Музыка77

Гімн восені: песня «Ляпісаў» на словы Купалы

Лейтматывам летніх акцый пратэсту была песня «Перамен!» Віктара Цоя. Зараз яе змяняе «Не быць скотам!» Сяргея Міхалка.

Песню на словы Янкі Купалы «Ляпіс Трубяцкой» прэзентаваў 10 верасня ў піцерскім клубе «Космонавт». Там гурт, забаронены ў Беларусі, выступаў з новай праграмай «Грай».

Адна з вызначальных рысаў новай праграмы «Ляпісаў» з загалоўнай беларускай песняй -магутны пратэстны запал. Перад сцэнай і ў руках музыкаў луналі бел-чырвона-белыя сцягі. Пры канцы выступу Міхалок шмат разоў выгукнуў «Жыве Беларусь!»

Песня «Не быць скотам!» стала гваздом канцэрта.

Верш «Хто ты гэткі?», які спявалі «Ляпісы», Купала напісаў у 1908-м, пераломным годзе яго біяграфіі. У той год паэт, пакінуўшы бровар у Яхімоўшчыне, пераязджае ў Вільню і пачынае працаваць у газеце «Наша Ніва».

«Хто ты гэткі» —

беларускае перастварэнне класічнага верша польскага паэта-неарамантыка Уладыслава Бэлзы «Катэхізіс польскага дзіцяці»:

Kto ty jesteś?

Polak mały,

Jaki znak twój?

Orzeł biały…

У адрозненне ад польскага, напісанага ў спакойным 1900-м, беларускі верш — для дарослых. І на першым месцы ў ім не нацыянальнае самавызначэнне, а патрабаванне сацыяльных правоў, «зямлі і волі». Не забываймася: твор пісаўся па свежых слядах рэвалюцыі 1905 года.

Нават слова «беларус» не вымаўляецца. Замест яго Купала ўжывае згладжанае «тутэйшы» — вызначэнне, якое пасля стане адмоўна-парадыйным. Але ў 1908-м

Купала, відаць, паставіў на першае месца прагу не нацыянальных, а базавых чалавечых правоў беларусаў.

Сведчаннем нацыянальнай пазіцыі ў пачатку ХХ стагоддзя была сама мова верша. Зрэшты, як і сёння.

Хто ты гэткі?

— Свой, тутэйшы.

Чаго хочаш?

— Долі лепшай.

Якой долі?

— Хлеба, солі.

А што болей?

— Зямлі, волі.

Дзе радзіўся?

— У сваёй вёсцы.

Дзе хрысціўся?

— Пры дарожцы.

Чым асвенчан?

— Кроўю, потам.

Чым быць хочаш?

— Не быць скотам.

Песня «Ляпісаў» —

маршавая, наступальная. З жорсткім рытмам і гімнавай духавой секцыяй. Трохі нагадвае панкаўскі «Маніфест» Міхалка, толькі спяваецца, як відаць на канцэртных запісах, усур’ёз.

Песня добра надаецца для гульні з залай — калі спявак гукае ў мікрафон пытанне, а тысячы слухачоў равуць адказ. То неўзабаве армія фанатаў «Ляпіса» вывучыць яшчэ адзін класічны верш Купалы.

Калегі па цэху па-рознаму ацэньваюць новы твор «Ляпісаў».

«Народ сам выбірае свае гімны, і калі гэтую песню так называюць, значыцца, у гэтым ёсць сэнс, — кажа Лявон Вольскі. — Я аб’ектыўна не магу ацэньваць творчасць Міхалка — мы з ім прыяцелі, аднак мне падабаецца большасць таго, што ён робіць. Цяперашні фармат «Ляпісаў» з заклікамі і маніфестамі вельмі сугучны творчасці Купалы пачатку ХХ стагоддзя, увогуле творчасць паэтаў тых часоў вельмі блізкая да нашай рэчаіснасці».

А Аляксандр Памідораў не бачыць у песні нічога асаблівага: «Чаму вам так карціць займацца стварэннем гімнаў? Ну, песня на верш Купалы. У «Песняроў» былі песні на вершы Купалы, у гурта Road Dogs ёсць песня на верш Купалы. Ну і што? Калі вы хочаце з «Ляпісаў» гімны рабіць, дык узгадайце, як яны спявалі «Лукашэнка» на мелодыю «Бураціна». А тут песня і песня».

«Я доўга не мог падступіцца да гэтага верша, бо тут у некалькіх радках закладзены эпас і гісторыя цэлага народа, — адзначаў сам Сяргей Міхалок у рэзкім інтэрв’ю пасля канцэрта. — Мяне ўразіла, што вершы, напісаныя многа гадоў таму і злабадзённыя на той час, сфакусаваныя на рэальным жыцці, і сёння гучаць вельмі актуальна. Забаўна, што Купала можа падказаць усім беларусам, што рабіць і як жыць тут і цяпер — прычым лепей, чым любыя прамовы сучасных палітыкаў. У яго вершах закладзеная нейкая агульначалавечая канцэпцыя, што выходзіць за рамкі сённяшняга дня, таму зараз для мяне «не быць скотам» — гэта галоўны дэвіз».

І не толькі для яго. Пратэстны запал новай песні «Ляпісаў» можа зрабіць яе гімнам восені. Як гімнам летніх пратэстаў была песня «Перамен!» Віктара Цоя. Яна гучала з аўтамагнітолаў падчас «Стоп-бензіну», а нават была негалосна забароненая на ФМ-станцыях.

Каментары7

Цяпер чытаюць

«Сядзеў ужо 50 сутак, затрымалі яго дзяўчыну і брата». Сукамернік расказаў пра радыёаматара, арыштаванага за здраду дзяржаве1

«Сядзеў ужо 50 сутак, затрымалі яго дзяўчыну і брата». Сукамернік расказаў пра радыёаматара, арыштаванага за здраду дзяржаве

Усе навіны →
Усе навіны

«Дразды» перазапісалі сваю знакамітую песню «Хата бацькоў» на рускай мове20

Зяленскі заўтра паедзе ў Давос, каб сустрэцца з Трампам

У Мінску зрабілі выставу да юбілею Ясеніна і паклікалі на адкрыццё Бязрукава4

«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай39

Трамп у Давосе: Еўропа рухаецца не ў тым кірунку26

У Партугаліі падпалілі скульптуру Крышціяну Раналду

У мінскім парку Горкага паставяць новыя скульптуры4

Памерла Святлана Гальдадэ4

Навукоўцы высветлілі: галоўны сродак ад прастуды хаваецца ў носе2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Сядзеў ужо 50 сутак, затрымалі яго дзяўчыну і брата». Сукамернік расказаў пра радыёаматара, арыштаванага за здраду дзяржаве1

«Сядзеў ужо 50 сутак, затрымалі яго дзяўчыну і брата». Сукамернік расказаў пра радыёаматара, арыштаванага за здраду дзяржаве

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць