Меркаванні1616

Чорная дзіра

Сяргей Ваганаў піша пра рэканструкцыю Купалаўскага тэатра.

Тыдні два таму на адной вечарыне да мяне падсела незнаёмая сталага веку жанчына і паказала здымак: «Пазнаяце?» На здымку, ужо кранутым жаўцізной часу, ляжаў на шырокай канапе, падпіраючы галаву, нейкі стары чалавек у таўстых акулярах… «Так, — не чакаючы адказу, прамовіла жанчына, — гэта Саша Ахраменка… Яго ўжо няма…»

Нешта цісканула ў сэрцы і захаладзела пад дыхавіцай — толькі ўчора я бачыў яго, углядаючыся ў чорную бездань былой купалаўскай сцэны…

Я падышоў да тэатра незнарок, спрабуючы наўскос, праз Аляксандраўскі сквер, скараціць дарогу да метро. Але натыкнуўся на там-сям падраную агароджу, абапал якой былі раскіданыя па брудным снезе будаўнічае смецце і рэшткі дрэў — непазбежных, як заўсёды сцвярджаюць будаўнікі, ахвяр рэканструкцыі.

Я, безумоўна, ведаў пра рэканструкцыю Купалаўскага тэатра, неаднойчы ўглядаўся ў яе намаляваны на тканіне фасадны твар. Але ўпершыню ўбачыў яе з чорнага ўваходу.

Уваходу, аднак, не было. Замест яго зеўрала агромністая чорная дзіра, уцягвачы позірк у нейкую неабсяжную касмічную далячынь. Нават рэдкія лямпачкі на нябачнай столі зіхацелі, нібы зоркі…

Тут я і пабачыў Сашку. Мы не бачыліся амаль 60 гадоў.

Вось ён кліча мяне да чорнага ўваходу, дзе сустракае нас ягоны бацька, скрыпач з тэатральнага аркестра, і цішком, бо спектакль ужо пачаўся, вядзе ва ўрадавую ложу, адкуль з заміраннем сэрца сочым, як каварства забівае любоў… У антракце мы, тузаючы адзін аднаго, бяжым вузкім калідорчыкам ва ўборную Фердынанда, хіхіхаючы над назвай таямнічага памяшкання. Фердынанд, ён жа знакаміты ў хуткай будучыні Барыс Кудраўцаў, зняўшы шпагу, частуе нас шакаладам, налівае з графіна ў гранёную шклянку нейкую вадкасць, выпівае, падносячы да носа рукаў вышытага срэбрам камзола…

…Я ўглядаўся ў чорную дзіру, і адтуль з’явілася раптам Стэфанія: «Ну што, дадому?»

Па праве чалавека, адоранага не тэатральным, а простым чалавечым сяброўствам, я часцяком падвозіў Станюту пасля спектакляў, асабліва на сыходзе дзявятага дзясятка яе гадоў. Мы доўга жылі з ёй у адным доме, на адным паверсе, дзверы ў дзверы. Потым яна перабралася ў іншы дом, паверх апусцеў…

Апусцеў паверх, думаў я, калі яна сышла на зломе стагоддзяў у іншы свет. Паверх, на якім яна жыла побач з намі і які называўся ХХ стагоддзем. Так, мы перабяромся, ускараскаемся на новы. Але ці ўздымемся? Ці засвоім вышыню Духа, якую паказалі нам — не, не сведкі — творцы Стагоддзя?..

…Я ўглядаўся ў чорную дзіру, яшчэ не ведаючы,

што праз дзень-два нейкія зверападобныя страшыдлы з надпісам Hitachi на даўжэзнай жоўтай шыі канчаткова зруйнуюць старыя сцены.

…Я ўглядаўся ў чорную дзіру, яшчэ дрэнна разумеючы, да чаго падобная гэтая «рэканструкцыя» з чорнага ўваходу. І толькі ўвечары, гледзячы, як сакураўскі Фаўст у пошуках душы дастае вантробы з анатаміраванага трупа, я зразумеў гэтае вар’яцкае падабенства…

Але душу «рэканструктары» не шукаюць. Выкідаюць яе разам з вантробамі…

Сёння яны гавораць пра немагчымасць захаваць старыя сцены, нешта лапочуць пра сучасную «сцэнічную каробку» і зручныя падлакотнікі для гледачоў.

Так, ён паўстане праз нейкі час, новы тэатр для новых мінчукоў. Але душы ў ім не будзе. А калі і будзе, то невядома якая. Толькі не тая, якая жыве спрадвек.

Бо душа жыве разам са старымі сценамі.

Разам з памяццю жыве і захоўваецца душа.

…Я паехаў да Сашкавай жонкі, мы доўга размаўлялі, кожны са сваімі пытаннямі і ўспамінамі. З прыхаваным гонарам і нейкай пяшчотай яна расказвала, якім ён быў выдатным музыкам, як граў і ствараў бліскучыя джазавыя кампазіцыі ў знакамітым аркестры Барыса Райскага…

«Ён усё жыццё згадваў вас, усё пытаўся сам у сябе, як вы там…»

Ну вось, падумаў я, яшчэ адна чорная дзіра. Памерам з жыццё.

…У астрафізіцы чорная дзіра — гэта такое ўтварэнне, у якім касмічная гравітацыя дзейнічае з такой звышмоцай, што святло, якім там зіхацяць зоркі, нават са сваёй неверагоднай хуткасцю не можа пераадолець яе. Таму яны і нябачныя нам.

Але яны ёсць.

Глядзець таксама:

Рукі дзеда

Вось вам і байкот, або Самагубства прывіда

Вера і праўда

Цёмныя вокны

Каментары16

Цяпер чытаюць

«Пра сустрэчу Луку заўсёды прасілі перадаць Пуціну». Шустэр расказаў, як Лукашэнка прапаноўваў свае паслугі амерыканцам11

«Пра сустрэчу Луку заўсёды прасілі перадаць Пуціну». Шустэр расказаў, як Лукашэнка прапаноўваў свае паслугі амерыканцам

Усе навіны →
Усе навіны

Ціханоўская прапанавала Трампу, як далей дзейнічаць у пытанні Беларусі11

Сям’я, якая пераехала з Аўстрыі ў вёску пад Слуцкам, вяртаецца назад16

З вальера заасаду на вачах у наведвальнікаў уцякла ваўчыца. Адміністрацыя: Нічога страшнага, яна сама баіцца людзей4

Сірата з асаблівасцямі развіцця з Хойнікаў аказаўся на вайне супраць Украіны. Апякун кажа, што падманам4

Як зараз выглядае магіла Алеся Пушкіна ФОТАФАКТ12

Мільянер, які гадамі забіваў дзікіх жывёл, загінуў на паляванні: яго працяў рагамі буйвал17

У Рэчыцы гарэў прыватны сектар1

Макс Корж выступіць на стадыёне ў Варшаве. Некалькі вуліц перакрыюць і зменяць рух транспарту 9 жніўня9

Генплан Мінска будуць змяняць. Гараджане могуць агучыць прапановы7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Пра сустрэчу Луку заўсёды прасілі перадаць Пуціну». Шустэр расказаў, як Лукашэнка прапаноўваў свае паслугі амерыканцам11

«Пра сустрэчу Луку заўсёды прасілі перадаць Пуціну». Шустэр расказаў, як Лукашэнка прапаноўваў свае паслугі амерыканцам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць