Аднавілі мост там, дзе яго не магло быць, бо не змаглі знайсці яго рэальнае месца. Што за рэстаўрацыя адбываецца ў Жылічах?
Палацавы комплекс у Жылічах перажывае чарговы этап адраджэння. Пасля рэстаўрацыі раскошных палацавых інтэр’ераў узяліся за аднаўленне парку, сістэмы ставоў і страчаных малых архітэктурных формаў. Аднак у выніку аўтэнтычныя пабудовы былі знішчаныя, а новыя альбо з’яўляюцца грубымі муляжамі, альбо ўзведзеныя ў месцах, дзе гістарычна іх не магло існаваць.

Палацава-паркавы комплекс Булгакаў у Жылічах з’яўляецца адным з найлепшых узораў позняга класіцызму ў Беларусі. Велічны палац, пабудаваны ў 1830‑я гады па праекце Караля Падчашынскага на беразе ракі Добасны, уражвае сваімі маштабамі і захаванасцю. Пасля доўгіх гадоў заняпаду палац нарэшце пачалі рэстаўраваць у 2009 годзе, ператварыўшы яго ў турыстычную жамчужыну.

Парк Булгакаў
Сёлета ў Жылічах актыўна вялася чацвёртая чарга рэстаўрацыі, якая закранула прылеглы да палаца сядзібны парк. Праект, распрацаваны інстытутам «Магілёўграмадзянпраект», прадугледжваў маштабныя працы: добраўпарадкаванне парку і ставоў, рэканструкцыю карэтнай, узвядзенне арачнага моста, аднаўленне страчаных павільёна-купальні на востраве і альтанак.

Парк у Жылічах задумваўся гаспадарамі як грандыёзны ансамбль плошчай каля 18 гектараў (а разам з садамі — усе 100). Паводле апісанняў Афтаназы, ён спалучаў рэгулярную планіроўку з алеямі, пракладзенымі пад прамым вуглом, і англійскі пейзажны стыль.
Тут расло мноства экзатычных дрэў: веймутавыя хвоі, срэбныя клёны, амерыканскія ліпы, італьянскія таполі. Парк упрыгожвалі кветкавыя дываны і групы дэкаратыўных кустоў. Сістэма каналаў і ставоў з выспамі, злучанымі масткамі, стварала маляўнічыя віды.


Праект рэстаўрацыі парку сёлета быў пададзены на XXII Рэспубліканскі конкурс на найлепшы праект і пабудову ў намінацыі «Рэстаўрацыя», праўда, пры невялікай канкурэнцыі так нічога і не атрымаўшы.
Менавіта ў конкурснай дакументацыі аўтары тэлеграм-канала «Спадчына» звярнулі ўвагу на дзіўную дэталь: праекціроўшчыкі прызнавалі, што натурныя абследаванні выявілі «поўную адсутнасць слядоў апор каменнага моста-дамбы» ў тым месцы, дзе было запланавана яго аднаўленне. Гэта вельмі дзіўна для такога грунтоўнага збудавання.
Пасля дэталёвага вывучэння гістарычных фотаздымкаў, планаў і спадарожнікавых здымкаў актывісты прыйшлі да высновы, што прычына ў тым, што моста ў гэтым месцы не было і быць не магло — сто гадоў таму гэта была сярэдзіна вадаёма.

Кур’ёз з мостам
Фізічная адсутнасць якіх-небудзь слядоў апор моста была не адзінай прычынай засумнявацца ў правільнасці выбранага месца. Скарыстаўшыся гістарычнымі фотаздымкамі і ўласнай 3D-мадэллю, даследчыкі правялі супастаўляльны аналіз, які паказаў: мост ніяк не мог знаходзіцца ў тым ракурсе, у якім яго запраектавалі цяпер — амаль дакладна насупраць палаца, перпендыкулярна да галоўнай паркавай восі. Аднак гэтая нестыкоўка была праігнараваная.

Новы мост-дамбу ўзвялі на пратоцы, якая сёння злучае стаў з ракой Добаснай. Але, як пераканаўча давялі актывісты, спасылаючыся на тыя ж фотаздымкі і гістарычныя планы, што і праекціроўшчыкі,
сто гадоў таму гэтай гаці — вузкай палоскі зямлі паміж ракой і ставам — не існавала. У той час Добасна ўпадала непасрэдна ў стаў, які быў значна большы за сучасны, а мост-дамба знаходзіўся ў адзіным лагічным месцы — там, дзе рака выцякала са става, выконваючы ролю шлюза. Сучасная ж гаць паміж ставам і ракой з’явілася толькі ў савецкі час.


Супастаўленне гістарычных планаў, сучаснага рэльефу і размяшчэння старога рэчышча ракі, якое таксама было выпраставана ў савецкі перыяд, дазваляе даволі дакладна лакалізаваць сапраўднае месца гістарычнага моста. Аднак гэтая праца ў межах праекта праведзеная не была.
Парк Жыліцкай сядзібы размешчаны па абодва берагі Добасны. Адзінай дарогай, што злучала сядзібу з трактам паміж Бабруйскам і Рагачовам, была алея на супрацьлеглым беразе ракі — менавіта на яе восі стаіць палац. Алея праходзіла праз увесь парк на тым баку Добасны, упіралася ў стаў, пасля чаго паварочвала ўбок і па мосце-дамбе абыходзіла вадаём, прыводзячы гасцей да палаца.


Сёння ж узнікла парадаксальная сітуацыя: галоўны пад’езд да сядзібы фактычна абрываецца на рацэ і нікуды не вядзе, бо адноўлены мост перакінуты не там, дзе ён знаходзіўся гістарычна. Гэтая нестыкоўка таксама не выклікала сумневаў у праекціроўшчыкаў.
Купальня ў стылі катэджа
Шмат пытанняў выклікае і адноўлены павільён-купальня на выспе. Даследчык гісторыі беларускіх сядзіб Раман Афтаназы апісваў гэты будынак як найбольш цікавы ў архітэктурным плане аб’ект парку. Гэта быў класіцыстычны павільён, акружаны каланадай, які служыў летняй купальняй.

У распараджэнні рэстаўратараў былі якасныя фотаздымкі Яна Булгака 1910 года, аднак сучасная версія атрымалася толькі аддалена падобнай да арыгінала. Па-першае, былі парушаныя прапорцыі: крок каланады не адпавядае гістарычным, а цэнтральную вежку-бельведэр выканалі амаль у два разы ніжэйшай, чым на архіўных здымках. У выніку тэрмальнае акно на сцяне вежкі, добра бачнае на старых фота, у новай версіі немагчыма ўбачыць ні з аднаго ракурсу — яго закрывае балюстрада. Пры гэтым, як адзначаюць актывісты, праблему была відаць ужо на этапе праектавання, яна добра счытвалася з 3D-мадэляў, але была праігнараваная.



Па-другое, па ўзроўні дакладнасці паўтарэння гістарычнага павільёна і дэталізацыі купальня хутчэй нагадвае прыватны катэдж, чым помнік архітэктуры. Замест класічных калон, якія абавязкова павінны мець вытанчанае патанчэнне ствала ў верхняй частцы (энтазіс), з бетону адлілі простыя цыліндрычныя слупы. Спрасцілі і капітэлі: замест квадратнай пліты зверху (абакі), характэрнай для дарычнага ордара, з’явілася круглая форма. Самі калоны аказаліся значна танчэйшымі за гістарычныя. У тым жа ключы выкананыя і альтанкі-ратонды.



Усё гэта груба парушае законы ордарнай архітэктуры, якія былі выпрацаваныя за тры тысячы гадоў і якія, як адзначаюць актывісты, вывучаюць на першым курсе архітэктурнага факультэта. Але яны па нейкай прычыне невядомыя тым, хто ўзяўся за аднаўленне Жылічаў.
Не ўдалося паўтарыць і гістарычныя балюстрады паміж калонамі — выглядае, што зрабіць гэта нават не спрабавалі. На фотаздымках 1910 года прасветы паміж калонамі запоўненыя складанымі балюстрадамі з фігурнымі балясінамі і прафіляванымі завяршэннямі, а ў іншых месцах гэта былі лавы, чые спінкі служылі балюстрадамі. У сучасным жа варыянце ўсё заменена на прымітыўныя канструкцыі з бакавымі слупкамі, падобныя да тыпавых элементаў з бібліятэкі нейкай праграмы 3D-праектавання.
Знос карэтнай
Але нават тыя аўтэнтычныя аб’екты сядзібы, якія нейкім цудам дайшлі да нашага часу, не былі належным чынам захаваныя. Замест навуковай рэстаўрацыі некаторыя з іх проста знішчылі дашчэнту і «аднавілі» з нуля, не надта звяртаючы ўвагу на дэталі.


Так, у 2024 годзе быў без лішняга шуму разабраны будынак карэтнай, а на яго месцы ўзведзены навабуд — грубы муляж «па матывах».
У новай версіі будынка аніводная дэталь або форма не адпавядаюць гістарычным, зафіксаваным на архіўных фотаздымках, прытым што некаторыя з гэтых архітэктурных дэталяў захоўваліся аж да самага зносу.


Знікла складаная пластыка фасадаў: прафіляваныя карнізы і раскрапоўкі, уласцівыя класіцыстычнай архітэктуры. Аркады атрымалі грубы, празмерна выяўлены аб’ём, хаця гістарычна былі значна больш плоскімі і далікатнымі. Афармленне часткі аконных праёмаў увогуле выглядае выдуманым.




«Гэта і ёсць фальсіфікацыя гісторыі, калі замест аўтэнтыкі і навуковай рэстаўрацыі прапануюць нешта адноўленае абы-як, без аніякага разумення архітэктуры», — падсумоўваюць сітуацыю ў Жылічах аўтары тэлеграм-канала «Спадчына».
Чаму так адбылося
Заказчыкам чацвёртай чаргі работ выступае Упраўленне капітальнага будаўніцтва Магілёва. У штаце ўстановы працуе Таццяна Мацвеенка, якая мае пасведчанне на кіраўніцтва распрацоўкай навукова-праектнай дакументацыі для правядзення рамонтна-рэстаўрацыйных работ на матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях.
Менавіта яна адказвае за падрыхтоўку комплекснага навуковага даследавання аб’екта перад рэстаўрацыяй, на аснове якога адбываецца праектаванне, за навуковае абгрунтаванне прынятых праектных рашэнняў, а таксама за аўтарскі нагляд за іх рэалізацыяй.
Відавочна, што ў Жылічах адбыўся прамы канфлікт інтарэсаў: штатны навуковы кіраўнік не можа не абгрунтаваць зручныя і выгадныя для свайго працадаўцы рашэнні.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬПадчас рэстаўрацыі сінагогі ў Ваўкавыскім раёне знайшлі падмурак невядомага будынка
У Ружанах археолагі знайшлі фрагменты падмурка будынка часоў Льва Сапегі
У Фарным касцёле ў Гродне пасля маштабнай рэстаўрацыі адкрылі адзін з барочных алтароў
Рэстаўратары аднавілі капліцу ў сядзібе Агінскіх. Яе раскрытыкавалі за недакладнасці
Каментары