Гомельскія фрагмэнты
13.12, ндз. Учора выпадкова натрапіў на цікавую перадачу расейскай тэлевізіі — гэткую гульню са словамі. Сутнасьць яе была такою: да назоўніка, які абвяшчаўся вядучым, трэ’ было прыбавіць прыметнік, які прыйдзе на памяць, і пры гэтым пастарацца назваць такі, які найбольш часта прысутнічаў сярод адказаў выпадковых мінакоў, якіх карэспандэнт гэнай перадачы адмыслова распытваў перад тым у расейскай сталіцы.
Адным са словаў, да якога патрэбна было назваць прыметнік, было слова «дзеці». «Дзеці Чарнобылю» — гэта ж першае, другое, трэцяе і ўсякае, калі заходзіць аб дзецях, — падумаў я, — навошта было й задаваць такое няшматварыянтнае пытаньне?.. Адказы ж маскоўцаў былі наступнымі. На першым месцы — «Дзеці капітана Гранта» — 19 адказаў са ста. Другое месца — 18 адказаў — «Дзеці лейтэнанта Шміта». Былі таксама «Дзеці Арбату» — 10 адказаў, пятае месца. Дзяцей Чарнобылю не было зусім.
20.12, ндз. Чым больш у нас разводзіцца «боговерующих», тым гучнейшымі робяцца ўдары па палавіках, выбіваных у нядзелі.
1.2, пн. Адзін чалавек, якога я лічыў некалі за цалкам прыстойнага, сказаў неяк у кампаніі абыякавым тонам: «Скарэй за ўсё ў этым гаду аб’едзіняцца»... Магчыма, каб яму сказалі, што ў «этым гаду» яму выдаляць печань, ён бы занэрваваўся больш. Але ж у гэтым выпадку было б простае фізычнае вынішчэньне.
9.2, аўт. Калі аншлюс усё ж станецца непазьбежным, я лічу, што сьведамыя беларусы — а іх ня менш за мільён толькі дарослых — маюць права патрабаваць ад Расеі кавалак тэрыторыі, па плошчы адпаведнай такой частцы ад Беларусі, якую яны складаюць ад усяго насельніцтва краіны. Гэта ніяк ня менш за тэрыторыю, якую займае цяпер, напрыклад, Калінінградзкая вобласьць (ці губэрня?). На такой тэрыторыі беларусы змаглі б захаваць сваю дзяржаўнасьць, разьвіваць сваю культуру, мець свой Герб, свой Сьцяг і Гімн. Урэшце, такое вырашэньне праблемы змагло б захаваць названых людзей ад простага фізычнага вынішчэньня, непазьбежнага ў расейскім вар’яцтве.
Беларуская дзяржава, упэўнены, страціўшы ўсю сваю цяперашнюю тэрыторыю, дасягнула б вялікага эканамічнага росту, бо мела б дасьведчанае кіраўніцтва і працавітых малапітушчых высокаінтэлекуальных грамадзянаў. У эканаміцы гэта быў бы эўрапейскі Тайвань. Разбагацеўшы, выкупілі б у Расеі сваю спрадвечную тэрыторыю.
***
...Калінінградзкую вобласьць, былы Каралявец, затым Кёнігзбэрг, у час вайны адбіваў у немцаў мой бацька. Яны ішлі ў дзень па 2 кілямэтры, і кожныя два тыдні станавіліся на перафармаваньне — а гэта азначала, што іхная частка страціла палову асабовага складу. За тры месяцы баёў вераемнасьць загінуць складала 63/64. Загінуў і іхны камандзір, генэрал арміі Чарняхоўскі, — рэдкі выпадак для вайны, калі камандуючы фронтам гіне на полі бою, а не ў сутарэньнях НКВД. У гэтым фронце было шмат беларусаў.
... Цікава, дзе быў і чым займаўся ў часе вайны бацька цяперашняга «беларуса нумар адзін»?
16.2, аўт. Неяк падзяліўся я з адным чалавекам думкай, вычытанай у Стэфана Вэйса — аўтара, лепшага за Карнэгі, але чамусьці шырока ня знанага. Дык вось, гэты мудры аўтар піша, што трэба траціць на свае патрэбы ня ўсе свае даходы за нейкі пэрыяд, а толькі 2/3 ад гэнай сумы. Я й пераказаў гэную думку аднаму свайму знаёмцу. А той ажно скрывіўся. Яму ўсяго ягонага заробку нестае, ня тое што нейкай яго часткі... Але ж няма такой малой велічыні, ад якое немагчыма было б узяць 2/3...
18.2, чц. Жыве чалавек, і здаецца яму, што навучаецца ён у сваім жыцьці то аднаму, то другому. А па сутнасьці, з гадамі набывае толькі адно ўменьне — уменьне цярпець.
Аляксандар Урбановіч
Цяпер чытаюць
«Людзі, будзьце пільныя! У такой сітуацыі можа апынуцца кожны жыхар ЕС!» Грамадзянін Літвы, асуджаны ў Беларусі да 13 гадоў за «шпіянаж», перадаў ліст з калоніі

«Людзі, будзьце пільныя! У такой сітуацыі можа апынуцца кожны жыхар ЕС!» Грамадзянін Літвы, асуджаны ў Беларусі да 13 гадоў за «шпіянаж», перадаў ліст з калоніі
«Незалежнасць не падае з неба і не даецца назаўсёды. Яе трэба абараняць». Ціханоўская выступіла з заявай да 35-годдзя прыняцця Дэкларацыі аб суверэнітэце

Каментары