Як паведаміў на прэс‑канферэнцыі 19 мая ў Мінску галоўны саветнік галоўнага ўпраўлення АПК апарату Савета міністраў Аляксандр Балькоўскі, у 2003 годзе імпарт цыгарэт складаў прыкладна 4 млрд. штук, па выніках 2009 года — 513 млн. штук.
«Імпарт скараціўся дзякуючы развіццю тытунёвага рынку рэспублікі, мадэрнізацыі вытворчасці, кантрактнай вытворчасці цыгарэт», — адзначыў Балькоўскі. Паводле яго слоў, імпартазамяшчэннем займаюцца Гродзенская тытунёвая фабрыка «Нёман» і мінская фабрыка «Тытунь Інвест».
«Усё ў нас робіцца на карысць спажыўца зыходзячы з запатрабаванняў рынку. У нас ёсць усе магчымасці і перадумовы для таго, каб вырабляць цыгарэты і забяспечваць рынак», — заявіў Балькоўскі.
На думку дырэктара ІП «Брытыш Амерыкан Табака Трэйдынг Компані» Вадзіма Максіменкі, імпарт скарачаецца таму, што «наладжваецца вытворчасць у краіне». Ён адзначыў, што кампанія імпартуе толькі тыя цыгарэты, якія пакуль тэхнічна не могуць быць выраблены ў Беларусі.
Максіменка заявіў, што кампанія пакуль не плануе пераходзіць ад кантрактнай да ліцэнзійнай вытворчасці цыгарэт у Беларусі. «Калі гаварыць з пункту гледжання дзяржавы, ніякай розніцы ў гэтых відах вытворчасці няма. Для яе неабходны пастаянныя паступленні ў бюджэт, якія павялічваюцца», — падкрэсліў ён.
«Мы б не хацелі пераходзіць з кантрактнай на ліцэнзійную вытворчасць, таму што пры кантрактнай вытворчасці мы кантралюем увесь працэс ад вытворчасці да паступлення да канчатковага спажыўца, пры ліцэнзійнай вытворчасці ў нас такой магчымасці не будзе. Ніякіх фінансавых і іншых прычын за гэтым не стаіць», — дадаў Максіменка.
Паводле інфармацыі кампаніі, кантрактная вытворчасць «Брытыш Амерыкан Табака Трэйдынг Компані» на Гродзенскай тытунёвай фабрыцы «Нёман» была пачата ў 2005 годзе. Цяпер у рамках кантрактнай вытворчасці выпускаецца 18 найменняў цыгарэт. Доля прадукцыі ІП «Брытыш Амерыкан Табака Трэйдынг Компані» на канец красавіка 2010 года складала амаль 20%, у сегменце «прэміум» — больш як 57%.
Каментары