Першы віцэ-прэм'ер урада Чэхіі і кіраўнік МЗС князь Карэл Шварцэнберг пачаў перадвыбарную прэзідэнцкую кампанію.
Шварцэнберг сфармаваў свой выбарчы штаб па выбарах прэзідэнта Чэхіі. Кіраўніком штабу стаў буйны чэшскі прадпрымальнік Марэк Воцэл. Дапамагаць палітыку падчас перадвыбарнай кампаніі будзе таксама вядомы прадзюсар і арганізатар фестывалю United Islands Давід Гайдэчка.
Кіраўнік чэшскага МЗС адным з першых заявіў пра свой удзел у прэзідэнцкай гонцы. Шварцэнберг з’яўляецца лідарам правай партыі TOP09, якая ўваходзіць у кіроўную ўрадавую кааліцыю.
Князь Карэл Шварцэнберг нарадзіўся ў Празе ў 1937 годзе, герцаг Крумлоўскі. За Вацлавам Гаўлам узначальваў канцылярыю кіраўніка дзяржавы (1990—1992). У 2007 годзе стаў міністрам замежных справаў Чэхіі. Лічыцца самым багатым палітыкам краіны, што, паводле словаў самога Шварцэнберга, робіць яго самым сумленным і непадкупным палітыкам у краіне, бо яму непатрэбны хабар.
Новы прэзідэнт Чэхіі будзе абірацца ўсімі грамадзянамі краіны падчас усенароднага галасавання — адпаведны канстытуцыйны закон аб увядзенні наўпростых выбараў кіраўніка дзяржавы падпісаў Вацлаў Клаўс у лютым гэтага года. Раней кіраўнік дзяржавы абіраўся на агульным паседжанні абедзвюх палат парламента. Выбары прэзідэнта Чэхіі пройдуць у студзені 2013 года.
Каментары