Меркаванні5555

Змрочныя прагнозы спраўджваюцца. Чаму Захад абірае стратэгію «Не злаваць дзеда» і чаго чакаць далей

Год назад, у лістападзе 2024 года, у «Нашай Нівы» выйшаў артыкул Данілы Луцкевіча «2025 год можа стаць для Беларусі годам перамен, якіх беларусы баяліся». Значная частка з прагнозаў аўтара спраўдзілася. Журналіст тлумачыць, чаму так адбылося і робіць новы прагноз, чаго варта чакаць у найбліжэйшай будучыні.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: NurPhoto via Getty Images 

Асноўнымі думкамі мінулагодняга артыкула было тое, што Захад з часам перагледзіць палітыку ў дачыненні да Беларусі, абраўшы тактыку «не злаваць дзядоў». Апошнія падзеі пацвердзілі такі прагноз.

Галоўным патрабаваннем да Лукашэнкі стала не спыненне рэпрэсій і правядзенне сумленных выбараў, а тое, каб ён у першую чаргу не перашкаджаў жыць суседзям і не ствараў дадатковай напружанасці ў рэгіёне. Сітуацыя з межамі гэта выдатна адлюстроўвае.

Польшча аднавіла працу адразу двух пунктаў пропуску, хоць раней неаднаразова заяўляла, што «Баброўнікі» адкрыюць толькі пасля таго, як Анджэй Пачобут будзе на волі.

Гэта не азначае, што такіх патрабаванняў і дамоўленасцей не было. Цалкам магчыма, што палякі ў нейкім сэнсе проста пайшлі на саступкі і дазволілі Лукашэнку, так бы мовіць, захаваць твар, каб гэта не выглядала так, што яму паставілі ўльтыматум, а ён яго выканаў.

Таму хуткае вызваленне Пачобута ўсё адно выглядае больш чым рэалістычным. Да таго ж, мы ўжо ўбачылі, што літаральна праз пару дзён пасля адкрыцця мяжы на волю выйшлі два каталіцкія святары: Генрых Акалатовіч і Анджэй Юхневіч, раней прысуджаныя да 11 і 13 гадоў пазбаўлення волі.

Але вызваленне Пачобута было не адзіным, чаго Польшча чакала ад Лукашэнкі. Як паказвае статыстыка, апошнім часам значна паменшала і колькасць спробаў нелегальнага перасячэння мяжы.

Днямі ўпершыню за доўгі час ні Польшча, ні Латвія, ні Літва не зафіксавалі ніводнай спробы нелегальна перасекчы мяжу Беларусі і ЕС, хоць пасля трохдзённага перапынку спробы на польскім і латвійскім кірунках аднавіліся, але іх колькасць усё адно была не такая вялікая ў параўнанні з тым, што назіралася раней.

Польшча не прыхоўвае, што спрабуе гуляць з Лукашэнкам

Каментуючы аднаўленне працы двух пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю, намеснік міністра замежных спраў Марцін Басацкі сказаў, што гэта жэст зроблены не для рэжыму Лукашэнкі, а для людзей і развіцця бізнэсу на Падляшшы.

Крама каля памежнага перахода ў Баброўніках, лістапад 2025. Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва

Таксама Басацкі пацвердзіў, што Польшча пачынае гуляць з Лукашэнкам ці беларускімі ўладамі ў гульню, якая «павінна ў нейкай ступені аслабіць напружанасць на нашай усходняй мяжы». І дадаў, што ў такую ж гульню гуляюць і амерыканцы.

Межы пачнуць адкрывацца?

Такі падыход цалкам зразумелы, бо за некалькі гадоў стала відавочным, што закрыццё пунктаў пропуску асабліва не ўплывае на Лукашэнку. У той час як збоі ў працы на мяжы Беларусі і Еўрасаюза закранаюць інтарэсы не толькі Беларусі і трох краін ЕС, якія маюць з намі супольную мяжу. Гэта транзітная артэрыя паміж Захадам і Усходам, у нармальнай працы якой зацікаўленыя не толькі ў Еўропе, але і ў Кітаі і краінах Цэнтральнай Азіі і на якой зарабляюць не толькі беларусы, але і палякі, літоўцы і латышы.

Таму ў базавым сцэнары можна меркаваць, што пасля завяршэння рэканструкцыі трасы ў «Кузніцы-Брузгах» адновіцца рух для аўтобусаў і пасажырскага транспарту.

Датэрміновае адкрыццё мяжы Літвой таксама ўказвае на тое, што закрыццё мяжы — гэта не тое, што зніжае напружанасць у рэгіёне.

У раскладзе, які вымалёўваецца, можа адбыцца так, што рэжым Лукашэнкі будзе імкнуцца максімальна нармалізаваць адносіны з Польшчай. Гэта выгадна не толькі з эканамічнага і лагістычнага пункту гледжання, але і выдатна падыходзіць для дэманстрацыі таго, што з ім лепей весці дыялог (хай і не публічны), чым дэманстратыўна ціснуць на яго.

Аляксандр Лукашэнка. Фота: Ramil Sitdikov Pool Photo via AP

І такая прагматычная пазіцыя Польшчы будзе выглядаць зразумелай, бо лепей мець спакой на ўсходняй мяжы і задаволены бізнэс у прыгранічным рэгіёне, чым вылаўліваць мігрантаў і несці страты праз закрытую мяжу.

Тым больш што ў абодвух выпадках рэжым Лукашэнкі нікуды не дзенецца.

Не ўсе дыктатары аднолькава шкодныя 

Такім чынам, Беларусь — на гора для беларусаў — можа стаць другім Туркменістанам, Таджыкістанам ці, калі хочаце, Азербайджанам. Палітычныя рэжымы ва ўсіх трох краінах хоць і розныя, але вельмі далёкія ад дэмакратычных.

Эмомалі Рахмон кіруе Таджыкістанам яшчэ на некалькі гадоў больш, чым Лукашэнка Беларуссю. А крымінальную адказнасць за каментары і падабайкі ў сацыяльных сетках там адмянілі толькі сёлета. Па стане на май 2025 года, за актыўнасць у інтэрнэце ў турмах Таджыкістана знаходзілася больш за 1500 чалавек.

У Туркменістане, дзе дзейны прэзідэнт Сердар Бердымухамедаў атрымаў уладу ў спадчыну ад бацькі, сітуацыя з дэмакратыяй і правамі чалавека яшчэ горшая. Пры гэтым краіна нейтральная, таму пытанняў да яе з боку заходніх краін не шмат.

У Азербайджане ўлада да Ільхама Аліева перайшла ў спадчыну, апазіцыя там раздушаная, а па падліках праваабаронцаў налічваецца каля 350 палітвязняў.

Уладзімір Пуцін, Ільхам Аліеў і Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні Рады кіраўнікоў дзяржаў СНД у Душанбэ 12 кастрычніка 2025 года. Фота: Kristina Kormilitsyna, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

Галоўнае адрозненне Беларусі ад гэтых краін — не толькі ў тым, што мы геаграфічна знаходзімся ў цэнтры Еўропы, а ў тым, што рэжым Лукашэнкі не толькі ладзіць тэрор у дачыненні да сваіх грамадзян, але і не дае спакойна жыць суседзям. 

Калі мы прааналізуем усе санкцыі і абмежаванні ў дачыненні да Беларусі, то стае відавочным, што сапраўды сур'ёзную рэакцыю паводзіны рэжыму выклікалі толькі тады, калі ягоныя дзеянні закраналі інтарэсы іншых краін.

Першы такі прыклад — прымусовая пасадка самалёта з Пратасевічам на борце, які выконваў унутрыеўрапейскі рэйс з Грэцыі ў Літву.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Другі — штучнае стварэнне міграцыйнага крызісу. 

Але і гэта дробязь у параўнанні з тым, калі Лукашэнка зрабіў Беларусь суагрэсарам у вайне з Украінай. Менавіта за наданне тэрыторыі для нападу наша краіна атрымала самыя жорсткія з усіх абмежаванняў.

Ніякія фальсіфікацыі выбараў, рэпрэсіі, катаванні і іншыя паскудствы ў дачыненні да беларусаў не мелі такіх наступстваў.

Яшчэ летась я казаў, што калі ў 2025 годзе адбудуцца меркаваныя перамовы па Украіне, то разам з імі будуць выбудоўвацца новыя правілы ўзаемаадносін паміж Захадам і Расіяй.

І што ў такім сцэнары Беларусь можа застацца «тэрыторыяй, бясспрэчна замацаванай за Расіяй», і ні Злучаныя Штаты, ні Еўрасаюз не стануць гэтаму пярэчыць. 

Падзеі апошніх дзён указваюць на тое, што тэктанічныя зрухі на ўкраінскім кірунку ўсё яшчэ могуць адбыцца ў межах 2025 года або ў першай палове 2026-га.

Дональд Трамп і Уладзімір Пуцін. Фота: АР

Апублічаны днямі мірны план Трампа паказвае, што стваралі яго, каб залагодзіць і ўміратварыць Расію.

Ці будзе ён падпісаны ў тым выглядзе, які трапіў у СМІ, і ці будзе наогул дасягнуты нейкі прагрэс у пытаннях спынення вайны — невядома, але ягоны змест і рыторыка адміністрацыі Трампа выразна ўказваюць на тое, што прынамсі Штаты гатовыя да вымалёўвання новых чырвоных рыс і ўтварэння новых правіл ва ўзаемаадносінах паміж Захадам і Расіяй.

Усе гэтыя змены, якія адбываюцца і могуць адбыцца ў агляднай перспектыве, — не нясуць нічога добрага Беларусі, калі глядзець на іх у глабальным сэнсе.

Нашу краіну такое рашэнне пакідае ў «зоне ўплыву Масквы», і гэта, як падзел Еўропы пасля Другой сусветнай вайны, можа быць на доўгія дзесяцігоддзі.

У нейкіх дробных пытаннях, як адкрыццё межаў, вяртанне паслоў і зняцце пэўных санкцый, якія наносілі шкоду ў першую чаргу шараговым беларусам, а не рэжыму Лукашэнкі, можна ўбачыць пазітыў, але на сапраўды адчувальныя змены ў Беларусі без змен у Расіі пры такім варыянце спадзявацца дакладна не варта.

Гэта не значыць, што еўрапейская будучыня Беларусі перастане залежаць ад жадання саміх беларусаў. Але многае будзе залежаць ад паводзінаў Захаду і ў першую чаргу Еўрасаюза ў цэлым і нашых суседзяў па ЕС у прыватнасці.

Два варыянты развіцця падзей у Беларусі

У краін Еўропы ёсць выбар: навучыцца больш выразна адрозніваць народ Беларусі ад рэжыму Лукашэнкі або паставіць паміж імі знак роўнасці і цалкам і поўнасцю змірыцца з тым, што гэта ледзь не частка Расіі, і ставіцца да Беларусі і яе жыхароў варта, як да Расіі і расіян.

Першы варыянт — пазітыўны для беларусаў тут і цяпер і для Беларусі ў будучыні. Еўрасаюз можа падтрымліваць грамадзянскую супольнасць, беларускія ініцыятывы і СМІ. Можа аднавіць нармальную выдачу віз, не чыніць перашкод тым, хто хоча падарожнічаць па Еўропе, працаваць там ці вучыцца ў еўрапейскіх ВНУ.

Захад можа працягваць барацьбу за сэрцы і розумы беларусаў, каб у грамадстве маглі развівацца праеўрапейскія настроі, каб людзі на ўласныя вочы маглі бачыць, што Захад загнівае толькі ў выпусках беларускай і расійскай прапаганды.

Прыклад 2020 года выдатна паказаў, як у прарасійскай дыктатуры грамадства можа развівацца ў адваротным кірунку, і большасць насельніцтва можа быць супраць дзеючага рэжыму нават з улікам таго, што не можа яго зрынуць.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: АР

Гэта не дасць маментальнага выніку, але будзе будаваць і ўмацоўваць падмурак для таго, каб пры з'яўленні наступнага акенца магчымасцей Беларусь нарэшце змагла вызваліцца і стаць часткай Еўропы, а не «рускага свету» ў самым горшым разуменні гэтага выразу.

А калі Захад працягне палітыку ізаляцыі беларусаў ад Еўропы, то будзе абсалютна не дзіўна, калі мы пачнем назіраць за тым, як сярод насельніцтва будуць расці сімпатыі да Расіі і рэжыму Лукашэнкі.

Ілюстрацыйнае фота: БелТА

Пасля вяртання да ўлады Дональда Трампа стала відавочным, што Захад у будучыні будзе больш асцярожным у памкненнях дапамагаць былым краінам СССР у іх жаданні вырвацца з маскоўскай арбіты, бо выпадак з Украінай паказаў, што гэта можа быць балюча і дорага для ўсіх. Таму стратэгія паводзінаў у стылі «не злаваць дзядоў» — самая відавочная.

Мы стаім на парозе вымалёўвання новых чырвоных рыс і выбудоўвання новай стратэгіі адносін паміж Захадам і Расіяй.

На жаль, сама наша краіна ў гэтым падзеле застаецца на адным баку з Расіяй, але ў якім кірунку будзе развівацца беларускае грамадства — шмат у чым будзе залежыць не толькі ад нас з вамі, але і ад стратэгіі Еўрасаюза адносна беларусаў.

Каментары55

  • Таталітарны лукашызм
    25.11.2025
    Пакуль жывы гэты самы дзед, ніякіх змен не будзе, толькі смакучы русскі мір. Гэта і без прагнозаў зразумела
  • Пум-пум
    25.11.2025
    Яны не гатовыя змагацца нават за сябе проста дапамагаючы Украіне. За Беларусь адназначна аніхто не будзе, тым больш што на побытавым узроўні палякі нас ад маскалёў не адрозніваюць і прадаць гэта выбаршчыкам не атрымаецца
  • Беларус
    25.11.2025
    Это лишь в очередной раз показывает как таким режимам как лукашенковский или путинский, легко играть на противоречиях внутри стран ЕС, где нету единого подхода даже среди таких стран как Польша, Литва, Латвия, которые как никто другие должны понимать беларусов и помнить что такое быть частью кремлевской сферы влияния. Но даже среди этих стран, каждая ставит свои личные, а чаще всего именно финансовые, интересы превыше всего. Можете это называть прагматизмом польской или европейской политики, но пока это выглядит как политика «барана и ворот», когда каждый раз идут на уступки режиму, снова и снова, как бараны, наступая на одни и те же грабли, а в замен даже не смогли добиться освобождения Пачобута, я уже молчу про другие требования прекратить репрессии, никто уже и не будет их озвучивать. Беларусам придется самим в одиночку решать свои проблемы. И еще, здесь многие неоднократно ставили в укор Украине, что она в 2020 торговала нефтепродуктами с Беларусью, но никто почему не пишет, как Польша торгует с режимом, да так, что общий товарооборот между РБ и РП уже в десятки раз перевесил уровень оборота с Украиной за 2020/21 года. Выводы каждый сделает сам.

Цяпер чытаюць

Затрыманы член камісіі па вяртанні5

Затрыманы член камісіі па вяртанні

Усе навіны →
Усе навіны

Прыйшоў адказ з МУС наконт месца знаходжання Мікалая Статкевіча10

«Засталося толькі некалькі пунктаў». У Белым доме сказалі, што большасць пунктаў мірнага плана па Украіне ўзгодненыя2

Латушка: Пра месцазнаходжанне Анжалікі Мельнікавай нічога не вядома13

Дар’я Шманай двойчы трапляла ў аварыі ў Маскве на чужым «Мерсэдэсе»25

Прадстаўнікі ЗША і Расіі праводзяць перамовы ў Абу-Дабі 

Сі Цзіньпін сказаў Трампу пра жаданне вяртання Тайваня7

Пазняк пра мірны план Трампа: Гэта не справядліва, але рацыянальна для ЗША93

Амаль 250 украінскіх дронаў атакавалі поўдзень Расіі і анексаваны Крым

Скандал у Брытаніі: кампанія звальняе брытанскіх супрацоўнікаў, але наймае беларусаў9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Затрыманы член камісіі па вяртанні5

Затрыманы член камісіі па вяртанні

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць