Ганна Бахціна і Дар'я Ліпкіна, якія не прайшлі пазачарговую атэстацыю, маюць намер адстойваць сваё права на прафесійную дзейнасць.
Адвакаты Ганна Бахціна і Дар'я Ліпкіна, якія не прайшлі ініцыяваную Міністэрствам юстыцыі Беларусі пазачарговую атэстацыю, маюць намер адстойваць сваё права на прафесійную дзейнасць.
Ганна Бахціна, якая абараняла Ірыну Халіп, паведаміла БелаПАН, што зрабіла пісьмовую заяву ў атэстацыйную камісію, у якой аб'явіла пра свой намер абскардзіць яе рашэнне. Адвакат чакае палажэнне пра абскарджанне, якое ёй пакуль не прадстаўлена. "Ад сваіх планаў, ад сваіх жаданняў абараняць сябе саму я не адмаўляюся, і буду рабіць гэта ў поўнай меры", — заявіла Бахціна.
Дар'я Ліпкіна, якая абараняла фігуранта крымінальнай справы аб масавых беспарадках Мікіту Ліхавіда, таксама заявіла БелаПАН, што не згодна з рашэннем атэстацыйнай камісіі. Нягледзячы на тое што Ліпкіна не прайшла камісію, яна працягвае сваю дзейнасць. "Атэстацыйная камісія не мае права што-небудзь вырашаць наконт спынення паўнамоцтваў або працягу дзейнасці", — растлумачыла адвакат. Згодна з працэдурай матэрыялы працы атэстацыйнай камісіі перадаюцца ў кваліфікацыйную камісію, якая на іх падставе павінна прымаць якія-небудзь рашэнні. Гэтыя рашэнні можна абскардзіць у судовым парадку. "Якое рашэнне будзе наконт мяне, я не ведаю, але з адмоўным рашэннем, безумоўна, не пагаджуся", — сказала Ліпкіна.
Рашэнне аб пазачарговай атэстацыі адвакатаў з 15 чэрвеня па 15 верасня Мінюст прыняў у маі "ў мэтах павышэння адказнасці адвакатаў за выкананне дзяржаўных функцый па забеспячэнні правоў і свабод фізічных і юрыдычных асоб, якаснага выканання прафесійных абавязкаў па аказанні кваліфікаванай юрыдычнай дапамогі".
Пасяджэнне атэстацыйнай камісіі, на якім абмяркоўвалася пазбаўленне адвакацкіх ліцэнзій Ганны Бахціной і Дар'і Ліпкінай, прайшло 26 ліпеня.
30 ліпеня беларускія праваабаронцы накіравалі зварот спецыяльнаму дакладчыку ААН па пытанні незалежнасці суддзяў і адвакатаў Габрыэле Кнаўль, у якім выказваюць занепакоенасць бесперапынным націскам на адвакацкую супольнасць Беларусі.
Як раней паведамлялася, у лютым Мінюст пазбавіў ліцэнзій чатырох адвакатаў Мінскай гарадской калегіі адвакатаў — Алега Агеева, Таццяну Агееву, Уладзіміра Тоўсціка і Тамару Гараеву, якія абаранялі фігурантаў справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня. 6 сакавіка са складу калегіі быў выключаны адвакат Павел Сапелка.
Каментары