Пасадзілі падпалкоўніка і былога выкладчыка Вайсковай акадэміі. Ён падтрымаў народ у 2020-м
Фёдара Кандзіранду звольнілі з Вайсковай акадэміі ў кастрычніку 2020 года. У маі 2021‑га яго пазбавілі звання загадам Лукашэнкі. Цяпер ён за кратамі.

Фёдару Кандзіранда 47 гадоў. Вучыўся ў Вайсковай акадэміі, якую скончыў у 1999 годзе. У Фёдара ёсць жонка і 17‑гадовая дачка.
Ён шмат вучыўся і пасля. У 2012 скончыў магістратуру, а з 2008 па 2017 гады — шэраг курсаў павышэння кваліфікацыі ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы і Рэспубліканскім інстытуце інавацыйных тэхналогій.
Са жніўня 2008 года па кастрычнік 2020 года Кандзіранда працаваў на пасадзе старшага выкладчыка Вайсковай акадэміі. Усе 12 гадоў выкладчыцкай дзейнасці займаўся падрыхтоўкай вайсковых спецыялістаў на кафедры тактыкі. З калегамі Фёдар распрацаваў электронны вучэбна‑метадычны комплекс «Асновы міратворчай дзейнасці».

Таксама Кандзіранда пісаў падручнікі і адміністраваў адукацыйныя рэсурсы. Перыядычна выступаў перад дзецьмі і распавядаў пра тое, як пайшоў у вайсковую ВНУ.
Некалькі разоў, па ягоных словах, прызнаваўся найлепшым старшым выкладчыкам акадэміі.
У жніўні 2020 Фёдар Кандзіранда не падтрымаў гвалт на вуліцах Беларусі і паспрабаваў звольніцца. У звальненні па згодзе бакоў яму адмовілі, таму давялося ісці на канфлікт. У выніку ў яго атрымалася звольніцца з 29 кастрычніка, але па артыкуле. Фёдар застаўся вінаваты ўстанове каля 2000 даляраў.
Фёдара Кандзіранду пазбавілі звання падпалкоўніка запаса 4 мая 2021 года асабістым указам Лукашэнкі ў шэрагу яшчэ 80 сілавікоў.

Пасля звальнення ён пайшоў у IT. Месца ягонай працы дакладна невядомае.
Фёдара Кандзіранда арыштавалі ў сакавіку 2025 года. Па інфармацыі праваабаронцаў, у верасні 2025 года яму прысудзілі два з паловай гады калоніі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361‑4 КК).
Сутнасць абвінавачанняў дакладна невядомая. Праваабаронцы мяркуюць, што ён можа быць чарговым абвінавачаным па справе Гаюна.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Цудаў не бывае. Я не веру ў цудоўнае перараджэнне найміта.
Методика разная....