Улада

Маці палітвязьняў

Адпраўляючы за краты маладых хлопцаў, пракуроры й судзьдзі нібы выносяць прысуды іхным маці. Сёньня сваіх сыноў чакаюць Тацяна Севярынец, Тацяна Касьпяровіч, Марыя Фінькевіч.

Фота Андрэя Лянкевіча

Марыя Фінькевіч

Спадарыня Фінькевіч да заняткаў Артура палітыкай прызвычаілася, хоць і не падтрымлівае мэтады: «Яны не дасягнуць мэты».

Сына затрымалі 1 лютага з фарбай у руках. Разам з Аляксеем Янушэўскім ён пісаў на плоце графіці «Хочам новага» і «Дастаў» (гэтая акцыя не прадугледжвае крымінальнае адказнасьці за псаваньне дзяржмаёмасьці, плот — не сьцяна будынку). 3 лютага Аляксея адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе, Артура пакінулі ў СІЗА на Валадарскага. Адыгралі ро-лю шматразовыя затрыманьні падчас маладафронтаўскіх акцыяў. Сябры як могуць падтрымліваюць Артура: у 21-шы дзень народзінаў, 8 лютага, зладзілі ля сьценаў турмы пікет.

Пра свае пачуцьці спн. Марыя кажа неахвотна. З абурэньнем толькі згадвае ператрус у кватэры, наладжаны 1 лютага. Вобыск трываў гадзіну. «Перапаролі бялізну. Маёй маме пагражалі: калі вы нам усё не пакажаце, яшчэ раз прыйдзем. Я ім кажу: куды вы прыйдзеце? Я вас проста не пушчу! Што, дзьверы ламаць будзеце?» — наракае жанчына на хамскія паводзіны міліцыянтаў. «Імкнуліся запісаць на Артура як мага больш. Казалі: «Вось гэты тэлевізар запісваем на яго». А потым прыйдуць і забяруць маю маёмасьць?» Праўда, у гэтым швондэраўскім памкненьні хапануць як мага больш Марыя Фінькевіч бачыць і надзею: магчыма, усё абыдзецца толькі штрафам.

Тацяна Касьпяровіч

Спн.Касьпяровіч скардзіцца, што не даходзяць лісты да сына: «Сьпярша казалі, што цэнзараў мала, цяпер заяўляюць — цэнзары хварэюць. Таму, маўляў, ліст дойдзе да Зьмітра праз тры тыдні». Першы ліст ад сына, напісаны 1 лютага, яна атрымала на шосты дзень. Сама спн. Касьпяровіч за ўвесь час Зьмітровага зьняволеньня напісала дзесяць лістоў. У адзіным атрыманым лісьце Зьміцер напісаў, што ў камэры дужа холадна. Маці перадала яму два цёплыя швэдры, некалькі параў шкарпэтак.

1 лютага перадала сыну вялікі пакунак, які дазваляюць перадаваць раз у паўмесяца: прадукты, кнігі («Гісторыю Беларусі», «Новы Запавет», раман В.Іпатавай «Альгердава дзіда»). У камэры, кажа, ёсьць тэлевізар.

Зьміцер вызвалены ад войска: у самотнай маці ён адзіны сын. І адзіны кармілец у сям’і: Тацяна Касьпяровіч — пэнсіянэрка. Адгукнуліся добрыя людзі. «Мне шмат тэлефанавалі людзі, якім Зьміцер арганізоўваў паездкі. Я ім кажу: пакуль стаяць маразы, паездкі адмяняюцца. Але людзі кажуць: мы чытаем «Нашу Ніву», усё ведаем, авансавыя грошы за паездкі вяртаць ня трэба».

Маці спадзяецца, што Зьміцер пасьля выхаду на волю працягне адукацыю: «Ён вельмі добра вучыўся. Пойдзе ў асьпірантуру ці магістратуру».

Тацяна наракае на адваката Паўла Сапелку, які рэдка сустракаецца з сынам. На сёньня адвакат — адзіны чалавек, які можа бачыцца з хлопцам штодня і прыносіць ад яго весткі. Адвакат кажа маці, што ня можа дамагчыся сустрэчы з пракурорам і мае абмежаваныя магчымасьці да перадачы справы з пракуратуры ў суд.

Тацяна Севярынец

Тацяна Севярынец пра сына кажа з гонарам. Згадвае адчуваньні ў момант, калі даведалася пра прысуд Паўлу: «Мы ня тое, што зьмірыліся... Гэта было абурэньне!» І параўноўвае працэс з трагедыяй на Нямізе ў 1999 годзе. «Статкевіч і Паша зрабілі ўсё, каб ніводзін чалавек не атрымаў драпіны ці гузака. І іх засудзілі. А за сьмерць людзей на Нямізе нікога не пакаралі, вінаватых не знайшлі — нібы яны самі туды кінуліся паміраць».

Нядаўна, у моцныя маразы, Павал прыяжджаў «у адпачынак». «Бадзёра выглядаў. Схуднеў, праўда. Ня рай жа там, а цяжкая фізычная праца». Дзейнасьць Паўла на «хіміі» ўжо прыносіць плён: «Да сына ідуць, калі адчуваюць несправядлівасьць. Калі стаялі маразы, дык людзі ўжо самі, бяз Паўла, сказалі, што ня будуць працаваць у лесе».

Як і кожная маці, Тацяна Севярынец перажывае: «Бегаю па рынку, купляю валёнкі, рукавіцы. Але Паша сьціпла да ўсяго ставіцца, кажа, што яму нічога ня трэба. Ён ведае, якія выдаткі ідуць на ўсе гэтыя закупкі, таму адмаўляецца». Ад аднае згадкі пра сына на твары зьяўляецца ўсьмешка: «Прывёз Паша штаны, каб зашыла. Ён і сам умее трымаць іголку ў руках, але тут прывёз: зашый так, каб ня дралася».

Маці згадвае, што падчас «адседкі» ў ізалятары на Акрэсьціна ў Менску Павал дзяліўся вопраткай і ежай з сукамэрнікамі. Гэткі ж ён і ў ссылцы. Праўда, не абыходзіцца бяз прыкрых выпадкаў. «Паша будзе сварыцца, што я гэта распавядаю, але... Паша прыехаў дадому ў тонкім швэдры, тонкіх штанах. Я пытаюся: «Мы ж табе купілі цёплую вопратку, чаму ня носіш?» А ён кажа, што пасялілі да яго хлопца з Новалукомлю, той голы прыехаў. Дык Паша яму ўсё і аддаў. А той хлопец яго і абабраў: пакуль Пашы не было, зьеў ягоныя прыпасы, забраў рэчы...»

Маці суцяшаецца тым, што да Паўла езьдзяць сябры й знаёмыя: «Ён прыклад для многіх, для тых, хто яшчэ не наважваецца выказаць свае думкі ўголас». Кажа, што на працы да «маці палітвязьня» ставяцца з разуменьнем: «Усе ведаюць, што я здатная на рашучыя крокі і ў настаўніцкім жыцьці заўжды крытычна стаўлюся да рашэньняў начальства. Таму паважаюць».

Напішы палітвязьням:

220050 Менск, вул.Валадарскага, 2, СІЗА №1, камэра 146. Касьпяровічу Зьмітру.

220050 Менск, вул.Валадарскага, 2, СІЗА №1. Фінькевічу Артуру.

211652 Полацкі раён. п.а. Малое Сітна, Да запатрабаваньня Севярынцу Паўлу.

225416 Баранавічы, вул.Жукава 12а, кв.5, Статкевічу Мікалаю.

Каментары

Цяпер чытаюць

Як журналістка «Нашай Нівы» шукала пару на праваслаўным сайце знаёмстваў. Падкаціў і Талай22

Як журналістка «Нашай Нівы» шукала пару на праваслаўным сайце знаёмстваў. Падкаціў і Талай

Усе навіны →
Усе навіны

Новыя iPhone ужо ў Беларусі. Колькі каштуюць і ці варта ехаць па іх у Польшчу або Літву?13

Абезгалоўленая каралева. Чаму тое, што мы пра яе вучылі ў школе, было міфам2

Расія гатовая адказаць на любыя магчымыя пагрозы ваеннай сілай. Пуцін сабраў Саўбез і зрабіў заяву7

«Забярыце дадому з разбітай галавой». Беларуска паскардзілася, што сыну не выклікалі хуткую ў школе4

Навукоўцы ўпершыню зафіксавалі спарванне леапардавых акул. Аказалася, што ўдзельнічаюць самка і адразу два самцы ВІДЭА1

«Хутка ўбачыце мяне ў парыках». Маргарыта Сіманьян заявіла, што лечыцца ад раку6

«Усё, чаго я хацела дасягнуць у жыцці, я зрабіла ў Польшчы». Легкаатлетка Жодзік расказала пра Беларусь, перамогу і свой ганарар22

У Мінску пабудуюць дзве новыя дарогі, якія стануць дублёрамі Партызанскага праспекта

У Мінску адкрылі Вышэйшую партыйную школу23

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як журналістка «Нашай Нівы» шукала пару на праваслаўным сайце знаёмстваў. Падкаціў і Талай22

Як журналістка «Нашай Нівы» шукала пару на праваслаўным сайце знаёмстваў. Падкаціў і Талай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць