. 

Серыял спалучае ў сябе розныя жанры. Гэта і дэтэктыў, і падлеткавая драма, а ў некаторых момантах і вельмі пераканаўчы хорар. І ў дадатак — моцны сацыяльны каментар пра адукацыю, сталенне і культы.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары6

  • Это вам не вонючая "Классная"
    19.10.2025
    Смотрите только "вонючую" "Классную"
  • Alex
    19.10.2025
    Дзякуй, але не.
  • Андрусь
    19.10.2025
    Яшчэ не глядзеў, але па ўсім выходзіць, што гэты серыял пра рэляцыі людзей з псіхалагічнымі абьюзэрамі.

    Такое кіно цікава паглядзець, бо абьюзераў больш і больш навокал. І самы мы абьюзім іншых ого-го-го як...

    Цікава паглядзець пра саміх жа сябе.

Цяпер чытаюць

У Пецярбургу затрымалі коміка з Пінска. Ён тры гады хаваўся пасля прысуду за жарт пра міліцыянтку4

У Пецярбургу затрымалі коміка з Пінска. Ён тры гады хаваўся пасля прысуду за жарт пра міліцыянтку

Усе навіны →
Усе навіны

За каву аштрафуюць? Як праходзяць рэйды на запраўках26

У Гродне 11‑гадовы школьнік згенераваў выяву бамжа на ложку ў кватэры — маці стрымгалоў кінулася дахаты і выклікала міліцыю6

У Мінску пачаўся фестываль шансону. Нявестка Лукашэнкі прывезла Шуфуцінскага38

У Турцыі забіты ўладальнік тэлеграм-канала «Утро Дагестан»2

Зяленскі: Пуцін мяне ненавідзіць. У мяне аналагічнае стаўленне да яго3

Экскурсавода з Ружанскага замка адправілі за краты — падобна, за Гаюн4

Паказаны імаверны шлях Пуціна да Будапешта18

Блогерка правярае чысціню і якасць прадуктаў у мінскіх крамах. Падабаецца гэта не ўсім13

«Цэны як у сталовай». Мінчанка паабедала ў рэстаране пяцізоркавага гатэля ў цэнтры сталіцы і была шакаваная5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Пецярбургу затрымалі коміка з Пінска. Ён тры гады хаваўся пасля прысуду за жарт пра міліцыянтку4

У Пецярбургу затрымалі коміка з Пінска. Ён тры гады хаваўся пасля прысуду за жарт пра міліцыянтку

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць