Польшча пакуль не плануе змяняць рашэнне аб адкрыцці памежных пераходаў
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, атрыманай журналістам польскага RMF FM Кшыштафам Засадам, Польшча пакуль не плануе змяняць рашэнне аб адкрыцці памежных пераходаў з Беларуссю ў лістападзе, нягледзячы на сур’ёзны крызіс на мяжы Літвы і Беларусі.

На чацвер запланаваныя кансультацыі намеснікаў міністраў унутраных спраў Літвы, Польшчы і Латвіі.
Літоўскія ўлады тлумачаць гэтыя сустрэчы як частку агульных перамоў, якія тычацца крызісу, выкліканага закрыццём мяжы з Беларуссю.
Польскі бок адзначае, што сустрэча ў намеснікаў міністраў была запланаваная загадзя і павінна была прысвячацца пераважна абмеркаванню міграцыйнага крызісу.
Разам з тым не выключаецца, што падчас кансультацый будзе закранутая і сітуацыя на літоўска-беларускай мяжы.
Аднак, паводле прадстаўнікоў Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы, гэтыя перамовы наўрад ці прывядуць да перагляду планаў аб адкрыцці польска-беларускіх пераходаў ужо ў гэтым месяцы.
Пасля рашэння Вільні аб закрыцці мяжы, у Беларусі заблакавалі выезд з краіны больш як тысячы літоўскіх грузавікоў. За іх знаходжанне на тэрыторыі Беларусі спаганяецца па 120 еўра ў суткі з кожнага аўтамабіля, таксама беларускія ўлады пагражаюць канфіскацыяй транспарту.
Каментары