У студзені-сакавіку 2011 года піваварныя заводы Беларусі павялічылі экспарт піва ў 2,5 разы адносна паказчыка за такі ж перыяд мінулага года, паведамілі БелаПАН у прэс-службе канцэрна «Белдзяржхарчпрам».
Паводле вынікаў студзеня-сакавіка экспартавана 1 млн. 130,7 тыс. дал піва. Гадавое заданне (5 млн. 160 тыс. дал) згодна з праграмай развіцця піваварнай галіны выканана на 21,9%.
ААТ «Лідскае піва» экспартавала 129,8 тыс. дал, што ў 2,1 разу больш, чым за студзень-сакавік 2010 года; ААТ «Крыніца» — 769 тыс. дал (у 2,4 разу больш). ААТ «Брэсцкае піва» павялічыла аб’ём экспарту да 116,7 тыс. дал (у 21 раз больш). Сумеснае ААТ «Рэчыцапіва» паставіла 2,6 тыс. дал (на 74,6% менш), ЗЗАТ «Піваварні Хайнекен» — 76,6 тыс. дал (у 3,7 разу больш), ААТ «Піўзавод «Аліварыя» — 33,7 тыс. дал (у 2,3 разу больш), СТАА «Дзвінскі бровар» — 1,5 тыс. дал (на 90,7% менш).
Паводле звестак «Белдзяржхарчпрама», на ўнутраным рынку Беларусі ў студзені-сакавіку 2011 года рэалізавана 7 млн. 105,4 тыс. дал піва, што на 13,6% больш, чым за першы квартал мінулага года. Заданне на студзень-сакавік (7 млн. 873,7 тыс. дал) выканана на 90,2%.
Аб’ём паставак піва на ўнутраны рынак ААТ «Крыніца» за студзень-сакавік знізіўся на 13,3% да 2 млн. 5,2 тыс. дал, СААТ «Рэчыцапіва» — на 41,5% (96,51 тыс. дал), СТАА «Дзвінскі бровар» — на 78,5% (6,7 тыс. дал).
Разам з тым чатыры прадпрыемствы павялічылі пастаўкі на ўнутраны рынак: ААТ «Лідскае піва» — на 25,9% (1 млн. 147,7 тыс. дал); ЗЗАТ «Піваварні Хайнекен» — на 61,1% (1 млн. 873,1 тыс. дал); ААТ «Піўзавод «Аліварыя» — на 21,2% (1 млн. 501,2 тыс. дал); ААТ «Брэсцкае піва» — на 10,7% (467,51 тыс. дал).
У «Белдзяржхарчпраме» таксама паведамляюць аб імпарце піва за студзень-люты 2011 года — яго агульны аб’ём склаў 1 млн. 267 тыс. дал. Адносна паказчыка такога ж леташняга перыяду імпарт піва ў цэлым знізіўся на 22,8%, у тым ліку з Расіі — павялічыўся на 8,1%, Украіны — знізіўся на 66,2%, Германіі — павялічыўся ў тры разы, Чэхіі — павялічыўся на 84%, Ірландыі — павялічыўся ў два разы. З Расіі пастаўлена 1 млн. 6,3 тыс. дал, Украіны — 229,8 тыс. дал, Германіі — 4,6 тыс. дал, Ірландыі — 2,7 тыс. дал, Чэхіі — 8,7 тыс. дал, Літвы — 8,3 тыс. дал.
Каментары