Ці можна ставіцца паважна да гэтага краю адпачынкаў з бутафорскімі краявідамі? Тут і жабрацтва, і бруд, і боль, здаецца, не кранаюць гэтак глыбока. У іх проста ня верыцца, калі стаіш пад пальмамі — іх шапаткія лісты-вэеры тамака здаюцца несапраўднымі… Замалёўкі Сяргея Харэўскага.
***
Наш паэт
Што ў Крыме сапраўднага? Хіба могілкі. Пасьля доўгіх бадзяньняў знайшоў-такі тыя, званыя ў народзе «старымі». Прыйшоў на Радуніцу на магілу Максіма Багдановіча. Для васількоў яшчэ ня час. Паставіў жоўты нарцыс.
Месца для магілы Багдановіча насамрэч не адпаведнае беларускім уяўленьням пра добрае месца апошняга спачыну. Але іншых у гарыстым Крыме папросту не знайсьці… Пагатоў у 1917 г. Праз колькі часу і тут шчыравалі бязбожнікі, таму й першы крыж на ялцiнскай магiле быў зьнiшчаны, а на ягоным месцы паўстаў савецкі помнiк з чырвонай зоркай, які i пратрымаўся да 2003 г. А ў 2003 г. на магіле паэта ўсталявалі мэмарыял работы скульптараў Лява і Сяргея Гумілеўскіх. Для крыжа месца тут так і не знайшлося…
Нашы
Крок становіцца ўпэўненым. Ля помніка расьце вялікая хваіна, на якой і ўмацаваныя бел-чырвона-белыя стужкі, сьцяг і бляшаная Пагоня.
Ня нашы сонца, горы, мора
Выглядае, што наш паэт тут не самотны, дзякуй Богу. Урэшце, я ж прыехаў у Крым па сонца, горы й мора…
Мо таму на бацькаўшчыне мы хаваемся ад зыркага сьляпучага сьвятла? Бо яно ж сваё, нікуды не падзенецца. А выпраўляемся куды на поўдзень, то падстаўляем сябе таму, купленаму, сонцу чым болей. Цешымся з часовага набытку. Але што ні кажы, нашае сонца і іхнае — розныя…
І каму у тым прасторы
Ночка, дол, лясы і горы
У сьпевах кажуць — чэсьць, хвала?
А мора нагадвае нам пра дзіцячыя летуценьні. Мы зьмяняемся, а мора застаецца тым самым. Неабсяжным. Прыгожым. І чужым. Апошняга слова не напісаў бы, каб хоць краем наш край выпінаўся ў марское шумавіньне. Мора ў нас няма. Ёсьць толькі балоты. І паэзія.
Наш паэт
У краіне сьветлай, дзе я ўміраю
У белым доме ля сіняй бухты…
Вялікую дзялку зямлі эмір набыў яшчэ ў 1898 г., заклаў тут шыкоўны парк, дамы для прыслугі, гасьцей. І назваў свой ялцінскі маёнтак Дылькісо — «Чароўнае». Бадай, акурат гэтым палацам і давялося любавацца Багдановічу ў свае апошнія дні… Ці быў ён самотны? Гледзячы на шыкоўную сачыстую маўрытаніку палаца Сэід Абдул Ахан-хана, адказаць няцяжка. Між іншым, апроч уласнае рэзыдэнцыі, эмір пабудаваў у Ялце й шпіталь, які падарыў гораду….
Вось жа я залез цераз плот у палацавы парк Дылькісо ня проста зь любові да экзотыкі. Менавіта гэты палац мо апошняе, што бачыў у жыцьці зямным Максім Багдановіч. Ягоны ж белы дом, ля сіняй бухты, стаяў акурат насупраць. Цяпер у палацы балююць расейскія вайскоўцы — пра гэта я даведаўся, калі пераскокваў церазь белы плот, уцякаючы ад дужых ахоўнікаў з дзьвюхгаловымі арламі на рукавах…
Ня наш сабор
Варта ў Ялце адведаць і сабор Аляксандра Неўскага, дзе ў траўні 1917 г. адпявалі 26-гадовага паэта. Тут быў і ягоны бацька. Цяпер храм зарос пальмамі. Лепшы выгляд на яго… зьверху, зь люлькі канатнага трамвайчыка, што вязе з пляжу на гару. Зрэшты, і хлуду ўсялякага зьверху відаць багата.
Першы праект храму распрацаваў у 1889 г. архітэктар Эшліман, але 1 сакавіка 1891 г., да дзясятае гадавіны сьмерці цара, заклалі сабор паводле праекту дойлідаў Краснова і Церабнёва (яны ж, дарэчы, пабудавалі й тутэйшы ялцінскі рыма-каталіцкі касьцёл). Першы камень у падмурак заклала сама імпэратрыца Марыя Хведараўна.
Між іншым, тут у 1918 г. адпявалі жонку Ф.М.Дастаеўскага, Ганну Рыгораўну. Але неўзабаве і гэты храм закрылі й разрабавалі бальшавікі…
Нашай гісторыі каліва
Хоць самахоць сюды ня ехалі, але зямля тут шчодра палітая беларускаю крывёю. Ёсьць тутака, «пад Сьвістопалям», як казалі ў Беларусі тады, помнік славутаму беларусу Аляксандру Казарскаму, герою расейска-турэцкай вайны 1828—1829 гг., камандзіру легендарнага брыга «Меркурый». Помнік Казарскаму пастаўлены яшчэ ў 1831 г.
Шануюць у Крыме й беларуса пісьменьніка-рамантыка Аляксандра Грына, сына ўдзельніка паўстаньня 1863 г. Ён доўга жыў тут, натхняючыся тутэйшай экзотыкай…
А вось як выселілі крымчакоў-татараў, то аматараў пажыць хораша і ў цяпле значна паболела. Паводле перапісу 1989 г., у Крыме жыло ажно 50054 беларусаў, то бок 2% ад насельніцтва гэтага далёкага краю. Для параўнаньня: да трагічнае дэпартацыі крымчакоў, у 1939 г., у Крыме жыло толькі 4900 беларусаў, альбо 0,55%.
Ня наша гісторыя
Далей ад тлумнага курортнага берагу, у горы, пачуцьцё сапраўднасьці толькі расьце.
Tam czy Allach postawiі scianа morze lodu?
Czy anioіom tron odlaі z zamrozonej chmury?
Тут засталіся сьведчаньні чалавечага жыцьця за сем тысячаў гадоў. Таўраў зьмянілі скіфы, аланы, караімы, татары. А цяпер — нікога. Нейкія драбнюткія казуркі й шыкоўны дыван прыўкрасных горных кветак. Кавалкі «Крымскіх санэтаў» выскокваюць з памяці, як тосты з тостэру… Але дарэчы.
Што ўражвае тут болей? Адноўлены татарскі Бахчысарай, дзе гадоў дваццаць таму гаспадарылі бамжы й сабакі, ці мёртвая й чыстая вусьціш закінутага Чуфут-Кале, якому сем тысячаў гадоў? Пэўна, каляіны ад колаў, што адпаліравалі гэты нішчымны вапняк… За сем тысячаў гадоў… Усё нібы марнае: пакуты, працы, песьні. Зьніклі бяз знаку дзясяткі народаў. Але калі ўжо й наш лёс такі, то я не хачу быць нікім іншым, як сабою…




Палац эміра Бухарскага, які Максім бачыў з вакна
Царква, у якой адпавялі Багдановіча
Чуфут-Кале: горад, якому 7 тыс. гадоў
Каментары