Эканоміка

Расія ў СГА: першы ўдар — па беларускіх камбайнах

У канцы мінулага тыдня намеснік міністра замежных справаў Аляксандр Гур’янаў паведаміў, што Беларусь актывізуе перамоўны працэс па ўступленні ў СГА «нягледзячы на палітычныя спрэчкі з ЕС і ЗША».

Адбудзецца гэта, як толькі ў арганізацыю ўступіць Расія. Аднак Адзіная эканамічная прастора, у рэаліях якой мы пачалі жыць з 1 студзеня, прадугледжвае, што нормы СГА пасля атрымання сяброўскага білета Расіяй павінныя будуць выконвацца ўсімі ўдзельнікамі АЭП, гэта значыць і Беларуссю, і Казахстанам.

Аляксандр Гур’янаў не бачыць у гэтым нічога страшнага: «Па-першае, Расія па многіх пазіцыях узяла на сябе абавязанні, якія задавальняюць Беларусь. Па-другое, па тарыфнай абароне прадугледжаны пераходны перыяд, па многіх пазіцыях — ад 2 да 7 гадоў». Але ёсць небяспека, што рызыкі нашымі ўладамі недаацэненыя, піша Bel.biz.

Імпарту — правы, экспарту — абавязкі

Нягледзячы на тое, што па некаторых пазіцыях ёсць часавы лаг, траціна тарыфаў будзе зніжаная неадкладна, як толькі Расія ўступіць у СГА. Першай з новымі выклікамі сутыкнецца галіна сельгасмашынабудавання. Імпартныя пошліны практычна па ўсёй наменклатуры прадукцыі ўпадуць з цяперашніх 15% да 5%. Гэта істотна паўплывае на структуру рынку — імпарт тэхнікі вядомых еўрапейскіх і амерыканскіх брэндаў, такіх як John Deere, павялічыцца. У «Стратэгіі развіцця сельскагаспадарчага машынабудавання да 2020 года», распрацаванай Мінпрамгандлю і Мінсельгасам Расіі, гаворыцца, што «зніжэнне імпартных тарыфаў дазволіць замежным вытворцам закласці гэтую розніцу ў цану прадукцыі. Адбудзецца пяціразовы рост імпарту». Па прыклады далёка хадзіць не трэба. Ва Украіне хапіла года пасля ўступлення ў СГА, каб б/к «Джон Дзіры» выцеснілі з палёў усе астатнія камбайны. Намеснік дырэктара Даследчага цэнтра ІПМ Ірына Тачыцкая адзначае, што сельгасмашынабудаванне як у Расіі, так і ў Беларусі будзе самай пройгрышнай галіной: «Нашаму „Гомсельмашу“ і іншым вытворцам давядзецца сутыкнуцца з канкурэнцыяй і на расійскім, і на ўнутраным рынку. Сёння суадносіны цана — якасць не на карысць айчынных сельгасмашын».

Да пройгрышых галінаў эксперт таксама адносіць вытворчасць будматэрыялаў, харчовую і лёгкую прамысловасць, машынабудаванне. Гэта значыць, галіны, арыентаваныя на ўнутраны рынак. Таму што на ім будзе ўзмацняцца канкурэнцыя з імпартам. І галіны, экспарт якіх арыентаваны пераважна на краіны СНД. Разлікі МЗС паказваюць, што ў дачыненні да больш чым 1000 пазіцый расійскія абавязанні перад СГА ніжэйшыя за дзейныя стаўкі Адзінага мытнага тарыфу Мытнага саюза на 7–15%. З іх больш за 50 пазіцый — адчувальныя для Беларусі. Напрыклад, малако і вяршкі ў цвёрдым выглядзе, харчовыя прадукты, якія змяшчаюць какаву, некаторыя фарбы, лакі, тэлефонныя апараты, тэлевізары, а таксама новыя седлавыя цягачы нізкага экалагічнага класа для эксплуатацыі ва ўмовах бездарожжа, самазвалы. Яшчэ па 1500 пазіцыях расійскія тарыфныя абавязанні перад СГА ніжэйшыя за дзейныя стаўкі Адзінага мытнага тарыфу на 4–6,5%. З іх адчувальныя 160 пазіцый. Гэта мэбля, сінтэтычныя ніткі, лямец, вяроўкі, тканіны і тэкстыльныя вырабы, бутэлькі ёмістасцю менш за 1л, шкловалакно, пральныя машыны, мікрахвалевыя печы, а таксама некаторыя новыя і карыстаныя паўпрычэпы.

Пры гэтым Ірына Тачыцкая падкрэслівае, што галіны, якія выйграюць у Расіі, не выйграюць ў Беларусі: «Гэта металургічная і хімічная прамысловасць. Чаму ў нас не? Таму што мы не атрымаем тых перавагаў, якія атрымае Расія ад уступлення ў СГА. Гэтыя галіны, у тым ліку ў Беларусі, пастаянна знаходзяцца пад кампенсацыйнымі пошлінамі і антыдэмпінгавымі расследаваннямі. Гэта значыць пры дапамозе такіх нетарыфных бар’ераў у ЗША і ЕС абмяжоўваюць імпарт нашай прадукцыі. Але як толькі Расія ўступіць у СГА, у яе з’явіцца магчымасць змякчыць гэтыя „санкцыі“ , а ў нас не, пакуль мы не ўступілі ў СГА». Вось і атрымліваецца, што імпарту мы абавязаныя будзем адкрыць дарогу і зняць многія бар’еры для замежных тавараў, але для нашага экспарту ўмовы будуць не толькі не паляпшацца, а толькі пагаршацца.

СГА — зло або карысць?

Шмат дзід было зламана ў дыскусіі на гэтую тэму. Прыхільнікаў палярных пунктаў гледжання і сёння нямала. Але на баку «супраць» відавочна праглядаецца лобі тых галін і прадпрыемстваў, якім давядзецца змяніць звыклы ўклад спакойнага жыцця з дзяржпадтрымкай і заняцца падвышэннем канкурэнтаздольнасці.

Напрыклад, тыя ж камбайны, а пасля і трактары. Для беларускіх фермераў з’яўленне тут больш таннай замежнай тэхнікі — гэта добра. Таму што сёння яны адчуваюць сур’ёзныя праблемы: новыя машыны яны дазволіць сабе не могуць, а па запчасткі даводзіцца стаяць у чэргах пасля ўсіх СВК. Для «Гомсельмаша», «Ліды» — гэта зло. Унутраны рынак — яшчэ паўбяды. А вось расійскі ўтрымаць будзе вельмі складана. Там і фермераў больш, і прапановы будуць прывабныя.

Аналагічная сітуацыя па многіх напрамках. Нагадаем, што па прамысловых таварах у сярэднім тарыф будзе зніжаны з 9,5% да 7,3%. Па сельскагаспадарчай прадукцыі — з 13,2% да 10,8%. Таксама да 2018 года Расія абавязваецца ўдвая скараціць субсідыі сельскай гаспадарцы — з $ 9 млрд. У 2012 годзе да $ 4,4 млрд, пры гэтым прадпрыемствы АПК не будуць атрымліваць экспартных субсідый. Для асобных катэгорый прадуктаў харчавання будуць адмененыя і льготы па ПДВ. На хімічную прадукцыю пошліны знізяцца з 6,5% да 5,2%, на электраабсталяванне — з 8,4% да 6,2%, на драўніну і паперу — з 13,4% да 8%, на цукар — з $ 243 за тону да $ 223. Пошліны на бавоўну і праграмнае забяспечанне будуць скарочаныя з цяперпшніх 5,4% да нуля.

Акрамя таго, сяброўства ў СГА значна павялічыць прыток у Расію непасрэдных замежных інвестыцый. Тады павялічыцца аб’ём перадачы сучасных тэхналогій. Гэта забяспечыць развіццё і далейшую мадэрнізацыю расійскіх прадпрыемстваў, структурныя зрухі ў эканоміцы. У Мінэканомікі ў сувязі з гэтым асцерагаюцца, што «не вытрымаюць канкурэнцыі з боку не толькі замежных, але і расійскіх тавараў стратныя беларускія прадпрыемствы, а таксама суб’екты гаспадарання, якія карыстаюцца бюджэтнай падтрымкай». Ірына Тачыцкая падкрэслівае: «Важна разумець, што інвестыцыі ў выпадку рэгіянальных гандлёвых пагадненняў прыходзяць у вялікія краіны. Гэта аксіёма». Такім чынам, беларускім вытворцам давядзецца змагацца за ўсходні рынак, уладам — за кожнага інвестара. Таму ў гэтай сітуацыі Беларусь двойчы прайграе.

Але ўсё ж «няма ліха без дабра». Беларускім прадпрыемствам давядзецца ўзяцца за справу і павышаць канкурэнтаздольнасць. Гэта ўжо будзе пытанне выжывання. Закрыць межы ніхто не дазволіць. Уключыць адміністрацыйныя рычагі — таксама. А каб мець магчымасць абараняць свае тавары на замежных рынках, уладам давядзецца паспяшацца з сяброўствам у СГА. Але для гэтага, акрамя перамоваў аб тарыфах, неабходна будзе правесці рэформы і значна лібералізаваць эканоміку, правесці прыватызацыю, спрасціць адміністрацыйныя працэдуры і гэтак далей. Ну, а самае галоўнае, што ў выніку галоўныя выгады атрымае спажывец, у якога з’явіцца шырокі выбар тавараў і паслуг значна больш высокай якасці і больш нізкіх цэн.

Каментары

Цяпер чытаюць

Трамп паверыў у поўную перамогу Украіны27

Трамп паверыў у поўную перамогу Украіны

Усе навіны →
Усе навіны

Байсол: Сродкі з экстраннага збору будуць выплачаныя палітвязням цалкам9

У расійскай школе, што абвалілася на вачах у людзей, у той дзень павінны былі вучыцца разбіраць аўтамат, але ніхто не прыйшоў1

Як фаварыткі Лукашэнкі зарабляюць у б’юці-сферы12

Лукашэнка распытаў Турчына пра касякі ўрада19

Закрыццё беларуска-польскай мяжы заблакавала больш за 130 цягнікоў з Кітая ў Еўропу5

Беларус у ЗША стаў рабом без дакументаў і шукае спосаб вярнуцца дадому20

Дубай стаў новай сусветнай сталіцай OnlyFans9

Фядута ходзіць з кіёчкам і з суправаджэннем, яго часта вывозяць у Рэспубліканскі турэмны шпіталь — сэрца5

«Самая няўдалая віза для іміграцыі». Ці хвалююцца айцішнікі з-за новага ўказа Трампа?5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп паверыў у поўную перамогу Украіны27

Трамп паверыў у поўную перамогу Украіны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць